Годных прапаноў прыстойных і адносна недарагіх кватэр ў Мінску не так шмат, і іх трэба яшчэ добра пашукаць, піша citydog.io. У сваю чаргу, мінчане і тыя, хто імкнецца імі стаць, трубяць аб недахопе жылля ў двухмільённым горадзе, яго высокіх коштах і недаступнасці. Як аказалася, гэтай традыцыі ўжо больш за сотню гадоў.
У матэрыяле выкарыстоўваліся дадзеныя манаграфіі «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» Захара і Сафіі Шыбекі.
Сто гадоў таму Мінск імкліва рос і ў канцы 19-га стагоддзя сутыкнуўся з вялікім попытам на жыллё. Звязана гэта было з шэрагам прычын: і чыгункай, якая адкрылася, і са з’яўленнем фабрык з вялікай колькасцю працоўных месцаў, і масавым прыездам людзей на заробкі і закупы. Усё гэта прывяло да таго, што ў Мінску пачаў рэзка расці попыт на жыллё. Калі ў 1896 годзе ў горадзе здавалася ў арэнду 11, 6 тыс. кватэр, то да 1911 года гэтая лічба вырасла ўдвая.
Віленскі вакзал
Юбілейная плошча, 1917 год
Рынак арэнды насіў сезонны характар: пасля летняга зацішша восенню ўзлятаў попыт і кошты. Інфармацыю аб здачы кватэр домаўладальнікі размяшчалі ў газетах, часопісах, у аб’явах на фасадах або варотах будынкаў. На лістках чырвонага колеру паведамлялі аб здачы кватэры, на зялёных — пакоя.
Маглі падаваць аб’явы і ў газеты. Фота ілюстрацыйнае
Наступіла новая мінская рэальнасць арэнды жылля. З ростам попыту немагчыма было даць рады. «Мінскія медычныя весткі» ў 1911-м пісалі: «Патрэбнасць у жыллі ў Мінску <...> такая ж вялікая, як і ў самых буйных цэнтрах. Кошты на кватэры тут не ніжэйшыя, чым у Берліне ці Парыжы».
Заплаціць 150 рублёў у месяц за кватэру ў цэнтры Мінска маглі сабе дазволіць толькі вельмі забяспечаныя людзі. Для параўнання, настаўнік пачатковых класаў зарабляў 25 рублёў у месяц, выкладчык гімназіі — 60. Рабочы буйнога прадпрыемства атрымліваў 70 рублёў, а пераважная большасць рабацяг — 15-30 рублёў. Зарплата гарадавых была яшчэ ніжэйшай: усяго 13 рублёў.
Што ж адрознівала кватэры за такія казачныя грошы? Размяшчэнне і выгоды: кватэры ў даходных дамах па сваіх выгодах практычна нічым не адрозніваліся ад сучасных. Так, у доме Яніцкага (Савецкая, 14) былі ўсе даброты цывілізацыі, даступныя на той час: вадаправод, каналізацыя, ванныя пакоі і прыбіральні.
Пакоі ўпрыгожвалі абкладзеныя мастацкай пліткай каміны, дарагія дываны, адпаведная мэбля, старадаўні гадзіннік на сценах.
Арандавалі жыллё тут толькі самыя багатыя і высокапастаўленыя людзі Мінска: віцэ-губернатар Меконгаў-Каютаў, вядомы натарыус Шчарбакоў, генерал Істомін і галоўная бізнесвуман Мінска Ядвіга Кастравіцкая, якая займала 8 пакояў. А Магдалена Радзівіл, напрыклад, арандавала ўвесь першы паверх дома Амбрапольскага.
Безумоўна, такія казачныя сумы на жыллё маглі дазволіць сабе далёка не ўсё. Прасцейшыя даходныя дамы былі больш даступныя, але ні пра якую ванную гаворка, натуральна, не ішла. Змяняліся ў іх і элементы побыту.
Даходныя дамы на скрыжаванні вуліц Савецкай (пр-т Незалежнасці) і Валадарскага, 1930-я гг.
У кватэры сярэднезабяспечанага мінчука можна было ўбачыць швейную машынку (часцей за ўсё кампаніі «Зінгер»), парцалянавы і металічны посуд, бліскучы самавар (братоў Баташовых), гітары, грамафоны, ровары і іншыя прадметы дробнабуржуазнага быта.
Захаваліся такія дамы ў розных частках Мінска. У Траецкім прадмесці ў даходным доме Вігдорчыка (вул. Траецкая набярэжная, 6) здымаў кватэру Дамінік Луцэвіч — бацька Янкі Купалы. Па прыездзе ў Мінск ён працаваў рамізнікам.
Па суседстве ў даходным доме Пінхусовіча (вул. Старажоўская, 5) у асноўным размяшчаліся афіцэры расійскай імператарскай арміі
Шмат даходных дамоў было і ў яўрэйскай частцы, у тым ліку пабудаваны ў 1899 годзе даходны дом мешчаніна Штубрына.
Дом Штубрына, вул. Вызвалення, 11
Многія даходныя дамы пуставалі, паколькі простыя рабочыя не маглі сабе іх дазволіць. Яны не маглі засяліцца ў цэнтры Мінска, дзе за адзін маленькі пакойчык у 1897-м трэба было заплаціць каля 10 рублёў у месяц (паводле звестак 1913 г., сярэдні заробак занятых у прамысловасці па ўсёй Расійскай імперыі быў 24,2 руб.).
Па звестках 1903 г., працоўныя мінскіх ускраін марнавалі на арэнду жылля да 26%. Безумоўна, лічбы па факце былі большыя, бо тут не ўлічваліся выдаткі на ацяпленне і асвятленне.
Тым больш, што квартплата стала расла. Так, сярэднегадавы кошт кватэр у 1893 г. складаў 200 рублёў, а ў 1911-м — ужо 500 рублёў. Кошт пяціпакаёвак вырас з 400 да 700 рублёў. Але асабліва хутка паднімаўся цэннік на самыя хадавыя аднапакаёўкі і «двушкі». Кошт на іх вырас у 2,5 разы. Прычынай стала перанаселенасць горада, павелічэнне гарадскіх падаткаў і вялікі кошт на зямлю.
Натоўп на Ніжнім рынку
Кватэры падзяляліся на цесныя маленькія пакойчыкі. У газетах пісалі, што домаўладальнікі здавалі нават гаспадарчыя пабудовы, дзе за сцяной таўшчынёй у адну цэглу, бывала, рохкалі свінні, знаходзілася месца для дроў ці прыбіральня. Дамы былі перанаселены, асабліва ў гандлёвай частцы Мінска.
Ні пра якія санітарныя нормы размова не ішла. Вось так ацаніў умовы жылля працоўных горада адзін з мінскіх лекараў: «Мне даводзілася наведваць годныя жалю кватэры, дзе не толькі хвораму на сухоты, але і здароваму чалавеку і нават іншай жывой істоце жыць нельга. Гэта не жылыя памяшканні, а нейкія змрочныя хлявы і скляпы, поўныя волкасці і ўсялякай заразы». Але нават і такі кут быў даступны не кожнаму.
Уладальнікі фабрык і заводаў па магчымасці імкнуліся забяспечыць сваіх працаўнікоў жыллём, бо амаль усе яны былі перасяленцамі з вёсак. Умоваў у іх практычна не было, аднак выбіраць не даводзілася.
Самыя ж бедныя здымалі ложак у начлежных дамах, ці «начлежках», за 5 капеек ноч. Была нават опцыя зняць палову ложка: гэта значыць дзяліць сваё і так нязручнае ложа з незнаёмым чалавекам.
Судзячы па надпісе «Песень не спяваць! Весці сябе ціха!», на фотаздымку — адзін з такіх дамоў
У «Памятнай кніжцы Мінскай губерні і календары на 1898 год» былі напісаны абавязковыя правілы паводзін у начлежцы:
Асобы, якія шукаюць начлег, прымаюцца летам з 7 гадзін вечара, а зімой з 6 і карыстаюцца начлегам да 8 гадзін раніцы. Выйсці з начлежкі раней за 6 гадзін раніцы можна толькі з дазволу, атрыманага напярэдадні ад наглядчыка.
Адзін і той жа чалавек дапускаецца ў начлежку не больш за 5 разоў у месяц. Таму кожны начуючы павінен быў сказаць наглядчыку сваё імя і ўзрост. Увечары людзі атрымлівалі цёплую ежу ці гарбату, раніцай тры шклянкі гарбаты і кавалак хлеба. Кожнаму выдавалася начная бялізна, да гэтага чалавек павінен быў зняць сваё адзенне, вымыць ногі і рукі.
Прымаліся ў прытулак толькі цвярозыя. Гучныя размовы, песні, картачныя гульні, курэнне і распіццё строга забараняліся.
Фота: Megapolis-real.by, Pastvu.com, Wikipedia.org, Problr.by, Realt.onliner.by, Travel.by, Minsknews.by, Vadim-i-z.livejournal.com, CityDog.io, Veloby.net, Pikabu.ru, Planetabelarus.by, Tvoya-stolica.livejournal.com.