19 красавіка беларусы мелі юбілей — 145 гадоў з дня нараджэння Усевалада Ігнатоўскага, выдатнага беларускага гісторыка, публіцыста і грамадскага дзеяча, які яшчэ пры жыцці стаў сапраўднай легендай. Яму зайздросцілі сучаснікі, яго паважалі праціўнікі, а беларуская моладзь раўнялася на яго. Кім жа быў чалавек, які доўгі час займаў ключавыя пасады ў БССР, а ў выніку абраў сам сабе смерць? Давайце паспрабуем разабрацца.

Усевалад Ігнатоўскі ў пачатку 1920-х
Усевалад Ігнатоўскі нарадзіўся 19 красавіка 1881 года ў невялічкай вёсачцы Такары, якая сёння знаходзіцца ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, а тады належала да Гродзенскай губерні. Вёска гэтая знаходзіцца на самым беларуска-польскім памежжы і ўжо праз колькі кіламетраў, але па іншы бок мяжы знаходзіцца вёска з такой самай назвай — Tokary. Часам акурат гэты населены пункт Беласточчыны памылкова ўказваюць у якасці месца нараджэння Ігнатоўскага.
Сям’я была шматдзетнай, таму жылі даволі бедна. Бацька не настойваў на тым, каб сын пайшоў ягонай сцяжынай, але Ігнатоўскі таксама атрымаў духоўную адукацыю. Прычым не абы-якую: скончыў Віленскае духоўнае вучылішча, затым былі пяць класаў Літоўскай духоўнай семінарыі, якую аднак будучы гісторык скончыць не здолеў — быў выключаны за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях моладзі. Але ў 1902 годзе ён скончыў Магілёўскую семінарыю.
Пасля будзе вучоба ў Санкт-Пецярбургу, якая перарвецца «па зразумелых прычынах» у 1905 годзе — Ігнатоўскі не быў у стане аплаціць вучобу. Да ўсяго скажацца і параза рэвалюцыі «Першай рускай рэвалюцыі» 1905 года і рэакцыя пасля яе, якія закрануць і непасрэдна яго. За ўдзел у рэвалюцыйным руху ён будзе адпраўлены ў высылку і пазней здолее аднавіцца ўжо толькі ў 1909 годзе, але ў Юр’еўскім інстытуце (цяперашні эстонскі Тарту), які з поспехам скончыць у 1911 годзе. У 1912-1914 гадах ён пачне працаваць выкладчыкам у Віленскай жаночай гімназіі, а ў 1914-1919 гадах будзе выкладчыкам Настаўніцкага інстытута ў Мінску. У гэты час, дарэчы, будзе выкладаць і на курсах беларусазнаўства, якія былі арганізаваныя Народным Сакратарыятам асветы БНР у красавіку 1918 года.
Несумненна зорны час Усевалада Ігнатоўскага — гэта 1920-я гады. У 1920 годзе разам з Міхасём Чаротам, Міхаілам Гурыным ды іншымі маладзейшымі радыкальнымі камуністамі нацыянальнага кшталту ён стварае Беларускую камуністычную арганізацыю — фактычна парамілітарную структуру, якая ставіць галоўнай сваёй мэтай змаганне з польскімі ўладамі.
У ліпені 1920 года, пасля таго, як польскія войскі пакінулі Беларусь, менавіта Усевалад Ігнатоўскі паставіць свой подпіс пад «Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь». Пасля гэтай падзеі дзейнасць арганізацыі пойдзе на спад, бо галоўная яе мэта будзе выканана.
З 1921 года Усевалад Ігнатоўскі будзе наймаць пасаду наркома асветы, а паралельна выкладаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які з’явіцца ў тым самым годзе. У той жа час пабачаць свет яго знакаміты «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі», які будзе карыстацца шалёным поспехам у студэнтаў і проста не абыякавых да мінулага беларусаў і вытрымае некалькі перавыданняў, прычым у розных краінах.

Вокладка «Кароткага нарыса гісторыі Беларусі», 1926 год
У прадмове да 4-га выдання, якое пабачыла свет у 1926 годзе, Усевалад Ігнатоўскі ўласнаруч апісаў пакручастую гісторыю гэтай кнігі:
«Кароткі нарыс гісторыі Беларусі зьявіўся першы раз у друку ў цяжкія часы бела-польскай окупацыі, у 1919 годзе. «Нарыс» злажыўся з лекцый, якія аўтарам чыталіся для настаўнікаў пачатковых школ Меншчыны. Польская цэнзура выкасавала каля трэцяй часткі рукапісу, і кніжка вышла з друку скарочанаю і папсованаю. Копіі рукапісу ў аўтара не асталося; аўтэнтык польскі «wydzial рrаsу» з друкарні забраў сабе. Нягледзячы на «zezwolenie» цэнзуры, окупацыйны ўрад праз нейкі час хапіўся і даў загад конфіскаваць кніжку. Студэнтам Пэдагогічнага Менскага інстытуту ўдалося забраць каля тысячы экзэмпляраў, а дзьве тысячы конфіскована. Гэтыя дзьве тысячы «Нарысу» белапалякі, уцякаючы з Менску летам 1920 г., кінулі i, такім спосабам, з перамогаю Кастрычніка, «Нарыс» вышаў на сьвет з поліцэйскай каморы.
У 1921 годзе вышлі два выданьні «Нарысу». Другое выданьне бяз ведама аўтара вышла ў Вільні. Нам невядома, як яно вышла, але на кніжцы няма цэнзурнай паметкі «z zezwolenia wladz». Другое выданьне зьяўляецца перадрукам з першага выданьня без перамен.
Трэцяе выданьне «Нарысу» вышла ў Менску, ужо вольным ад белапалякаў, крыху пазьней за другое, бо аўтар унёс у «Нарыс» некаторыя папраўкі, на што патрэбен быў час. Такім спосабам, 3-е выданьне вышла ў сьвет крыху папраўленым і дапоўненым.
Попыт на кніжку не прыпыніўся й цяпер. Па пропозыцыі Дзяржаўнага Выдавецтва аўтар яшчэ раз пераглядзеў кніжку, унёс у яе тое, што дала навука аб Беларусі за апошнія гады, і пусьціў яе ў людзі.
Аўтар выказвае шчырую падзяку т-шу Я. Лёсіку, каторы згадзіўся ўзяць на сябе працу падабраць адпаведныя малюнкі да тэксту кніжкі. Дзякуючы гэтай працы, чацьвертае выданьне кніжкі будзе ілюстраваным».

Усевалад Ігнатоўскі на старонках беларускага друку
З 1925 года Усевалад Ігнатоўскі ўзначальваў яшчэ і Інстытут беларускай культуры, які да гэтага ачольваў мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч. А самаго Ігнатоўскага на пасадзе наркама асветы замяніў Антон Баліцкі, які ў Інбелкульце кіраваў секцыяй беларускай мовы і літаратуры. Што характэрна — абодва дзеячы былі не проста чыноўнікамі або партыйнымі функцыянерамі, а людзьмі, апантанымі развіццём беларускай культуры.
Акурат пры Ігнатоўскім Інбелкульт за нейкія 2-3 гады ператварыўся ў паўнакроўную Акадэмію навук, а сам Ігнатоўскі стаў першым прэзідэнтам новай установы. Ці справядліва гэта? Абсалютна, бо менавіта ён быў адным з тых, хто стаў рухавіком такога перафарматавання.
Ігнатоўскі лічыў, што беларусам трэба як найхутчэй займець сваю акадэмію па ўзору больш развітых нацый — французаў, ангельцаў, немцаў, расейцаў. Для гэтага ён быў найперш патрабавальны да самога сябе, а ўжо потым і да падначаленых. Многія з правадзейных сябраў Інбелкульту, пачынаючы ад топавых персон, уключаючы і яго самога, працавалі па першым часе проста на грамадскіх пачатках — то-бок без аплаты і ў вольны ад асноўнай працы час. І Усевалад Ігнатоўскі, канешне ж, падаваў у гэтым прыклад, за што простыя бюракраты, мякка кажучы, недалюблівалі яго.
Усевалад Ігнатоўскі і Антон Баліцкі выдаткоўвалі вялікую колькасць высілкаў і ўласнага часу на развіццё беларускай культуры — прымалі ўдзел у літаратурным і культурніцкім жыцці краіны, публікаваліся на старонках беларускіх часопісаў і газет, давалі зялёнае святло маладзейшым, натхнялі іх і матывавалі ўласным прыкладам.
Калі ў 1923 годзе паўстаў «Маладняк», Усевалад Ігнатоўскі адгукнуўся на яго з’яўленне публіцыстычным артыкулам, які быў надрукаваны ў першым нумары аднайменнага альманаху.

Допіс Усевалада Ігнатоўскага ў часопісе «Маладняк», 1923 год
Акурат Ігнатоўскі быў прысутным на знакавай сустрэчы маладых паэтаў і пісьменікаў у траўні 1926 года, калі адбыўся раскол «Маладняка» і на літаратурнай сцэне з’явілася «Узвышша» — літаратурнае аб’яднанне, якое сабрала ўсе вяршкі — найлепшыя паэты і пісьменнікі аказаліся менавіта ў ім.
У гэтым няма ніякага дзіва, бо Ігнатоўскі ўсяляк стымуляваў творчую моладзь да актыўнага жыцця, адбіраючы найлепшыя і пасіянарныя кадры. Ён разам з Баліцкім імкнуўся ўсяляк спрыяць тым маладым творцам, якія хацелі не толькі проста адвучыцца ці пабудаваць кар’еру, але былі гатовыя таксама пісаць у вольны ад працы або вучобы час.
Усевалад Ігнатоўскі быў адным з тых, хто распрацаваў уласнабеларускую канцэпцыю гісторыі. Да яго і Мітрафана Доўнар-Запольскага, публіцысты і папулярызатары, уключаючы Вацлава Ластоўскага, карысталіся ў асноўным даробкам вучоных суседніх народаў.
Ігнатоўскі ж сам узяўся даследаваць такія «гарачыя» і даволі неадназначныя тэмы, як паўстанне 1863 года. Акурат яму ён прысвяціў цэлую манаграфію, адзначыўся таксама і шэрагам артыкулаў пра Кастуся Каліноўскага, вяртаючы з забыцця аднаго з паўстанцкіх правадыроў.
У сваім «нарысе» сфармуляваў таксама думку пра адвечную нешчаслівую беларускую долю, якую потым шматкроць паўтарылі лічы слова ў слова іншыя аўтары:
«Рэдка калі ў часы свайго мінулага жыцьця бачыла Беларусь супакой: Знаходзячыся ў сярэдзіне Эўропы, яна была тым месцам, дзе стыкаліся экономічныя інтарэсы Захаду і Ўсходу. Тут вельмі часта адбываліся вялікія войны. Беларусь заліта крывёю і ўсыпана касьцьмі ня толькі яе насельнікаў, але і другіх народаў Эўропы і Азіі. Курганы, якія раскіданы па ўсёй Беларусі, сьведчаць і гавораць маўчком аб тым, што калісь тут было. Цяжкае, гаротнае мінулае нашай старонкі як-бы налажыла на яе твар сваю пячатку, спавіло яе горам і пакутаю. Над краем як-бы вісьне векавечная скарга на цяжкую долю, і вісьне ціхі смутак».
Нешчаслівым склалася і жыццё самога Ігнатоўскага. Калі ў 1930 годзе закруцілася справа надуманага «Саюза вызвалення Беларусі», а за кратамі апынуліся прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, прыйшлі і па Ігнатоўскага. Што праўда, яго не арыштавалі, але цягалі на допыты. Да таго ж пазбавілі ўсіх пасад і рэгалій. Фактычна жыццё аказалася паламаным і бессэнсоўным, таму ён прыняў хіба што адзінае, як яму падавалася, вернае рашэнне ў такой сітуацыі — застрэліцца. Што і зрабіў 4 лютага 1931 года.
Хавалі архітэктара беларусізацыі, стваральніка беларускай гісторыі і першага прэзідэнта Беларускай акадэміі навук з усімі належнымі ўрачыстасцямі. На Вайсковых могілках, дзе развітваліся з вучоным, было шматлюдна, але на дзіва маўкліва, бо ўлады ўсяляк імкнуліся паскорыць жалобную працэсію. Сучаснікі прыгадвалі, што нягледзячы на ўсю патавасць сітуацыі, ніхто не чакаў менавіта такой трагічнай развязкі.

Мемарыяльная дошка Усеваладу Ігнатоўскаму на будынку Камянецкай бібліятэкі. Фота з Вікіпедыі
Сёння вуліцы Усевалада Ігнатоўскага, які ў літаральным сэнсе аддаў жыццё за Беларусь, ёсць у Мінску і ў яго родных Такарах на Берасцейшчыне.
Філіп Бігасаў, budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.