З 29 кастрычніка па 26 лістапада ў канцэртнай зале Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа ў другі раз пройдзе Міжнароднае свята арганнай музыкі «Арганы Еўропы гучаць у Гродне». Канцэрты адбудуцца 29 кастрычніка і 5, 12, 19 і 26 лістапада, паведамілі ў каледжы.
Першы канцэрт 29 кастрычніка дасць арганіст лютэранскай і каталіцкай катэдраў Вільні лаўрэат міжнародных конкурсаў арганнай музыкі ураджэнец Беларусі Аляксандр Ісакаў. Затым пройдуць канцэрты лаўрэата міжнародных конкурсаў арганіста з Беластока Юзэфа Катовіча, аднаго з выбітных сучасных нямецкіх выканаўцаў арганнай музыкі Іаганеса Геферта, вядомага італьянскага арганіста-імправізатара Эўджэніё Марыі Фаджыяні і музычнага дырэктара Англіканскай Царквы ў Польшчы, арганіста касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Варшаве Расціслава Выграненкі.
Да паслуг музыкаў і увазе слухачоў — унікальны ў сваім родзе, адзіны не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі СНД арган «Magnus Silesia Royal», пры стварэнні якога выкарыстаны найноўшыя дасягненні гукаінжынерных і камп’ютэрных тэхналогій, якія дазваляюць прайграць сапраўднае тэмбравае гучанне рэальна існуючых арганаў Еўропы, запісаных у памяць прылады.