Уручэнне літаратурнай узнагароды часопіса “Дзеяслоў” адбылося ў мінулую пятніцу ў Мінску. “Залаты апостраф” атрымалі: за найлепшую прозу – Ігар Бабкоў, за найлепшую паэзію – Віктар Жыбуль, за самы ўдалы дэбют – Алесь Плотка, за ўклад у беларускую літаратуру – Кастусь Цвірка.
Галоўная інтрыга вечара была забітая за два дні да ўручэння прэмій – рэдакцыя часопіса яшчэ ў сераду паведаміла, хто атрымаў прэмію. “Сёлета абышліся без канвертаў!” – так акрэсліў гэта галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч. Каментуючы такое рашэнне, ён жартаўліва спаслаўся на тое, што арганізатары не хацелі, каб намінанты хваляваліся. На самім жа ўручэнні прысутнічалі толькі лаўрэаты і іх сябры, супрацоўнікі часопіса і нешматлікія журналісты – усяго каля пятнаццаці чалавек.
Адкрыўшы цырымонію, Барыс Пятровіч зазначыў, што рашэнне правесці ўручэнне камерна прадыктаванае найперш тым, што сітуацыя з літаратурнымі прэміямі ў Беларусі змянілася. Сёлета спаўняецца 10 гадоў часопісу “Дзеяслоў”, “Залаты апостраф” уручаўся ўжо дзявяты раз. І калі спачатку ўзнагарода была адной з нешматлікіх літаратурных прэміяў у краіне і яе ўручэнне праводзілася ў Доме літаратара, куды прыходзіла па 300-400 чалавек, дык цяпер сітуацыя іншая: у гэтым годзе да ўзнагародаў дадаўся “Гедройц”, годам раней – прэмія за найлепшы дэбют імя Багдановіча. Таму аб’ектыўна “Залаты апостраф” перасунуўся на тое месца ў іерархіі, якое яму і належыць – ён канчаткова стаў рэдакцыйнай узнагародай. Іншая рэч, што роля гэтай рэдакцыі ў літаратурным працэсе вялікая. Аднак, прынамсі на словах, Барыс Пятровіч не шкадуе пра такі паварот і жадае ўсім нам, каб “толькі павялічвалася колькасць прэміяў”.
Па словах Барыса Пятровіча, засноўваючы часопіс, ён думаў, што сітуацыя ў краіне і літаратуры неўзабаве зменіцца, спадзяваўся, што разам з “Дзеясловам” паўстане часопіс Сяргея Законнікава, але той так і не з’явіўся. Таму літаратары больш сталага веку, якія, як задумвалася, мусілі друкавацца менавіта ў часопісе сп. Законнікава, нароўні з маладзейшымі займелі трыбуну ў “Дзеяслове”. Гэта зрабіла часопіс унікальным выданнем, якое спалучае на старонках, як скрайнія праявы мадэрнізму і авангардызму, так і творы ў самым традыцыяналісцкім рэчышчы. Аднак, як падкрэсліў Барыс Пятровіч, ад пачатку было прынятае рашэнне даваць прэміі менавіта маладзейшым аўтарам.
Ужо сталую традыцыю праводзіць галасаванне ў інтэрнэце, а пасля даваць не так, як прагаласавалі інтэрнаўты, а аўтарытарным рашэннем журы, галоўны рэдактар “Дзеяслова” пракаментаваў так: “Ці варта яго наогул праводзіць? На аб’ектыўнасць галасавання ў інтэрнэце разлічваць не даводзіцца: мы добра бачым, калі актывізуюцца прыхільнікі паасобных літаратараў і ладзяць “накруткі”, бо тэхналогія маніпуляцыяў з апытанкамі добра вядомая. Таму, лічу, добра, што пакідалі раней і цяпер пакінулі канчатковае рашэнне за журы”. Дарэчы, у склад журы ўваходзяць чатыры чалавекі: сам Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін, Алесь Пашкевіч і Анатоль Івашчанка. Паводле словаў галоўнага рэдактара, рашэнне пра ўручэнне прэміі прымаецца калегіяльна.
Дыплом лаўрэата “Залатога апострафа” за дасягненні ў галіне прозы ўручылі Ігару Бабкову. Дарэчы, ніякай статуэткі ці значка ўзнагарода не мае, хаця раней былі спробы такое ўвесці. Выкарыстоўваўся гліняны дзядок-беларус, “мудры Пугач, над якім месячык вісеў – у выглядзе апострафа”.
Ігар Бабкоў, атрымаўшы дыплом, сказаў кароткую прамову, у якой падзякаваў рэдакцыі і адзначыў, што яму было прыемна канкураваць з такімі пісьменнікамі, як Макс Шчур, Ева Вежнавец і Славамір Адамовіч. Першыя два, дарэчы, цяпер жывуць за межамі Беларусі, а апошні не так даўно ў яе вярнуўся. Адказваючы на пытанні, Ігар Бабкоў “падзякаваў богу”, што ён не на месцы рэдакцыі і яму не давялося выбіраць, каму аддаць узнагароду. Сп. Бабкоў расказаў нам пра сваё бачанне лаўрэата ў галіне паэзіі Віктара Жыбуля. Паводле ягоных словаў, гэты паэт стварае ў сур’ёзнай традыцыі, якую да яго распрацоўвалі Хармс, абэрыуты і прадстаўнікі ангельскага абсурдызму, але ягоны (Жыбуля) чытач чакае ад паэта толькі пацехі і, умоўна кажучы, анекдотаў. І наогул, беларускай літаратуры, на думку Ігара Бабкова, “не хапае ўважлівай крытычнай працы, інтэрпрэтацыі, зацікаўленасці асабістай”. У самой жа літаратуры, як корпуса тэкстаў, на думку паэта, усё ў парадку.
Дыплом за прэмію ў галіне паэзіі ўручаў Эдуард Акулін. Ён, трымаючы інтрыгу ў голасе, зазначыў: “Я думаю, што гэты паэт заслужыў прэмію. Ён не спяшаўся да нас, у “Дзеяслоў”, і атрымаў узнагароду з другога разу”. Віктар Жыбуль, які ў камернай абстаноўцы быў не схільны чытаць і прамаўляць у сваёй звычайнай экспрэсіўнай манеры, адзначыў, што атрымаў прэмію ён “за вершы выпадковыя. Не… Не выпадковыя, бо напісаліся яны з натхненнем. Няхай будзе натхненне!” – прамовіў ён амаль тост і, як і Ігар Бабкоў, адзначыў вартасці сваіх канкурэнтаў. Пакуль Віктар Жыбуль выцягваў тэкст верша, які яго ўгаварылі прачытаць прысутныя, з месца выказаўся Леанід Дранько-Майсюк. Ён заўважыў, што Віктар “разважаў пра натхненне як закаранелы рамантык XIX стагоддзя”. Відаць, Леанід Васілевіч не такі далёкі ад ісціны нават не ў гэтай канкрэтнай заўвазе пра прамову, а пра ўсю творчасць Віктара Жыбуля, якая хаця і нясе прыкметы авангардызму, па сутнасці ёсць рамантычнай. Па словах самога Віктара Жыбуля, ён, “чалавек, які любіць раўнавагу”, аддаў бы прэмію таму паэту, які ў інтэрнэт-галасаванцы набраў найменей галасоў. Праўда, хто гэта, Віктар не ведаў, бо за сачыць за галасаваннем перастаў. Што да чыстай паэзіі, дык сп. Жыбуль асабліва адзначыў паэзію Ігара Сідарука, які ад правакацыйнай, сюррэалістычнай паэзіі з элементамі сацыяльнага сцёбу перайшоў да “чыстай любоўнай лірыкі”. “Мне наогул прыемна, – дадаў Віктар Жыбуль, – што паэты не стаяць на месцы. Вось узяць Ірыну Хадарэнка. Я не бачыў яе публікацыяў некалькі гадоў. Прыемна ўпэўніцца, што яна піша і трымае ўзровень”.
Прэмію за найлепшы дэбют уручаў былы старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Ён пачаў з “крамольнай думкі”, што менавіта гэтае адгалінаванне ёсць найгалоўнейшым, не толькі таму, што тут супернічаюць як паэты і празаікі, так і драматургі, а таму, што менавіта за сённяшнімі дэбютантамі будучыня беларускай літаратуры. Алесь Плотка, які і атрымаў прэмію за найлепшы дэбют, адзначыў, што ў прозвішчах усіх дыпламантаў па шэсць літараў. На думку сп. Алеся, гэта нагадвае “чорны мерсэдэс 6666”, які вязе беларускую літаратуру ў будучыню. Метафара дастаткова цьмяная, але дэбютант не стаў тлумачыць падрабязней.
Прэмію за ўклад у беларускую літаратуру, заснаваную часопісам “Дзеяслоў” разам з Алесем Усенем, уручаў сам сп. Усеня. Выбар дыпламанта ў гэтым годзе ён патлумачыў проста: “Хто з вас чытаў кнігі Міхася Калачынскага? Ды ніхто! А па гэтыя кніжкі пойдуць! – эмацыйна прамовіў ён, маючы на ўвазе “Беларускі кнігазбор”, якім і апякуецца сп. Цвірка – Нашыя зборнікі чытаць не будуць! А па гэтыя кніжкі пойдуць. Менавіта Кастусь Аляксандравіч Цвірка можа зрабіць так, каб творы іншых чыталі”. Па словах Алеся Усені, сёлета менавіта ён прапанаваў кандыдатуру Кастуся Аляксандравіча, журы ж пагадзілася з ім, звычайна ж суфундатар узнагароды не ўмешваўся ў рашэнне рэдакцыі, але, адказваючы на пытанні, ён зазначыў, што ёсць шмат вартых літаратараў старэйшага веку, які заслужылі ўзнагароду, сярод іншых ён назваў спадароў Гілевіча, Бураўкіна і Барадуліна.
У сваёй прамове Кастусь Цвірка падзякаваў рэдакцыі “Дзеяслова” і Алесю Усеню за тое, што яны адзначылі ягоную працу. Ён паведаміў, што нядаўна 60-ы выпуск “Кнігазбора” быў здадзены ў друк, усяго ж запланавана 200 тамоў. Адказваючы на пытанні, лаўрэат паведаміў, што не хоча гаварыць, каму б ён сам аддаў гэтую ўзнагароду, што тут “трэба падумаць”, каб каго-небудзь не пакрыўдзіць. Што ж да маладых літаратараў, то сярод іх выдавец адзначыў Віктара Жыбуля і Міхася Скоблу, дадаўшы, што ён мае “крыху скептычнае меркаванне” што да маладых творцаў і што “шмат пішацца вершаў вельмі пасрэдных”.
Пры канцы вечара, адказваючы на пытанні, Барыс Пятровіч расказаў, што “не бачыць тэндэнцыі” ў тым, што прэміі за прозу і паэзію сёлета атрымалі яскравыя прадстаўнікі мадэрнізму – Віктар Жыбуль і Ігар Бабкоў. Паводле ягоных словаў, часопіс і надалей будзе друкаваць прадстаўнікоў розных літаратурных плыняў. Аднак на думку сп. Пятровіча, гэта можа быць сведчаннем таго, што сама літаратура схіляецца ў гэты бок, што самыя цікавыя творы ствараюцца менавіта на глебе мадэрнізму, што “наперад выходзяць творцы, якім працуюць з мовай, яны на галаву вышэйшыя за іншых”, але “як часопіс зводзіцца адным чалавекам, так і беларуская літаратура – адзіная”.
Вынікі апытанкі ў намінацыі “Проза”.
Вынікі апытанкі ў намінацыі “Паэзія”.
Вынікі апытанкі ў намінацыі “Дэбют”.
Усе намінанты і іх творы онлайн:
Проза Славамір Адамовіч (№51) Ігар Бабкоў (№53) Ева Вежнавец (№55) Аксана Спрынчан (№50) Макс Шчур (№54) Паэзія Віктар Жыбуль (№53) Ігар Канановіч (№53) Мікола Касцюкевіч (№51) Ігар Сідарук (№54) Ірына Хадарэнка (№53) Дэбют Марына Варабей (№55) Змітрок Кузменка (№50) Алесь Плотка (№52) Юлія Цяльпук (№52) Наталля Ярмольчык (№52)
Андрэй Адамовіч, фота Аляксандра Ждановіча.