5 жніўня 1392 г. у Востраве каля Ліды было заключана пагадненне паміж Ягайлам і Вітаўтам, якое закончыла працяглы палітычны крызіс у Вялікім Княстве Літоўскім (трываў ад 1382 г.). Стрыечныя браты нарэшце прыйшлі да паразумення пасля доўгай барацьбы (як адкрытай, так і закуліснай) і дзвюх эміграцый Вітаўта ў Ордэн (першая з 1382 па 1384 гг., другая ў 1390–1392 гг.) Можна сцвярджаць, што Ягайла прайграў, хоць ад пачатку меў на руках усе козыры. Быў вялікім князем літоўскім, а Вітаўт — бяспраўным уцекачом. Потым Ягайла стаў яшчэ і польскім каралём, а Вітаўт — адно ўдзельным князем і ягоным васалам.
На якіх умовах было заключана пагадненне і што ў выніку атрымаў Вітаўт, расказваем у артыкуле.
Ягайла. Мастак Jan Matejko. Вітаўт. Мастак Мікола Купава
Ягайла быў вымушаны пагадзіцца на перадачу ўлады над Літвой Вітаўту, хоць і пастараўся як мага больш яе абмежаваць. Астроўскае пагадненне ці дамова — умоўная назва дакумента ад 5 жніўня 1392 г., які насамрэч не быў двухбаковай дамовай, а толькі актам васалітэту з боку Вітаўта, фактычна ягонай васальнай прысягай. Не было размовы пра аднаўленне дуумвірату, які існаваў між іх бацькамі. Вітаўт замяняў роднага ягайлавага брата Скіргайлу Альгердавіча на пасадзе намесніка ў ВКЛ — васала польскага караля Уладзіслава Ягайлы і польскай каралевы Ядвігі Анжуйскай (гэта было асобна агаворана).
У дамове Вітаўт не тытулаваўся вялікім князем, а толькі «літоўскім князем панам троцкім, луцкім і інш.» (dux Lytwanie dominus Trocensis, Lucensis etc.) У тэксце адзначалася добрая воля і ласка Ягайлы, які быў міратворцам «па сваёй міласэрнасці і прыроджанай дабрыні», імкнуўся да паразумення і згоды. Вітаўт дзякаваў каралю за прабачэнне крыўдаў і вяртанне ўсёй яго Бацькаўшчыны. Запіс пра вяртанне менавіта ўсяе Бацькаўшчыны несумненна быў зроблены па ініцыятыве Вітаўта. Калі ён вярнуўся з эміграцыі ў 1384 г., то атрымаў толькі частку абяцанага. Таму зараз хацеў дакументальнага пацвярджэння.
Вітаўт Вялікі. Мастак Арлен Кашкурэвіч
Новы літоўскі князь-намеснік абяцаў захоўваць вернасць каралю Ягайлу, каралеве Ядвізе і польскаму каралеўству, дбаць пра іх інтарэсы, абараняць і выступаць супраць іх ворагаў, верна служыць з усёй сваёй маёмасцю, уладаннямі і скарбам. За фармулёўкай пра змаганне з ворагамі Польшчы крылася забарона весці самастойную замежную палітыку насуперак даўняй традыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе Гедымінавічы — гаспадары прыгранічных удзелаў маглі ўступаць у самастойныя адносіны з бліжэйшымі суседнімі дзяржавамі. Гэты пункт у тэксце яўна быў інспіраваны Ягайлам, які памятаў пра патаемна арганізаваныя заручыны дачкі Вітаўта Соф’і з маскоўскім князем Васілём Дзмітрыевічам.
Ягайла таксама ўвёў у тэкст акта-прысягі адмову Вітаўта ад пераследу ліцвінскіх князёў і баяраў, якія ў міжусобнай барацьбе выступалі на баку караля. Вітаўт абяцаў «замяніць злосць да іх на любоў». Гэта ў першую чаргу датычылася адносінаў Вітаўта да даўняга ворага і папярэдніка на становішчы ліцвінскага намесніка Скіргайлы Альгердавіча.
Ягайла. Мастак Ksawery Pillatti
Ягайла неаднакроць спрабаваў іх памірыць, у тым ліку праз пісьмовыя дамовы-замірэнні, але без поспеху. Для Ягайлы ў справе пагаднення з Вітаўтам Скіргайла быў даволі істотнай праблемай. Што з ім рабіць, куды падзець роднага брата і вернага паплечніка на працягу доўгіх гадоў? Пасля страты намесніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім любая пасада і ўдзельнае княства для Скіргайлы былі паніжэннем і прыніжэннем. Акрамя таго, паніжэнне Скіргайлы падрывала давер да Ягайлы з боку важных саюзнікаў — іншых родных братоў і ўдзельных князёў Альгердавічаў. Выходзіла, што кожнага з іх мог чакаць падобны лёс, калі іх каралеўскай вялікасці тое будзе палітычна выгадна.
Тым не менш Ягайла пайшоў на адхіленне Скіргайлы, і гэта дадатковае сведчанне росту ўплываў і маштабу Вітаўта як палітыка. Ён пагаджаўся на любыя пісьмовыя фармулёўкі, якія абмяжоўвалі ягоную ўладу. Вітаўт дасягнуў найважнейшага — прызнання яго намінальным кіраўніком Вялікага Княства Літоўскага.
Спадзяваўся неўзабаве пераўтварыць намінальную пасаду ў рэальную. Ведаў, як гэта зрабіць. Меў план.
Сцяпан Сарока, Budzma.org