Арцём Баўцёнак: «У Батумі адчуваеш сябе беларусам больш, чым у Беларусі»

Беларускамоўны масажыст Арцём Баўцёнак жыве ў Батумі. Ён выпрацаваў унікальную аўтарскую тэхніку працы з гарачымі камянямі і робіць суайчыннікам зніжкі ў палову кошту. Мы пагутарылі з майстрам пра яго шлях да беларушчыны, тату з нацыянальным арнаментам, працу, беларускую мову і эміграцыю.

 Arciom Baŭcionak
Арцём Баўцёнак. Фота з асабістага архіва

Беларускамоўнасць

У мяне заўсёды было шмат сяброў, у тым ліку шмат беларускамоўных. Сам я пачаў больш размаўляць па-беларуску пасля 2020 г., калі мне было трыццаць год. Тады быў моцны нацыянальны ўздым, з’явілася шмат беларускамоўных сервісаў, шмат хто насіў адзенне і аксесуары з нацыянальнымі сімваламі альбо ў бела-чырвонай гаме. Таму рэакцыя больш размаўляць па-беларуску была цалкам натуральнай. Цяпер я думаю па-беларуску. Да эміграцыі такога не было.

Arciom Baŭcionak
Тату Арцёма Баўцёнка. Фота з асабістага архіва

Тату з нацыянальным арнаментам

У 2020 г. я зрабіў татуіроўку з нацыянальным арнаментам. Я заўжды хацеў нейкае тату з нацыянальнай сімволікай. Спачатку думаў набіць Пагоню, але ў мяне сябра акурат яе вытатуяваў, і вусаты вершнік атрымаўся падобным да Лукашэнкі. Я такога сабе не хацеў, Лукашэнку на кані. Тады знайшоў узор у Азбуцы арнаментаў. Для мяне гэта мужчынскі сімвал, сімвал агню, мужчынскай энергіі. Ён вельмі лаканічны, просты. Гэты ж знак выкарыстоўваю як лагатып для свайго цёплага масажу.

Эміграцыя

Я прыехаў у Батумі 7 красавіка 2024 г. з адной валізай і 300 далярамі ў кішэні. Мне давялося ўцякаць з Беларусі. Пасядзеў 13 содняў у родным Наваполацку, выйшаў. Потым у пракуратуры мяне папярэдзілі: калі будзе другі суд па палітычнай справе за год, то адразу крыміналка. Далі падпісаць паперу, што я пра гэта паінфармаваны. Ну, я купіў білет на аўтобус «Мінск — Батумі» і паехаў.

Беларусы Батумі

Калі я прыехаў, мне моцна дапамаглі сябры ў Батумі, пазычылі грошы на першы час. 

Акрамя таго, што дыяспара тут вельмі згуртаваная, яна яшчэ і вельмі беларуска-арыентаваная. Калі ў Наваполацку гаворыш па-беларуску, на цябе глядзяць як на дзівака, які прыехаў з вёскі і не ведае, як тут размаўляюць «нармальныя людзі». А ў Батумі адчуваеш сябе беларусам больш, чым у Беларусі.

Захаванне беларушчыны ў эміграцыі

Спачатку я хадзіў на беларускамоўны нэтворкінг у Батумі, пакуль там было шмат людзей. Потым сталі менш збірацца, шмат людзей з’ехала з Грузіі. Я не цікаўлюся, напрыклад, беларускімі спевамі, танцамі. 

Увогуле мне дастаткова размаўляць па-беларуску, каб адчуваць сябе беларусам.

Беларускасць — яна ў кожнага свая. Хтосьці мае патрэбу яе дэманстраваць, а хтосьці пражывае гэта ў сабе. Яму не трэба нікому даводзіць, што ён беларус. 

Больш за палову навін, якія я чытаю — па-беларуску. Я больш-менш у курсе таго, што робіцца ў Беларусі, асабліва калі нешта важнае здараецца. Мне цікавыя агульнабеларускія навіны, а лакальныя, з майго роднага Наваполацка — не надта. Гэта горад, з якога ўсе ўцякаюць, з кепскай экалагічнай сітуацыяй, вялікім забруджваннем, вельмі дэпрэсіўны.

Я б не сказаў, што па чымсьці беларускім моцна сумую. Ну, часам кілбасы, сыру альбо вострых чыпсаў куплю ў крамах беларускіх тавараў (іх у Батумі тры).

Аўтарская тэхніка масажу

Я працую ў класічных еўрапейскіх тэхніках ручнога масажу. Мая асабістая распрацоўка — масаж гарачымі камянямі. Так больш ніхто не робіць. Ва ўсіх камяні проста ляжаць як дэкарацыя, крышку грэюць. А я раблю імі менавіта актыўныя масажныя рухі. Калі людзі, не ведаючы, чуюць пра «масаж гарачымі камянямі», яны адразу пужаюцца, бо думаюць, што гэта балюча. Я прапаную прынамсі паспрабаваць, і тады ўжо часта кліенты кажуць, што цяпер будуць да мяне прыходзіць толькі на такі масаж, таму што гэта вельмі прыемна. Масажыст — вельмі творчая прафесія, кожны працуе па-рознаму. Вельмі істотна знайсці «свайго» майстра.

Улетку цёплы масаж таксама актуальны: жыхары Батумі і турысты ходзяць у горы, займаюцца рознымі відамі спорту, у іх баляць цягліцы ад напругі. А акурат гарачыя камяні добра расслабляюць. Іх можна выкарыстоўваць круглы год.

Padarunkavyja siertyfikaty na ciopły masažПадарункавыя сертыфікаты на цёплы масаж. Фота з асабістага архіва

Навошта кліенты ідуць на масаж

Для некаторых масаж — гэта магчымасць схавацца недзе ў цішыні, каб ніхто іх не чапаў. Камусьці проста пагутарыць цікава. Хтосьці прыходзіць, таму што проста падабаецца масаж. У кагосьці нешта баліць. 

Калі ўзнікаюць праблемы са здароўем, іх лепш вырашыць як мага раней. На пачатковым этапе можа дапамагчы ў тым ліку масаж. Можна зняць боль у цягліцах, расслабіць іх. Чалавек адразу ж адчувае сябе лепш. Яму камфортней спаць, працаваць. Шмат людзей не ведае, што масаж можа так дзейнічаць, бо хадзілі да майстра толькі ў паліклініку, дзе іх, умоўна кажучы, дзесяць хвілін лупілі кулаком па спіне. У мяне акуратны індывідуальны падыход і адмысловая масажная атмасфера: прыцемкі, нейтральная музыка, цёпла — каб чалавеку было камфортна, каб ён змог у тым ліку адпачыць.

Зніжкі беларусам

Беларусы — мае найлепшыя, самыя прыемныя кліенты. Палова з тых, хто прыходзіць да мяне на масаж, — гэта беларусы. Я ім даю зніжку 50 адсоткаў. Прыемна, канечне, калі чалавек беларускамоўны, тады з ім і гутарка ідзе лягчэй, хутчэй знаходзіш кантакт. Але і рускамоўных беларусаў запрашаю па зніжках. Я размаўляю з беларусамі толькі па-беларуску, нават калі яны рускамоўныя. Вельмі часта мне па-беларуску пачынаюць адказваць. Людзям прыемна пагутарыць са сваім па-свойму. 

Другая палова маіх кліентаў — гэта ўкраінцы, расіяне, трошку грузінаў. У Грузіі няма культуры прэвентыўна клапаціцца пра сваё здароўе. Беларусы ў гэтым плане ўсё ж больш еўрапейцы. Улетку сярод кліентаў становіцца больш турыстаў, а ў несезон ходзяць тыя, хто стала жыве ў Батумі.

Усіх запрашаю аздаравіцца, расслабіцца і проста пагутарыць.

Алеся Лях, budzma.org