Як пераадолець страх перад камунікацыйнымі бар’ерамі, дазнацца пра баранавіцкіх музыкаў і іншыя пытанні культурнага жыцця гэтага беларускага горада, абмяркоўвалася на ток-шоу “Раэнімуем Баранавічы-музычныя!” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Абмеркаваць музычнае жыццё асобнага горада можна толькі ў кантэксце агульнабеларускай сітуацыі. Дапамагчы разабрацца ў ёй прыехалі спецыяльна запрошаныя эксперты — Вольга Акуліч з Мінска (аўтар-выканаўца, лідар гурта WERASEN, прадзюсар прадакшн-студыі “Экстрым ТВ”) і Зміцер Назараў (каардынатар кампаніі “Будзьма!” па Берасцейскім рэгіёне, дырэктар прома-групы “Зала чакання”, менеджар гуртоў “Sciana” і “TerraKod”). Разам з імі сваім меркаваннем дзяліліся і мясцовыя знаўцы музычнай сферы Глеб Маліноўскі і Дзіма Ску (творчы прадпрымальнік, арганізатар канцэртаў, лідар гурта “Дима Ску и Никто не Вуди Аллен”).
Публіка падчас мерапрыемства актыўна адстойвала сваю пазіцыю — прадстаўнікі мясцовых СМІ, музычнага андэграўнду дыскутавалі, уздымаючы часта не запланаваныя мадэратарам сустрэчы Юліяй Траццяк пытанні.
Штомесяц у Баранавічах ладзіцца 2-3 заўважныя музычныя падзеі. І гэта пры наяўнасці блізу 10 культурніцкіх пляцовак (гл. самую поўную афішу горада ад intex-press.by). Калісьці канцэртаў было больш, па словах Дзімы Ску, цягам 7 гадоў ён зладзіў у Баранавічах блізу 200 імпрэзаў: “Канцэртаў было шмат, але людзі не прыходзілі, клуб закрыўся. Таму праблема не толькі ў колькасці мерапрыемстваў”.
Як адзначылі і выступоўцы, і ўдзельнікі, праблема яшчэ і ў тым, што мясцовая публіка не ведае выступоўцаў. Любы мясцовы СМІ (на дыскусіі разглядалі прыклад баранавіцкага радыё) мае свой фармат, які вызначае рэдактар. То бок з’яўленне таго ці іншага музыкі ў ратацыі залежыць ад густу аднаго-двух чалавек у кіраўніцтве СМІ. А з’яўленне афіш на гарадскіх “тумбах”, па досведзе Змітра Назарава, у сваю чаргу, непасрэдна залежыць ад меркавання супрацоўнікаў аддзелаў ідэалогіі.
У развагах пра адказнасць за доступ да сучаснай беларускай музыкі, а па факце і за фармаванне музычнага густу сучаснага беларускага грамадства не абмінулі і творцаў. “У нас музыка ўсім і паўсюль абавязаны. Музыка мусіць сам прыдумаць, сам запісаць, сам прасоўваць… Усё сам! — адзначыла Вольга Акуліч. — Я нікому нічога не павінная! Я раблю тую музыку, якая ў мяне атрымліваецца. Я яе раблю выключна для ўласнага задавальнення”.
Праз усю сустрэчу гучала пытанне: а што такое ўвогуле беларуская музыка? Разнастайнасць адказаў і развагі пра два паралельныя сусветы: эстраду, якая не заўсёды добра капіюе расійскую поп-сцэну, і незалежныя музычныя плыні Беларусі, якія ўжо даўно не змяшчаюцца ў тэрмін “андэграўнд”, — рызыкавалі ператварыць дыскусію ў пералік улюбёных гуртоў і выканаўцаў. Гучалі і прызнанні, што ніводны гурт, чый кліп быў прадстаўлены ў пачатку ток-шоу арганізатарамі (знойдзеных на партале беларускай музыкі tuzin.fm — аўт.) не быў знаёмы. Праблему абагульніў Зміцер Назараў: “Нават тыя, хто працуе ў музычнай сферы Беларусі, не ведаюць пра яе дастаткова. Я не ведаю, дзе шукаць інфармацыю пра баранавіцкія гурты, напрыклад. Неабходнае стварэнне адпаведных медыяпрастораў”. Ад сябе ж адзначым, што, мажліва, рашэнне прасцейшае, але закранае канкрэтных людзей і медыярэсурсы: такім музычным парталам, як ultra-music.com (на якім існуе і расце праект пра рэгіянальную музыку “Мапа мясцовасці”), tuzin.fm, які паказвае маштаб, разнастайнасць (і як вынік — якасць) беларускамоўнай музыкі, а таксама experty.by, працаваць над тым, каб іх больш ведалі ў рэгіёнах.
Урэшце ўсе праблемы Баранавічаў-музычных звяліся да двух асноўных пунктаў — недахопу адметнага музычнага прадукту і няўменні яго якасна прасоўваць (апошні пункт, па досведзе прэс-клубаў кампаніі ў іншых гарадах, уласцівы ўсім культурніцкім сферам у Беларусі).
І эксперты, і зала сышліся на тым, што калі таленавіты выканаўца робіць якасную, цікавую музыку, яна хутка распаўсюджваецца вірусна. “Табе спадабалася — раскажы сябру!” — падбухторваў Зміцер Назараў. Але найбольшую працу мусяць рабіць усё ж самі музыкі і іх менеджар, калі такі ёсць: cамастойна распаўсюджваць інфармацыю пра сябе. DIY-прынцып у музычным маркетынгу — з’ява міжнародная, і Беларусі тут няма на што скардзіцца. Паспяховых прыкладаў, на якіх можна і трэба вучыцца прасоўваць свой музычны прадукт, у сеціве цяпер дастаткова.
З іншага боку. Калі вы хочаце зрабіць музычнае жыццё свайго горада больш разнастайным, ведаеце цікавыя беларускія гурты і хочаце, каб іх ведалі іншыя, пачынайце займацца іх прасоўваннем самастойна: “Калі нічога не рабіць — нічога і не будзе. Або мы будзем казаць, як усё кепска, або тут жа абмяняемся тэлефонамі і паспрабуем нешта зрабіць. Трэба пераадолець страх увайсці не тое што ў канфлікт, але і ў кантакт”, — натхніў на дзеянні Глеб Маліноўскі.
Практычны працяг баранавіцкай дыскусіі запланаваны ўжо на наступны аўторак (14 верасня). Разам мы паспрабуем знайсці практычныя крэатыўныя рашэнні тых праблемаў, што існуюць у Баранавічах-музычных. Сачыце за абвесткамі! Палепшым жыццё разам!
Фота – Зарына Кандрацьева