Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» агучыла аповесць Міхася Зарэцкага «Кветка пажоўклая».
Ці можа быць вера ў ідэалы мацнейшая за годнасць? А што, калі праз гэтую веру чалавек даносіць на роднага брата ? Што, калі нават каханне не можа змяніць наканаванае? Гэта аповесць пра выбар, чалавечыя пачуцці, пакаянне і выхад з цягучай няўцешнасці. Ці падасца ён вам...адзіным?
Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» паўстала на пачатку гэтага года, аўтары абяцаюць агучваць творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-я гады пісьменнікаў і паэтаў.
Сёння гэтыя творы фактычна пад негалоснай забаронай у школе. «Гэтай жа літаратуры нідзе няма, нават песні ёсць на вершы расстраляных паэтаў, а вось начытаных тэкстаў не дужа і ёсць. Зразумела, шмат хто агучвае сучасныя творы — і гэта добра. Але ж гэта ніша пакуль незанятая, а яна важная», — кажуць стваральнікі праекта.