Працягваем нашую вандроўку па Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Сёння на шляху нас чакае самы стары з захаваных у Беларусі ў першапачатковым выглядзе касцёлаў, старасвецкія палацы, маўклівыя сведкі эпохі рамантызму ды філамацкіх мрояў, помнікі прыроды, адметныя культывыя будынкі ды іншыя архітэктурныя цікавосткі. Такім чынам прапануем рушыць наступным маршрутам: Ішкалдзь — Паланэчка — Туганавіцкі парк — крыніца «Кіпятак» — Ясянец — Паручын.
Фота: planetabelarus.by
Сёння першым прыпынкам раім зрабіць колішняе мястэчка Ішкалдзь, якое ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у першай палове ХV стагоддзя. Тут нас чакае самы стары неперабудаваны мураваны храм, які захаваўся амаль у першасным сярэднявечным выглядзе з 1472 года.
Фота: planetabelarus.by
Мясцовы Траецкі касцёл з’яўляецца адным з першых каталіцкіх храмаў, пабудаваных на тэрыторыі Беларусі. Старэйшы за яго касцёл у вёсцы Уселюб, што на Наваградчыне, неаднаразова рэканструяваўся, храм жа ў Ішкалдзі захаваў свае гатычныя абрысы ажно з ХV стагоддзя. Траецкі касцёл зведаў усе рэлігійныя ваганні ў нашым краі. Першапачаткова ён быў пабудаваны на сродкі смаленскага ваяводы Мікалая Неміровіча як каталіцкі храм. У другой палове ХVI стагоддзя Мікалай Радзівіл Чорны пераўладкаваў касцёл пад кальвінскі збор, у 1641 годзе будынак вярнуўся да каталікоў, за Расійскай імперыяй на пяцьдзясят гадоў быў перададзены праваслаўным, а ў міжваенны час зноў вернуты каталікам.
Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Баранавіцкім раёне?
Фота: planetabelarus.by
За савецкім часам касцёл быў некалькі гадоў зачынены, у 1969-м яго хацелі зруйнаваць, але мясцовыя жанчыны, пакідаўшы сваю гаспадарку, прыбеглі і літаральна леглі пад колы машыны, нагружанай касцельнымі рэчамі, і адстаялі храм. Пра гэтую гісторыю сведчыць незвычайны сюжэт, які можна заўважыць на адным з вітражоў касцёла. Храм быў вернуты вернікам ужо ў 1970-я гады.
Фота: intex-press.by
У касцёле, апроч вітражоў, варта звярнуць увагу на ўнікальны для Беларусі арган ХІХ стагоддзя, імверна, зроблены ў колішнім горадзе Dorpat (сёння Тарту, Эстонія) невядомым майстрам.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Ля касцёла знаходзіцца магіла мясцовага ксяндза Вінцэнта Латарэвіча, забітага бальшавікамі 19 сакавіка 1919 года. З 1918 па 1921 гг. у Беларусі было забіта больш за 100 ксяндзоў. Вінцэнта Латарэвіча месцічы памятаюць ды шануюць і сёння.
Фота: intex-press.by
Месцічаў у Ішкалдзі засталося няшмат. Збольшага хаты тут выкарыстоўваюцца ў якасці лецішчаў. Моладзь перабралася ў гарады ў пошуках працы і адукацыі, толькі ў старэйшага пакалення захаваліся ўспаміны пра слаўныя часы росквіту мястэчка. Гэтыя ўспаміны вартыя таго, каб знайсці час на размову з мясцовымі жыхарамі. Калі магчымасці такой няма, то можна хаця б прагуляцца па старадаўнім бруку ды адчуць, як знітаваныя ў гэтым старадаўнім месцы розныя эпохі і лёсы.
Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Баранавіцкім раёне. Частка другая
Фота: planetabelarus.by
Далей рушым у вёску Паланечка. У пісьмовых крыніцах Паланечка ўпершыню згадваецца як мястэчка ў ХVI стагоддзі. Пачнем аглядаць Паланечку з драўлянага касцёла св. Юрыя 1899 года пабудовы, узведзенага па праекце архітэктара Вайцяхоўскага ў неагатычным стылі з рысамі мадэрну.
Фота: vedaj.by
Імаверна, у касцёле, які быў на месцы сённяшняга, 1751 года пабудовы, хрысцілі Ігната Дамейку, які нарадзіўся ў суседнім маёнтку Мядзвядка. У 1899 годзе Альбрэхт Радзівіл прафундаваў пабудову новага храма, які мы можам пабачыць сёння. Галоўны фасад храма ўпрыгожваюць дзве шатровыя вежы, паміж якімі знаходзіцца франтон з «вакном-ружай», што з’яўляецца тыповым для неаготыкі.
Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Баранавіцкім раёне? Частка трэцяя
Фота: vedaj.by
Ва ўнутраным убранстве касцёла варта звярнуць увагу на абразы XVIII — ХІХ стагоддзя. У алтарнай частцы знаходзяцца дзве мемарыяльныя шыльды Радзівілам, якім з ХVIIІ стагоддзя належала Паланечка. Яшчэ ў касцёле функцыянуе арган канца ХІХ стагоддзя, створаны знакамітым віленскім арганным майстрам Фларыянам Астраменцкім у 1897 годзе.
Фота: argany.by
Фота: planetabelarus.by
Побач з касцёлам варта звярнуць увагу на званіцу, старэйшую за сам касцёл, узведзеную яшчэ ў 1855 годзе.
Фота: argany.by
Тут жа, побач з храмам, пахаваны ксёндз Ежы Росяк, які загінуў у аварыі ў 1986 годзе. У 1947 годзе святар быў арыштаваны НКУС нібыта за «распаўсюд прыпевак антысавецкага зместу». Больш за паўгады яго катавалі ў засценках брэсцкай вязніцы, пасля чаго яму быў вынесены смяротны прысуд, які замянілі 25 гадамі ГУЛАГу, 10 з якіх ксёндз адбыў у Нарыльску, пасля чаго быў вызвалены заўчасна. Ксяндза шануюць не толькі ў мясцовай парафіі, але і ў іншых, дзе ён служыў: у Ішкалдзі, у Баранавічах, у Новай Мышы, у Наваградку.
ВАНДРУЕМ РАЗАМ!
Ксёндз Ежы Росяк перад вызваленнем з лагера. Нарыльск, 1955 г.
Захаваўся палац колішніх гаспадароў Паланечкі, Радзівілаў, яго можна пабачыць непадалёк ад касцёла. Як мяркуецца, у сённяшнім выглядзе ён існуе з канца ХVIIІ — пачатку ХІХ стагоддзя. Закладаў палац Мацей Радзівіл — знакаміты кампазітар і драматург.
Фота: realt.by
Палац першапачаткова быў пабудаваны ў стылі класіцызму, пазней сын Мацея Канстанцін Радзівіл перабудаваў сядзібу ў стылі ампір, тады і з’явіліся на фасадзе палаца калоны, упрыгожаныя скульптурамі старажытнагрэцкіх філосафаў. Вядома, што ў палацава-паркавы ансамбль яшчэ ўваходзілі вежа з гадзіннікам, аранжэрэя, гаспадарчыя будынкі. Побач з паркам у розныя перыяды былі закладзены французскі і англійскі паркі.
Фота: realt.by
Паланечка хутка стала культурніцкім цэнтрам, сярод яе знакамітых гасцей былі Уладзіслаў Сыракомля, Дзяніс Фанвізін. У сядзібнай бібліятэцы захоўвалася каля чатырох тысяч кніг, у тым ліку, і старажытных. Калекцыя мастацкіх твораў вылучалася працамі Юзафа Пешкі і Яна Рустэма.
Фота: realt.by
Фота: realt.by
У ХХ стагоддзі падчас І і ІІ сусветных войнаў палац неаднаразова быў пашкоджаны, але заўжды аднаўляўся. За савецкім часам тут размяшчалася школа-інтэрнат. З 1990-х гадоў палац імкліва разбураўся. Напрыканцы 2020 года палац быў прададзены з аукцыёна неабыякавым людзям, зацікаўленым у ягоным аднаўленні. Сачыць за лёсам сядзібы можна на старонцы ў Інстаграме @radziwill_palace_polonechka.
Фота: realt.by
Фота: planetabelarus.by Руіны млына, 1891
Фота: planetabelarus.by
Наступны пункт нашага маршрута ў свой час знітоўваў лёсы шматлікіх гістарычных постацяў ХІХ стагоддзя. Туганавіцкі парк — усё, што захавалася ад колішняга маёнтка Туганавічы — родавага маёнтка Верашчакаў, з якіх і паходзіла каханая Адама Міцкевіча Марыля, брат якой Міхал быў сябрам таварыства філарэтаў Віленскага універсітэта, прадстаўнікі якога неаднаразова наведваліся ў Туганавічы.
Фота: planetabelarus.by
Жыццё ў колішнім маёнтку Туганавічы віравала палову тысячагоддзя. Вядома, што ў часы Вітаўта гаспадаром навакольных земляў быў Ян Няміра. Праз некалькі стагоддзяў малады Міцкевіч, каб пабачыцца з Марыляй, прылятаў сюды штоноч на кані за дзесяць кіламетраў з роднага Завосся, дзе гасцяваў у сваякоў. Маёнтак у Туганавічах — яшчэ адзін прэтэндэнт на прататып Сапліцова ў творы «Пан Тадэвуш». У 1863 годзе гаспадар маёнтка Канстанцін Туганоўскі быў акруговым начальнікам Студзеньскага паўстання. Туганавічы маляваў Напалеон Орда, фатаграфаваў Ян Булгак.
Фота: planetabelarus.by
Туганавічы, Напалеон Орда, 1876
Туганавічы, 1896
Яшчэ ў мінулым стагоддзі ў Туганавічах на сродкі мясцовай шляхты была створаная селекцыйная база з найноўшым абсталяваннем, дзе паляпшалі гатункі збожжавых. Сёння ад былой велічы мы пабачым толькі рэшткі прысядзібнага парку. Але парк вельмі маляўнічы, размяшчаецца сярод узгоркаў, безумоўна, яго варта наведаць.
Фота: Надзея Бужан
Тут жа, на тэрыторыі Туганавіцкага парку, ля вёскі Карачова ва ўрочышчы Кут варта наведаць Камень філарэтаў (53° 22’25.20"N, 26 ° 6’42.21"E)
Фота: wikimapia.org
Існуе меркаванне, што ў 1820 годзе падчас гасцявання ў Верашчакаў ля гэтага камення А. Міцкевіч і яго сябры Т. Зан, Я. Чачот, І. Дамейка, Ю. Яжэўскі, Ф. Малеўскі складалі прысягу аданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.
Міхась Карпук «Ля каменя філарэтаў», 2006
Фота: fotobel.by
Далей прапануем рушыць да незвычайных для нашага краю крынічак ля вёскі Ясянец, якія маюць назву «Кіпятак». Назву сваю крыніцы атрымалі невыпадкова, візуальна яны сапраўды нагадваюць гейзеры, якія выштурхоўваюць ваду на паверхню з нетраў зямлі. Ды і тэмпература вады ў гэтых крыніцах напрацягу года амаль канстантная, каля дзевяці градусаў, што ўзімку можна лічыць амаль «кіпнем».
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
«Кіпятак» — адзіная ў рэгіёне крыніца ўзыходнага тыпу. З-за геалагічных асаблівасцяў мясцовасці, якая належыць да тэрыторыі Наваградскага ўзвышша, вада знаходзіцца пад ціскам і ў пэўным сэнсе «б’е фантанам» з-пад зямлі, нібы кіпіць. Крынічная вада моцна насычана жалезам, таму штодня яе ўжываць не рэкамендуецца, але ж асобам, якім бракуе жалеза ў арганізме, яна будзе вельмі карыснай. Ясянецкая крыніца — помнік прыроды мясцовага значэння.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
У кіламетры ад крыніцы «Кіпятак» у заходнім кірунку знаходзіцца вёска Ясянец, дзе і раім зрабіць наступны прыпынак. Ясянец вядомы ў пісьмовых крыніцах з XVIII стагоддзя. Гаспадары Ясянца часта змяняліся, вядома, што да XIX стагоддзя тут гаспадарылі Панятоўскія, а апошнімі гаспадарамі былі з пачатку ХІХ па першую палову ХХ стагоддзя — Верашчакі, першым з якіх быў Міхал Верашчака, родны брат Марылі Верашчакі.
Ясянец, 1901
Ясянец, мост праз Сэрвач, 1915
Тут, у Ясянцы, у 1729 годзе нарадзіўся Яўхім Храптовіч, апошні канцлер ВКЛ, навуковы і культурніцкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў новастворанай Адукацыйнай камісіі, якая праводзіла рэформу адукацыі ў Рэчы Паспалітай па скасаванні ордэна езуітаў Папам Рымскім. Адукацыйная камісія была фактычна першай у Еўропе афіцыйнай структурай па караўніцтве народнай асветай.
Яўхім Храптовіч, Дж. Б. Грасі, 1795
Мураваная аднапавярховая сядзіба, у якой нарадзіўся Яўхім Храптовіч была пабудавана ў XVIII стагоддзі ў стылі класіцызму. Пры сядзібе па традыцыі знаходзілася аднапавярховая афіцына і некалькі гаспадарчых будынкаў, крушні якіх сярод рэшткаў захаванага прысядзібнага парку мы можам пабачыць і сёння.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Сядзібны дом не перажыў Першай сусветнай вайны, рэшткі будынка былі знесены па Другой сусветнай вайне.
Калісьці існаваў тут і мясцовы касцёл, у часы Расійскай Імперыі ператвораны ў Свята-Мікалаеўскую царкву. Будынак храма таксама быў страчаны падчас ваенных ліхалеццяў.
Далей раім рушыць у вёску Паручын, што ў паўночна-заходнім кірунку ад вёскі Ясянец. Тут нас цікавіць помнік драўлянай архітэктуры, захаваны ажно з канца ХVIII стагоддзя — Свята-Пакроўская царква 1783 года пабудовы.
Фота: drewa.by
Фота: drewa.by
Верагодна, што першапачаткова храм быў прызначаны для вернікаў каталіцкага веравызнання, а ў ХІХ стагоддзі перададзены праваслаўным. Паводле апісання Мінскай епархіі 1863 года, у сяле Паручын знаходзілася Свята-Пакроўская драўляная царква, пабудаваная ў 1783 годзе па ініцыятыве слонімскім святара Якава Кабылінскага.
Фота: 1panorama.ru
У інтэр’еры царквы варта звярнуць увагу на іканастас. Тут захоўваюцца абразы XVIII стагоддзя «Маці Божая з дзіцём» ды «Евангеле».
Фота: hrambel.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org