Якое дачыненне меў нямецкі перашадрукар Ёган Гутэнберг да Беларусі 2026 года? Пра гэта новая “Казка жыцця” ад Яны Вольскай.
– Гэта надзвычайна, – агаломшана прамовіў цясляр Зацбах, паварочваючы твар да чалавека, які ў гэты момант выступіў з ценю ў куце майстэрні. У вачах чалавека блішчэлі вагеньчыкі.
– Але гэта наш самы вялікі і важны сакрэт, Конрад, – адгукнуўся чалавек, падыходзячы яшчэ бліжэй.
Ён паднёс твар зусім блізка да твару Конрада і праз імгненьне яны абодва засьмяяліся. Толькі што ў іх на вачах стары сьвет зьмяніўся, і з-пад рукі цесляра нараджалася новая гісторыя. Раскалены мэтал ліўся ў драўляныя мяхі, і Конрад моцна трымаў іх, каб не апячы рукі.
– Гэта табе ня бульба ў мундырах, – весела заўважыў Зацбах.
Побач зь ім стаяў вялікі майстар Гутэнбэрг.
– Але, павер, і ў мундыраў, і ў каралеўскіх мантыяў, вой, які будзе інтарэс да гэтай вынаходкі, – прадбачліва адгукнуўся ён.
– Што ж нам рабіць?! – занепакоана азваўся Конрад. – Я чуў, як ўчора браты Дрыцаны паўтаралі між сабой “таемныя веды”, “чорная магія”. І наўрад ці яны мелі на ўвазе сваю заўчорашнюю папойку ў манастырскай кнайпе!
– Шпіндэль, плацен, пуансон, – выразна вымаўляючы кожнае слова, прагаварыў майстар.
– Калі б яны зараз нас чулі, дык дакладна б вырашылі, што гэта заклён, – схапіўся ад сьмеху за жывот Конрад.
– Падзялі прыладу на часткі, – сур’ёзна сказаў Гутэнбэрг. – Тады ніхто не здагадаецца пра яе сапраўднае прызначэньне. – І нікому не кажы пра тое, што экспэрымент удаўся.
– А ўсе ж перакананыя, што мы тут люстры вырабляем для паломнікаў у Ахэн, – аніяк не мог супакоіцца Конрад, зь якога скінулася напруга некалькіх месяцаў, пакуль яны з майстрам Ёганам падбіралі сплавы, вымяралі шырыню і даўжыню кожнай літары, кожнага знака, майстравалі мяхі і мэханізмы тае фантастычнае машыны, якая цяпер мусіць перамяніць жыцьцё кожнага чалавека ў іхнім горадзе. Ды што горадзе, можа, нават краіны!
– Што да люстраў, – таямніча азваўся майстар Ёган. – Падыдзі сюды і я пакажу табе адно зь іх.
Конрад падышоў і пабачыў плойму вагнутых люстраў, якія яны вырабілі некалькі месяцаў таму. Вырабілі, бо вернікі верылі, што ў люстры можна злавіць цудадзейныя промні абразоў падчас пілігрымкі. І вось іх камерцыйны праект цяпер валяецца ў майстэрні, бо пілігрымку скасавалі праз новую эпідэмію, якая ўварвалася ў краіну.
– Бачыш? – Ёган паказаў на адное люстра, якое прамянілася сьвятлом. – Гэта люстра будучыні.

Конрад ведаў, што майстар па-д'ябальску геніяльны, але ў гэты момант ён завагаўся, ці той не звар'яцеў. Ён з недаверам паглядзеў на люстра.
– Я бачыў у яго, што мы ўсё ж вынайдзем машыну! – жарсна сказаў Ёган. – Давай паглядзім разам, што нас чакае далей!
Яны павярнулі да сябе люстра і Конрад сапраўды ўгледзеў як праз амальгаму праступаюць дзіўныя выявы: ён пабачыў аркушы паперы з філіграннымі літарамі на іх, дасканалыя радкі, якія адзін за адным выскокваюць са станка.
– Што я табе казаў? – прашаптаў Ёган. – Бачыш?
Малюнкі мільганулі і перад імі паўстаў сярэднявечны Майнц і Кракаў, кнігі, дзясяткі, сотні, тысячы кнігаў.
– Ох і не спадабаецца гэта шляхцюкам, калі гэта праўда. – заўважыў Конрад. – Гэта ж кожная прачка ды кожны пекар будуць чытаць, як граф ды князь. Але ці праўда?
Ёган працягваў углядацца ў люстра:
– Рашэньнем КГБ ад 16.02.2026 № 4/41-30 прызнаць Гутэнбэрга эстрэмісцкім фармаваньнем і забараніць ягоную дзейнасць.
– Шпіндэль, плацен, пуансон! – прысьвіснуў Гутэнбэрг. – 2026 год?
Яна Вольская, Budzma.org