Якія аўдыякнігі слухаюць беларусы? Найпапулярнае з Audiobooks.by

Стваральнікі навігатара па беларускіх аўдыякнігах Audiobooks.by расказалі «Нашай Ніве», якія творы, запісаныя іхняй камандай, карыстаюцца сёння найбольшай папулярнасцю сярод слухачоў.


Aŭdyjaknihi

На гэты момант на сайце сабраныя спасылкі на 585 кніг з сайтаў «Кніжны Воз», «Беларуская палічка», «Камунікат», «Радыё Свабода», «Беларускі ПЭН-цэнтр», «Мінінфарм Рэспублікі Беларусь», а таксама ва ўласным агучванні. На сайце ёсць аўдыякнігі па творах класікаў, сучасных аўтараў, а таксама аўдыякнігі для дзяцей, таму кожны зможа знайсці нешта на свой густ.

Vokladki aŭdyjaknih «Karotkaja historyja Bielarusi» i «Dzikaje paliavannie karalia Stacha»
Вокладкі аўдыякніг «Кароткая гісторыя Беларусі» і «Дзікае паляванне караля Стаха». Фота: Audiobooks.by


Сярод кніг, агучаных самім праектам па-беларуску і выкладзеных бясплатна, нечакана па праслухоўваннях лідзіруе кніга «Кароткая гісторыя Беларусі» Алеся Краўцэвіча. У ёй на працягу 2 гадзін голасам Уладзіміра Лісоўскага распавядаецца гісторыя беларускай зямлі ад з’яўлення славян у V-VI стст. да абвяшчэння незалежнасці ў 1991 г. Найважнейшыя з’явы і падзеі беларускай гісторыі пераказаныя літаратурнай мовай у лагічнай сістэмнай і храналагічнай паслядоўнасці.

А вось на другім месцы чакана аказалася вечная класіка — прыгодніцкая аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, агучаная купалаўцам Алегам Гарбузам. Галоўны герой выпадкова становіцца сведкам злавеснага прывіду дзікага палявання з далёкага мінулага, які трымае ў страху людзей.

Vokladki aŭdyjoknih «Blindaž» i «Maja škola»
Вокладкі аўдыёкніг «Бліндаж» і «Мая школа». Фота: Audiobooks.by


Замыкае тройку бясплатных кніг няскончаная аповесць Васіля Быкава «Бліндаж», напісаная ў 1987 годзе. Упершыню яна была апублікаваная ў 2006 годзе на старонках часопіса «Дзеяслоў», а выдадзеная ў 2007-м у Бібліятэчцы таго ж часопіса. Кніга агучаная Ігара Дзянісавым і выдадзена Міжнародным саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сярод платных беларускіх кніг першае месца па праслухоўваннях займае кніга «Мая школа» Ганны Севярынец, у якой аповед вядзецца ад імя «русіцы» з сярэдняй школы ў выдуманым горадзе.

Vokladki aŭdyjoknih «Apošniaja kniha pana A.» i «Dzień Sviatoha Patryka»
Вокладкі аўдыёкніг «Апошняя кніга пана А.» і «Дзень Святога Патрыка». Фота: Audiobooks.by


Трымаецца ў лідарах і «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча. Яна складаецца з 30 казак, якія распавядае купцу-выдаўцу пісьменнік, што трапіў у доўг. Кніга была выдадзена ў рэвалюцыйным 2020 годзе і ўжо летась унесена рэжымам Лукашэнкі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Трэцяе месца сярод платных аўдыякніг здабыў яшчэ адзін твор Севярынец — раман «Дзень Святога Патрыка», выдадзены ў 2018 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч». Кніга распавядае пра Марыну Дамейку, экспертку міжнароднай моўнай камісіі, якая прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай. Яна сутыкаецца з праблемай, што захаваць з беларускага мастацтва ў спецыяльным архіве, а што назаўжды выкінуць.

Як прызнаюцца самі стваральнікі сайта, беларусы вельмі мала купляюць кніг. Найбольш іх набываюць беларусы замежжа — з ЗША, Польшчы і Канады, толькі пасля ідуць беларусы ў Беларусі.

Гэта тлумачыцца ў першую чаргу недаступнасцю ў краіне такіх шырокавядомых платных сэрвісаў, як Google Play Books, Spotify, Apple. Да таго ж у пачатку гэтага года Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта з Беларусі, а плаціць за некаторыя творы, прызнаныя экстрэмісцкімі, папросту небяспечна.

Стваральнікі сайта адзначаюць, што гэтую сітуацыю трэба неяк выпраўляць, бо ўсё ж большасць беларусаў застаецца на Радзіме.

Vokladki aŭdyjaknih Liatučaha ŭniviersiteta
Вокладкі аўдыякніг Лятучага ўніверсітэта. Фота: Audiobooks.by


Што цікава, найбольш папулярнымі аўдыякнігамі на сайце аказаліся зусім не беларускамоўныя творы, а рускамоўныя. Гэта два курсы Лятучага ўніверсітэта «PR: як будаваць камунікацыю ў публічнай прасторы» Ірыны Сідорскай і «Сучасная медыя-прастора. Як трапіць у сваю аўдыторыю» Галіны Малішэўскай. Гэтыя кнігі ніяк адмыслова не рэкламавалі па-за беларускімі каналамі, але колькасць іх спамповак у 2-3 разы большая за беларускамоўныя кнігі. Большасць спамповак прыпадае на Расію.