Археолагі — маргіналы, якія калупаюцца ў смецці і адкопваюць нябожчыкаў. Назву сабе прыдумалі прыгожую, узялі са старагрэцкай αρχαιος — старажытны + λογος — слова, вучэнне. Атрымалася «навука пра старажытнасці». Да археалогіі доўга з лёгкай пагардай ставіліся нават прафесійныя гісторыкі. Кажуць, вядомы прафесар Абэцэдарскі называў яе «чарапкалогіяй».
Насамрэч археалогія адкрыла нам Беларусь, найперш яе пачаткі. Аматарскае захапленне старажытнымі рэчамі перарасло ў навуку ў Беларусі даволі рана — ужо ў пачатку ХІХ ст. дзякуючы братам графам Тышкевічам Яўстафію і Канстанціну. У 1855 г. яны стварылі Віленскі музей старажытнасцей з грунтоўнай археалагічнай калекцыяй, сабранай на беларускіх землях.
Віленскі музей старажытнасцяў
Паступова храналагічныя рамкі археалогіі падымаліся ўсё вышэй ад каменнага веку да Сярэднявечча і Новага часу, а сёння ўжо нікога не дзівяць навуковыя раскопкі аб’ектаў ХХ ст., як, напрыклад, прамысловых будынкаў ці пахаванняў часоў Другой сусветнай вайны і ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У ХХ ст., эпоху індустрыялізацыі, асабліва расквітнела г. зв. выратавальная археалогія — на месцы будоўляў. А яшчэ ёсць «жанравы» падзел, напрыклад, архітэктурная, падводная археалогія...
Няпростая гэта справа — па парэштках гістарычнага смецця аднаўляць жыццё старажытных грамадстваў. Археолагі пастаянна вышукваюць усё новыя, больш вытанчаныя і складаныя метады выцягвання інфармацыі з артэфактаў, выкарыстоўваюць найноўшыя дасягненні фізікі і хіміі.
Сапраўдным навуковым прарывам стала эксперыментальная археалогія, калі даследчык нешта вырабляе па старадаўніх тэхналогіях ці на практыцы правярае функцыю нейкай прылады працы, побытавай рэчы ці зброі.
Эксперыментальная археалогія
І тут навукоўцаў чакала шмат неспадзянак. Напрыклад, выявілася, што баявы жалезны шчыт абараняе ваяра горш за драўляны, абцягнуты гартаванай валовай шкурай (бо яна спружыніць, і варожы меч ад яе адскоквае).
Гісторыкі ў Беларусі маюць праблемы з сярэднявечнымі пісьмовымі крыніцамі: іх проста няма для Х—ХІІ стст. (за выключэннем некалькіх летапісаў з суседніх краінаў) і вельмі мала з ХІІІ—XV стст. Тут ужо хочаш не хочаш, мусіш спадзявацца на археолагаў. А з імі было цяжка, менавіта з кадрамі. Беларуская археалагічная школа — адна з найлепшых у СССР, якая пачыналася яшчэ з Інбелкульта — была фізічна вынішчаная сталіністамі. Пасля Другой сусветнай вайны беларуская археалогія пачыналася фактычна з нуля. У першыя паваенныя гады раскопкі на тэрыторыі Беларусі вялі адно расейска-савецкія археолагі з Масквы і Ленінграда.
Паступова падрасталі ўласныя кадры, і за паўвека да канца стагоддзя яны перавярнулі горы зямлі і накапалі мора артэфактаў. Праўда, сваімі дасягненнямі і адкрыццямі не надта маглі хваліцца і выстаўляцца (напрыклад, выяўляць сувязі з заходнееўрапейскай цывілізацыяй), бо ў Савецкім Саюзе беларусам ва ўсім належала быць трохі ззаду, услед за вялікім братам.
Вось, напрыклад, сярэднявечныя шахматы. У спецыяльнай манаграфіі, створанай у Маскве, напісана пра з’яўленне іх на ўсходнеславянскіх землях не з Усходу, а з Заходняй Еўропы; пра асаблівы стыль шахматных фігурак, які аўтар прапанаваў назваць «древнерусским». Але калі глянуць на прыкладзеную карту знаходак тых фігурак, то больш за 90% з іх паходзяць з Беларусі, г. зн сёння мы з поўным правам можам называць іх старабеларускімі.
Шахматная ладдзя
Насамрэч за паўвека беларускія археолагі зрабілі шмат. Асабліва ўражальныя адкрыцці ў галіне сярэднявечнай гарадской культуры. Напрыклад, археалогія дадала па два з паловай стагоддзі ўзросту гарадам Панямоння. Першыя пісьмовыя звесткі пра Наваградак, Ваўкавыск, Слонім адносяцца да сярэдзіны ХІІІ ст. (толькі пра Гародню кіеўскі летапісец узгадваў яшчэ ў ХІІ ст.), а насамрэч яны ўзніклі ў канцы Х ст. Адкапаныя парэшткі цэркваў ХІІ ст. у Гародні і Ваўкавыску выліліся ў адкрыццё ўнікальнай гарадзенскай школы мураванай архітэктуры (ад яе на паверхні зямлі засталася толькі знакамітая Каложа).
Адзін з найлепшых прыкладаў дасягненняў беларускіх археолагаў — абвяржэнне міфа пра ўсеагульную сярэднявечную непісьменнасць.
Сярэднявечныя графіці
Сярод знаходак у старажытных гарадах акрамя парэшткаў дарагіх рукапісных кніг (спецыяльныя зашчэпкі з вокладак), ды некалькіх берасцяных грамат — шматлікія побытавыя рэчы з надпісамі, графіці. На амфарах, прасліцах і іншых рэчах, кшталту: «Бабино праслен» (Віцебск), «Ярополче вино» (Пінск), «Настасино праслене» (Пінск). У Берасці нават знайшлі грабеньчык, на якім выдрапаныя літары алфавіту — ад «а» да «л» — дапаможнік вучню ў навуцы пісьма.
Грэбень з алфавітам
Археалогія ў Беларусі далёка яшчэ не вычарпала свой патэнцыял. Самая вялікая яе праблема — знішчэнне аб’ектаў даследавання, археалагічных помнікаў, якая набрала масавы характар у эпоху індустрыялізацыі і яшчэ больш узмацнілася ў ХХІ ст. Краіна раіцца ад «чорных» камерцыйных капальнікаў. Адна з прычын — у Беларусі не дзейнічаюць законы. За ўсю гісторыю БССР і РБ не было ніводнай крымінальнай справы за знішчэнне помнікаў мінулых эпохаў.
Шэрагі беларускіх археолагаў парадзелі, але яны не здаюцца — працягваюць капаць...
Канстанцін Семяновіч
Чытайце яшчэ:
«Трава з ХІІ ст. зялёная і пахне...» Неспадзяванкі беларускіх археолагаў