Адна з цэнтральных падзей Дня вулічнай музыкі і Ночы музеяў у Вільні — канцэрт Сяргея Башлыкевіча, саліста гурта Leibonik, проста ў панадворку Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча.

Сяргей Башлыкевіч на канцэрце ў Вільні
Публікі хапала на ўсіх імпрэзах у суботу ля музея — на кірмашы майстроў, пастанове вулічнага тэатра Вір, на майстар-класе па сярэднявечных танцах і іншых відовішчах, але, безумоўна, на вечаровым канцэрце Сяргея Башлыкевіча быў аншлаг.

Кірмаш беларускіх рамеснікаў у Вільні

На свяце з нагоды Дня вулічнай музыкі і Ночы музеяў у Вільні
Сяргей граў не толькі хіты з апошняга альбому Leibonik «Таm», аднаго з найлепшых беларускіх рэлізаў мінулага года, былі і больш даўнія.
Лідар Leibonik прызнаўся ў любові да Вільні: «Геаграфічная і ментальная блізкасць да Ашмянаў, можна схадзіць паесці ўсё, што мамка дома гатуе — кішка, цэпелінчыкі там і ўсё такое, паглядзець, як людзі выглядаюць, на якіх бэхах ікс пятых ездзяць. Максімальнае адчуванне Ашмянаў, у эстэтычным плане і не толькі, гэта не нешта благое, гэта так, агулам. Я заўсёды (адсюль) з такой настальгіяй звальваю...»

Сяргей Башлыкевіч на канцэрце ў Вільні
Музыка дзякаваў публіцы і прызнаўся: «Як з’ехаў з Беларусі, то і не думаў, што буду жыўцом выступаць». «Але прыехаўшы недзе праз паўгады пасля ад’езду з Беларусі ў Вільню, мяне прабіла — ну ё-маё, жывыя людзі, гэта так падаграе, дзякуй вялікі», — сказаў ён.

На канцэрце Сяргея Башлыкевіча ў Вільні быў аншлаг
Напрыканцы імпрэзы Сяргей Башлыкевіч паведаміў, што «бліжэйшым часам будуць яшчэ рэлізы, спадзяюся, будзе і новы альбом, трошкі менш самотны і больш прыдуркаваты, хаця будзе нешта і больш самотнае».

Сяргей Башлыкевіч на канцэрце ў Вільні
«І калі вы не паслухалі песню, якую мы выпусцілі на гэтым тыдні, «Ярылы крыж», то паслухайце. Я пра гэта нідзе не казаў непасрэдна, але для мяне гэта сапраўды прысвячэнне маім сябрам і сябрам маіх сяброў, адзін з якіх — Міраслаў Лазоўскі », - развітаўся Сяргей Башлыкевіч з беларускай віленскай публікай.

Сяргей Башлыкевіч на канцэрце ў Вільні






Чытайце неўзабаве інтэрв’ю з Сяргеем Башлыкевічам на нашым сайце.
Рыгор Сапежынскі, фота Стаха Войтава, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Юрый Стыльскі: «Што рабіць людзям, калі кіраўнік звар’яцеў?»