Беларускія і расійскія ВНУ былі выключаныя з Балонскага працэсу. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Мінадукнавукі РФ Дзмітрый Афанасьеў на пашыраным пасяджэнні Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры, піша Reform.by.
«11 красавіка Балонская група абвясціла пастанову спыніць прадстаўніцтва Расіі і Рэспублікі Беларусь ва ўсіх структурах Балонскага працэсу», — заявіў Афанасьеў.
13 красавіка міністр адукацыі Украіны Сяргей Шкарлет заяўляў, што прадстаўніцтва Беларусі ў Балонскім працэсе будзе прыпынена. Група суправаджэння Балонскага працэсу выступіла з заявай прыпыніць прадстаўніцтва Расіі, але пра Беларусь у заяве не згадвалася. Міністэрства адукацыі Беларусі сітуацыю ніяк не каментавала.
Балонскі працэс — працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм вышэйшай адукацыі краін Еўропы. Балонская дэкларацыя была падпісаная 19 чэрвеня 1999 года з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Беларусь далучылася да працэсу ў 2015 годзе.