У малой выставачнай зале Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” праходзіць выстаўка “Баявыя нагалоўі засцерагальнага ўзбраення і харугвы беларускіх зямель XI-XVII стагоддзяў”, паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.
На выстаўцы прадстаўлены шлемы, а таксама даспехі, дзіды і харугвы XI-XVII стст. – усяго больш за 40 экспанатаў. “На прыкладзе кожнага шлема можна прасачыць развіццё майстэрства збройнікаў, а таксама ўбачыць практычна ўсе тыпы шлемаў, якія выкарыстоўвалі нашы продкі і іх сапернікі”, – расказалі спецыялісты. Вянцом экспазіцыі з’яўляецца рэканструкцыя шлема (які лічыцца страчаным) з вядомага даспешнага гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага сярэдзіны XVI стагоддзя, вырабленага вядомым еўрапейскім майстрам Кунцам Лохнерам.
Выстаўка “Баявыя нагалоўі засцерагальнага ўзбраення і харугвы беларускіх зямель XI-XVII стагоддзяў” будзе працаваць да канца года.