21 траўня 2011 у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылося наша падарожжа па Астравеччыне. Большасць помнікаў, што давялося пабачыць, — каталіцкія касцёлы, але кожны з іх цудоўна захаваўся і мае ўласнае аблічча, не падобнае да іншых. І не дзіва! Бо на зямлі Казіміра Сваяка і Адама Мальдзіса “прычыненне шкоды” такім культавым аб’ектам не толькі “караецца па законе” Рэспублікі Беларусь (як сведчыць ахоўная шыльда), але і вышэйшымі сіламі — па ўласным законе. На дзвярах шматлікіх храмаў былі заўважаныя адмысловыя налепкі з папярэджаннем, што “аб’ект пад аховай анёлаў”. Шляхецкія сядзібы пад нябесную юрысдыкцыю, відавочна, не трапілі. Таму нам выпала сузіраць толькі адну — Мар’яна Богуша-Шышкі ў Тракеніках, што цудам не была зруйнаваная землятрусам 1908 г.
Гудагай: каўчэг пані Людвікі
Першым прыпынкам (прытулкам?) нашай падарожнай кампаніі стаўся гудагайскі касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Наш гід Аляксей Фралоў адразу ж трапна ахрысціў яго каўчэгам. Пабудаваны наш “каўчэг” быў, што праўда, значна пазней за Ноевы — у 1763 г., але таксама з дрэва. І выратаваў нас менавіта ён, своечасова схаваўшы ад дажджу, што якраз набіраў моцы. Калі ж выйшлі на двор, то ўся вёска зіхацела ад сонечных промняў. Малюнак — проста цуд!
Але славіцца Гудагай не столькі цудоўнымі краявідамі, колькі цудадзейнай іконай Божай Маці. Невялікі абраз (31,2 х 27,7см) значна старэйшы за касцёл і ўжо палову тысячагоддзя дорыць Божую ласку тым, хто звяртаецца да Божай Маці з малітвамі аб заступніцтве.
Сам жа касцёл колісь пабудаваны пры фундацыі пані Людвікі Ганны Война з Сулістроўскіх, уладальніцы Гудагая, адмыслова для цудатворнай іконы, што была перанесеная ў яго са сціплай капліцы. Сваёй апекаю над абразам пані Война спадзявалася вымаліць вечнае збавенне для душы забітага рабаўнікамі першага мужа. Сёння касцёл выглядае надзвычай прасторным і асабліва ўтульным, са сціплай, але густоўнай разьбою-аздобай, якой упрыгожаны нават… уласны арган!
Камендатура памежнай службы: узор гасціннасці
Пасля касцёла па раўнюткай асфальтаванай дарозе паехалі да памежнікаў. Нячаста на гэтай дарозе з’яўляецца турыстычны аўтобус! Гэтым разам мы атрымалі незвычайную магчымасць наведаць размяшчэнне аднаго з 5 атрадаў памежнай службы Рэспублікі Беларусь. Гэта побач з чыгуначнай станцыяй Гудагай. Гэты прыпынак добра знаёмы тым, хто часта дабіраецца да Вільні чыгункаю. Тады мы маем магчымасць пабачыць нашых памежнікаў у працы. А тут яшчэ пабачылі, дзе і як яны жывуць. Даведаліся пра гісторыю памежных войскаў з вуснаў гісторыка, а сёння яфрэйтара Сержука Кудзякіна. Гучным брэхам нас прывіталі службовыя сабачкі, уразіў муляж КСП — кантрольна-следавой паласы — і салдацкае меню: як выявілася, ледзь не штодзённа беларускія памежнікі ядуць грэчку! Так што, калі хтось праз ажыятаж апошняга года ўжо забыўся на смак гэтага цудоўнага прадукту — ласкава просім у армію! Памежнікі актыўна запрашалі нас заставацца служыць. Асабліва дзяўчат.
Астравец: прысталічны рэгіён
Першыя згадкі пра Астравец з’явіліся ў XV стагоддзі. Звязаныя яны былі з магутным у той час родам Гаштольдаў. І ўжо тады ж згадваўся касцёл у Астраўцы. Той касцёл, што пабачылі мы, нашмат пазнейшы, пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя ў стылі барока. А амаль праз 100 гадоў пасля паўстання 1863—1864 гг. будынак касцёла перадалі праваслаўнай царкве. І гэта адбілася на вонкавым выглядзе — з’явіўся порцік з калонамі і франтон з візантыйскімі нішамі…
А ўвогуле гісторыя Астраўца бурлівая і разнастайная. Яшчэ ад Гаштольдаў тут актыўна гандлявалі, прысталічнасць рэгіёна дадавала прэстыжнасці — ваколіцы Астраўца актыўна забудоўваліся магнацкімі летнімі рэзідэнцыямі. Доўгі час мястэчкам валодаў вядомы род Корсакаў, а пасля іх — Абрамовічы.
Астравецкі касцёл святых Космы і Даміяна запомніўся збольшага… абкладамі абразоў. Кожны з іх унікальны! Як будзеце ў Астраўцы — абавязкова звярніце ўвагу!
Варняны: рэзідэнцыя Абрамовічаў
Вы лічыце, што Абрамовічы — гэта расійскія мільярдэры і алігархі? А вось і не: гэта нашыя славутыя літаратары, палітыкі і вайскоўцы!
Ян Абрамовіч, першы з роду ўладальнік Варнянаў, пабудаваў тут сваю рэзідэнцыю і напісаў кнігу “Погляды ліцвіна аб набыцці таннага збожжа і продажы яго даражэй” і ўяўляў з сябе ўзор талерантнасці: сам кальвініст, ён быў калятарам Варнянскага каталіцкага касцёла і быў у шлюбе з Ганнай Даратэяй з Валовічаў — вядомай апякункай праваслаўнага брацтва ў Вільні. Апошнія Абрамовічы — браты Яўхім і Ігнацы — кавалеры ордэнаў Virtuti Militari і Ганаровага легіёна, удзельнікі вайны 1812 г.
Барочны касцёл Св. Юр’я пабудаваны яшчэ ў 1769 г. і з’яўляўся неад’емнай часткай архітэктурнага ансамблю мястэчка. З вокнаў палаца была бачная велічная постаць касцёла, а ад касцельнай брамы добра праглядаўся палац. Сёння перад уваходам у храм — ужо цалкам сучасны парк з каштанамі. Пра былыя часіны нагадвае хіба што планіроўка мястэчка.
Але гэта не ўсё, чым могуць пахваліцца Варняны! Калі прайсці праз парк, павярнуць налева, а пасля направа, да вады, вы трапіце на пад’ёмны мост, а па ім — на сапраўдную выспу з агляднай неагатычнай вежай на чатыры паверхі. Калісьці яна ўпрыгожвала рамантычны парк. Але і сёння, у яго адсутнасць, стварае незабыўную атмасферу, якую маляўніча дапоўніў гукамі дуды пан Скіргайла. Мы крыху затрымаліся на выспе, каб палюбавацца варнянскімі краявідамі і атрымаць усю тую асалоду, што толькі можа падарыць гарадскім турыстам куточак зялёнага раю…
Варона: чорныя птушкі сустракаюць!
Нягледзячы на відавочную роднасць назваў, першымі вочы ўтаропіліся менавіта ў адрозненні. Яшчэ б! Пасля маляўнічых пейзажаў — стары бетонны плот і — не, не парк, а купка дрэваў, поўная здагадайцеся-якіх-птушак. Які розны лёс суседніх маёнткаў!
Пасля Варнянаў асабліва добра бачна, што касцёл у Вароне мае нязвыклыя для касцёлаў формы… І гэта не дзіўна, бо ў далёкім ХVІ стагоддзі будаваўся ён як кальвінскі збор. І будаваўся зусім не на задворках машыннага двара, дзе апынуўся нядаўнім часам, а на высокім пагорку пры старадаўнім тракце з Вільні на Полацк — і гасцінна адчыніў свае дзверы для падарожных ды ўсіх, хто мае патрэбу ў Божым слове. Нам жа трапіць у гэты храм не давялося. Таму ля брамы мы ўважліва паслухалі гісторыю пра тое, як Мікалай Радзівіл Чорны ахвяраваў гадавы даход усіх сваіх маёнткаў на выданне берасцейскай бібліі — ды паехалі ў Тракенікі.
Тракенікі: над прорваю ў парку
Тракенікі — самае запамінальнае месца нашага падарожжа. Хаця б праз тое, што там няма касцёла.
Затое ёсць сядзіба славутага “мастака стагоддзя” (паводле ангельскага мастацтвазнаўцы Эрыка Ньютона) — Мар’яна Богуша-Шышкі. Сядзіба больш чым сціплая па плошчы, але з вялікім гаўбцом і фігурным дахам. Цяпер там месціцца бібліятэка, і толькі два пакойчыкі адведзеныя пад музей. Экспазіцыя сціплейшая за плошчу сядзібы: некалькі ручнікоў, дзясятак раздруковак з выявамі карцінаў, фотаздымкі і кніжкі — з той жа бібліятэкі. Няпэўная сітуацыя з развіццём музея Богуша-Шышкі цягнецца ўжо каля дзесяці гадоў і падрабязна была апісаная Адамам Мальдзісам якраз вясною гэтага года. Ад інтэр’ераў сядзібы засталася сапраўдная чыгунная лесвіца.
Побач з сядзібай — шыкоўная каменная стайня. Год пабудовы — 1879 — пазначаны на самой стайні. За сядзібай — традыцыйная ліпавая алея, што колісь вяла да пейзажнага парку, а сёння — да разлому, што ўтварыўся падчас землятрусу 1909 г. Падобна, што гэта быў адгалосак не самага магутнага, але самага жахлівага з часоў Пампеі землятрусу ў Еўропе. 28 снежня 1908 г. а 5-й гадзіне раніцы былі цалкам зруйнаваныя італьянскія гарады Месіна і Калабры. Землятрус выклікаў 15-метровую хвалю цунамі. Паводле розных ацэнак, загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. У Беларусі цудам абышлося без чалавечых ахвяраў, бо сёння навукоўцы ацэньваюць той землятрус на 7 балаў па шкале Рыхтэра. А помнікам той падзеі — нечакана абарваная прысада, і далей — на дзясяткі метраў долу — амаль вертыкальны схіл, за самы ўскраек якога яшчэ трымаецца вялізны 300-гадовы волат-дуб. Недзе далёка ўнізе нябачна бруіцца горная (?) рачулка. Пейзаж заварожвае. Ля дуба адбываецца стыхійная фотасесія. Чакаем тых, хто вырашыў спусціцца да вады, жартаўліва перапытваем, ці хопіць ім там, унізе, ежы, і абяцаем у выпадку чаго вярнуцца па іх праз тыдзень.
З сумам думаем пра тое, што лепшай, чым Астравеччына з яе 7-бальным землятрусам, пляцоўкі для будаўніцтва АЭС у нас не знайшлося. І яшчэ крыху пра тое, што Астравеччыну і Японію яднаюць не толькі радыяцыйныя праблемы, але і невялікі маёнтак Малі, дзе жыў у старасці першы ў гісторыі расійскі консул і адзін з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць двор сёгуна, кіраўніка Японіі, — Іосіф Гашкевіч.
Быстрыца: усё яшчэ думаем пра Тракенікі
Пад уражаннямі ўсяго пачутага і пабачанага ў Тракеніках едзем да Быстрыцы. Першыя згадкі пра Быстрыцу адносяцца да 1390 года, таму мае доўгую, блытаную гісторыю і барочны касцёл XVIII ст. Але (ды прабачыць нам МГА “Гісторыка” і спадар Фралоў!) колер касцёла муляе вока, у галаве ўсё яшчэ круцяцца карціны Богуша-Шышкі і дрэвы на схіле разлому, а ногі самі ідуць да калонкі са смачнай вадою, што з выгляду нагадвае мінеральную. Ляніва фатаграфуем(-ся) і едзем далей…
Кямелішкі: барока ці неаготыка?
У параўнанні з невялікім гудагайскім касцёлам храм у Кямелішках выглядае гігантам. Драўляны барочны касцёл другой паловы XVIII ст., асвечаны ў гонар нараджэння Панны Марыі, быў перабудаваны ў пачатку ХХ ст. у стылі неаготыкі. Некаторыя, праўда, дзівяцца: як мог драўляны касцёл так добра захавацца? І прапануюць версію, дзе годам пабудовы называецца 1900. Але пра ўзрост храма сведчыць яго архітэктура. Да прыкладу, характэрныя для рознага часу вокны ў ніжняй і верхняй частцы будынка, партрэты (парсунныя) фундатараў.
Расказваць пра свой касцёл узяўся сам ксёндз Раман, з якім мы пазнаёміліся мінулым летам ва Уселюбе. Ён першы заўважыў нас у турыстычным натоўпе і радасна павітаўся. У добрым гуморы перабіраемся да наступнага касцёла.
Міхалішкі: Sì Italia!
З першага позірку — малапрыкметны касцёл. Ні табе фігурак святых у нішах, ні пакручастых пялёсткаў на вежах. Падвох выдае хіба што барбакан — зазвычай замкавы элемент — замест шырокага ўваходу. Але быў час, была эпоха! Сярэдзіна XVII стагоддзя. Толькі пабудаваны Янам Цыпрыянам Бжастоўскім касцёл апынуўся на шляху маскоўскага войска, трываў аблогу, быў захоплены і разбураны. Але, як і ўсё ў гэтым свеце, тая вайна скончылася. І ўжо сын Яна, Павел Цыпрыян Бжастоўскі, фундуе будаўніцтва новага касцёла, які і паўстаў перад намі.
Здалёк будынак касцёла нагадвае замак. А мінімалізм і аскетычнасць вонкавага выгляду ёсць вечным напамінам пра тыя жахлівыя часы. Унутранае ж убранне складае неверагодны кантраст! Інтэр’ерам займаліся тыя ж майстры, што перад тым выканалі працы па аздабленні «перліны» віленскага барока — храма святых Пятра і Паўла, што знаходзіцца на Антокалі ў Вільні. Галоўны архітэктар касцёла — Крыстаф Пэнс, інтэр’еры — праца Петра Перці (Перэці). Сцены густа пакрытыя ляпнінай, безліч барэльефаў злучаныя адзіным арнаментам… Драўляны амбон трымае вялікі арол, а вянчае — карона… І столь — без роспісу, без узораў, як сімвал боскай дасканаласці.
Гервяты: маленькі Версаль
Але самае прыгожае і самае цікавае чакала нас менавіта ў Гервятах! Фінальны акорд нашага падарожжа пакінуў самыя багатыя ўражанні. Гэты цуд — неагатычны касцёл Святой Тройцы — нашмат маладзейшы за ўсё пабачанае раней. І тым не менш — велічны каскад з вежачак, контрфорсаў і пілястраў, што разам губляюцца ў небе і не змяшчаюцца ў аб’ектыў фотаапарата, не пакідаюць абыякавымі! А перад самім касцёлам — сапраўдны маленькі Версаль. Каля касцёла і ў парку сабраная калекцыя з некалькіх сотняў раслінаў, прывезеных з батанічных садоў Беларусі, Літвы, Польшчы. Кожны куточак, кожная скульптура, дрэва і куст гэтага цудоўнага рэгулярнага парку дыхаюць любоўю і руплівасцю! Усё гэта персанальная заслуга ксяндза Леаніда. Хоць мы і прыпазніліся, але ж нам пашэнціла трапіць і ўсярэдзіну. Інтэр’ер не саступіў вонкавым уражанням. Упрыгожаныя (і ўмацаваныя) лапаткамі стромкія калоны некуды высока-высока ўзносяць сутарэнні столі. З вокнаў ліюцца вадаспады святла. Неверагодна, але сто гадоў таму такі велізарны касцёл быў і сапраўды патрэбны — у парафіі было каля 14 тысячаў вернікаў!
Падарожжа атрымалася на славу!
Ганна Мараўская і Magnus (МГА “Гісторыка”)