Кожны горад, кожнае паселішча на працягу ўсёй яго гісторыі суправаджае ўласнае антрапагеннае бедства — адкіды чалавечай жыццядзейнасці. Але менавіта там, у старажытных выграбных і сметнікавых ямах, у старадаўніх каналізацыях і сліўных дрэнажах, нярэдка знаходзяць найважнейшыя артэфакты існавання чалавечага мурашніка-горада, якія, апроч цікавых знаходак скарбаў ці выпадкова згубленых рэчаў, даюць даследнікам унікальныя магчымасці рэканструяваць простае, будзённае жыццё мінулых эпох. Што ж, з пазіцыі гісторыі ўпершыню можна падзякаваць за недабраякасную працу дворнікам і асенізатарам.
Сёння мы пагаворым пра тое, як і калі вуліцы і кварталы Мінска пачалі сістэматычна ачышчацца і каму трэба дзякаваць за гэта.
Усё вырашаюць «руры»
Нашыя далёкія продкі-менчукі ва ўсе стагоддзі вырашалі каналізацыйныя праблемы па-свойму — праз сістэму дрэнажных, адвадных і зліўных труб, вядомых па дакументах пад агульным найменнем «руры» (верагодна, слова «рура» паходзіць ад нямецкага Rohr/Ruhr — «труба»). Пасляваенныя раскопкі адкрывалі фрагменты каналізацыйнай сістэмы, аднак толькі археалагічныя працы 1980-х гг. дазволілі убачыць і зафіксаваць каналізацыйныя сістэмы больш дэталёва. Так, у 1986 г. былі знойдзены два адводы XVI–XVII стст., выкладзеныя ад пабудоў да адстойнікаў на адлегласці 30–40 м.
Мал. 1. Злева — схематычны план Менска вялікалітоўскага перыяду з пазначанымі стрэлачкамі дрэнажнымі і каналізацыйнымі каналамі і кірункамі іх зліваў; справа — мініяцюра з карты 1772 г. (Neue Charte von Pohlen...)
Унутры аднаго з будынкаў у падлозе, абкладзенай каменнем, было зроблена адмысловае паглыбленне, таксама выбрукаванае каменнем, ад якога адыходзіў драўляны латок на ўзроўні першага вянца. У другім будынку латок, пакладзены пад падлогай на лагі, пачынаўся недалёка ад сцяны і таксама выходзіў у адстойнік. Такія латкі высякаліся з суцэльнага ствала хвоі (інкалі — з дуба), які вычэсваўся да прастакутнага ў сячэнні канала, а вонкавыя бакі сценак пакідаліся паўкруглымі. Секцыі трубы злучаліся паміж сабой наступным чынам: бакавыя тарцы адной трубы счэсваліся да формы конуса, а другой — да формы варонкі і шчыльна падганяліся адзін да аднаго. Як і вадаадводы, каналізацыйныя трубы былі скіраваныя ў бок поймы Нямігі, што сведчыць пра слабую заселенасць гэтай часткі горада ў тыя часы.
Мал. 2. На здымку — каналізацыйны адвод ад зруба XVII ст., знойдзены ў 1986 г. На двух малюнках справа — тыпы мінскіх дрэнажных «рураў» XVII ст. (Па матэрыялах кнігі Русава П. А. «Деревянные сооружения Менска XIII–XVII вв.», 1992)
Падобныя камунікацыі меліся і ў сярэднявечнай Вільні. У дакуменце 1593 г. паведамлялася, што ўладальнік зламанай «руры», якая падтапіла хату суседа («гной, плюкгавства і вада плюнець і смрод велікій» ), абавязаны быў выракам месцкіх уладаў замясціць таму шкоду. Заканадаўства XVI–XVII стст. імкнулася вызначыць правы і абавязкі ўладальнікаў і карыстальнікаў «рураў». Напрыклад, у Гародні гандляры павінны былі сачыць за станам труб на рынкавым пляцы. У Вільні існавала нават пасада «рурніка», які адказваў за стан вадаводных і дрэнажных труб. Несумненна, што Менск вялікалітоўскага перыяду таксама імкнуўся вырашаць падобным чынам і свае гарадскія праблемы.
«Брудныя жарсці» горада Мінска
У XVIIІ ст. Мінск паціху аджываў і павялічваў колькасць насельніцтва — адпаведна, пры павольных тэмпах росту каналізацыйная праблема яшчэ не выглядала востра. Сітуацыю з «бруднай справай» змянілі новая палітычная ўлада (Расійская імперыя) і імклівая індустрыялізацыя ХІХ стагоддзя...
Мал. 3. Тыповы відарыс Ляхаўкі, здымак паміж 1901 і 1914 гг.
У той час як у краінах Заходняй Еўропы дзяржава, муніцыпалітэты і самі працоўныя прымалі шэраг мер для паляпшэння жыллёвых умоў, у Расійскай імперыі амаль нічога ў гэтым кірунку не рабілася. Гарадское самакіраванне, з прычыны цэнзавага выбарчага права, складалася практычна цалкам з прадпрымальнікаў і буйных домаўладальнікаў. Зразумела, што патрэбы «люду простага стану» іх мала цікавілі. А калі ў некаторых губернях і выдавалі пастановы па паляпшэнні жыллёвых умоў у даходных дамах і працоўных кварталах, то патрабаванні да домаўладальнікаў выглядалі болей чым сціплымі.
У Мінску, як і ў іншых гарадах Беларусі, за імперскім часам каналізацыйных сістэм не існавала. Выдаленне бруду з кварталаў каменнай забудовы рабілася асенізацыйным абозам гарадскога кіравання і прыватнымі асобамі, а на ўскраінах драўлянай забудовы — самімі жыхарамі. Спробы гарадской адміністрацыі манапалізаваць гэтую справу выклікалі незадаволенасць сярод буйных домаўладальнікаў, якія асцерагаліся, што горад узмоцніць кантроль за ачысткай выграбных ям і павысіць кошты за паслугі па асенізацыі.
Мал. 4. Асенізацыйны абоз на вуліцах губернскага горада
Непрыбытковасць гарадскога асенізацыйнага абозу з прычыны свабоднай канкурэнцыі з прыватнымі прадпрымальнікамі з’яўлялася прычынай страты ў гарадскога ўпраўлення ўсякай зацікаўленасці ў бок яго паляпшэння. Так, у 1897 г. гарадскому абозу неабходна было вывезці 83 950 бочак бруду, а ён вывез усяго толькі 17 795 бочак — то-бок, толькі пятую іх частку.
Куды падзеўся бруд, які не патрапіў у асенізацыйныя бочкі? Гэта няцяжка сабе ўявіць. Натуральным каналізацыйным калектарам для большай часткі домаўласнікаў служылі Свіслач і Няміга, памыі часта выліваліся проста на вуліцу або ў прысядзібныя выграбныя ямы.
Мал. 5. Ляхаўка, адно з самых імкліва разбуйнелых прадмесцяў Мінска, перыядычна літаральна захлыналася праз адсутнась інжынерных сістэмаў — паводкі, сыход снегу, дажджы ператваралі раён амаль у востраў, які да таго ж пачынаў і пахнуць адпаведна
У аддаленых ад Свіслачы і Нямігі прадмесцях выкопваліся паглынальныя («мёртвыя») калодзежы. Дзякуючы дазволу бязвольнай гарадской адміністрацыі на прабіццё ўласных каналізацыйных калодзежаў, іх у 1912 г. па горадзе налічвалася амаль 100. Зразумела, што кантроль за глыбінёй шахтаў ніхто не праводзіў, і вадкі бруд лёгка пранікаў у падглебавы пласт. Улічваючы, што горад доўгі час, нават і апасля ўладкавання цэнтральнага водазабеспячэння, карыстаўся прыватнымі калодзежамі і студнямі, нізкая якасць вады і забруджаная глеба рабіліся небяспечнымі спадарожнікамі гарадскога жыцця і здароўя.
Мал. 6. Грушаўка, Уборкі, Добрыя Мыслі, ператварыўшыся ў індустрыяльныя прычыгуначныя раёны, пакутавалі на хаатычную забудову і адсутнасць цэнтралізаванай сістэмы каналізавання вуліц. На верхнім здымку — прыватны сектар Грушаўкі першай паловы ХХ ст., на ніжнім — прыклад тыповага асенізацыйнага воза
Яшчэ адной праблемай горада заставаліся прыбіральні. Так, для губернскага Мінска знаёмства з грамадскімі прыбіральнямі расцягнулася на гады, а, як паказвае іх стан і сёння — то і да нашага часу. Адсутнасць цэнтралізаванай каналізацыі змушала задавольвацца выгодамі на дварах. На прыватных участках стаялі «рэтырады» — звычайныя надворныя прыбіральні з дзіркай у падлозе над ямай. Пасля паводкі і вялікага снегу гарадскія ўлады прымушалі ўласнікаў сваім коштам і сіламі прыбірацца на ўчастку і наўкол. Для жыхароў ускраін самым простым спосабам развязацца з праблемай было перанесці прыбіральню на новае месца. У цэнтры горада так зрабіць было немагчыма: для пераносу патрабаваўся дазвол ад уладаў, а старую яму ўсё роўна трэба было ачысціць і засыпаць. Часта домаўласнікі сумяшчалі чыстку «рэтырады» і выграбной ямы. Каб не аплочваць паслугі асенізатараў, дачакаўшыся маразоў, калі змесціва ямы ператваралася ў цвёрдую масу без паху, домаўладальнікі выдалялі яго самастойна — напрыклад, ціхенька вывозілі за горад пад выглядам бруднага лёду.
Мал. 7. Не кожны горад мае ў якасці мясцовай славутасці, цікавосткі ці падання... прыбіральню. Аднак стогадовы будынак грамадскай прыбіральні (а сёння — тэатральных касаў Купалаўскага тэатра) у адмысловым стыли позняга ракако на ўскрайку Аляксандраўскага сквера можа паслужыць не толькі цікавым архітэктурным і легендарным аб’ектам, але і маўклівым помнікам даўняй гарадской праблемы
Уладальнікі шматпавярховых будынкаў у цэнтры горада былі змушаныя звяртацца па дапамогу да прыватных асенізатараў. «Брудная вайна» паміж гарадскімі ўладамі і прыватнікамі за кантроль і ўнармаванне асенізацыйных паслуг кожны раз заканчвалася не на карысць першых: пры гарадскім галаве Каралі Гутэн-Чапскім быў выкуплены прыватны абоз, але ператварыць яго ў паўнавартасную мінскую камунальную службу не давялося, бо домаўласнікі ўсё роўна аддавалі перавагу прыватнікам, дамовіцца з якімі было нашмат прасцей. Прэйскуранта на паслугі не існавала, плацілі па дамоўленасці, а лішні рубель прымушаў «брудавозаў» працаваць сумленна, пакінуўшы пасля сябе чысціню і парадак. Гарадавыя ж «абозныя» лічылі ўборку за сабой абавязкам мясцовага дворніка.
Мал. 8. У Расійскай імперыі асенізатараў называлі «залатарамі» («золотарь»), бо лічылі іх прафесію, пры ўсё яе непапулярнасці, досыць прыбытковай. Само ж каналізацыйнае змесціва, якое звычайна вывозілася па начах, іранічна называлі «начным золатам». Працавалі «брудавозы» часта ўдвох. Рэдкі прыватнік мог пахваліцца пнеўматычнай бочкай, якая давала права выконваць сваю працу днём, бо астатнія, хто карыстаўся бочкай, вёдрамі ды каўшом на доўгай ручцы, павінны былі выконваць «брудныя» функцыі з 12 гадзін ночы да 5 раніцы
Аднак праблема вывазу бруду па-ранейшаму востра стаяла і перад гарадскімі ўладамі і перад домаўласнікамі. Увесну 1915 г. домаўладальнікі стварылі «Таварыства па арганізацыі ў Мінску асенізацыйнага абозу». У тым жа годзе гарадская ўправа вызначылася з «афіцыйнымі» месцамі для зліцца бруду — асенізацыйныя абозы накіроўваліся за Старажоўскія могілкі, у глухія куты Камароўкі і ў раён пад назвай Тры Карчмы (цяпер раён Велазавода). Ажыццявіць задуманыя змены ў камунальнай гаспадарцы перашкодзілі Першая сусветная і рэвалюцыйныя падзеі. Спрабавалі вярнуцца да гэтай праблемы і польскія ўлады ў лістападзе 1919 г.
Мал. 9. «Брудавоз» у наваколлі губернскага горада
Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў на пасяджэнні ад 20 студзеня 1921 г. прасіў прэзідыум ЦВК «больш хуткага выдзялення 30 коней для арганізацыі асенізацыйнага абозу». Аднак каналізацыйнымі паслугамі і тады была ахоплена толькі невялікая частка горада. У ваколіцах і прадмесцях, дзе асенізатары і раней выконвалі абы-як свае функцыі, лепей таксама не стала — цяпер, з адменай начной змены, абозы на разбітых колах з перапоўненымі, слаба закрытымі бочкамі можна было сустрэць і днём. Адбываліся і надзвычайныя здарэнні, калі бочкі пераварочваліся, разбіваліся, ператвараючы вуліцу ў клааку.
Хаця яшчэ ў 1930-х гг. распачалася механізацыя асенізатарскай працы, але толькі пасляваеннае развіццё цэнтральнай каналізацыі разам з імклівым ростам горада і максімальнае механізаванне працэсу дапамаглі большасці мінчан забыцца на прафесію «брудавоза». Насамрэч пытанне заставалася да канца не вырашаным і за савецкім часам, пакуль існавалі пасляваенныя кварталы самабудаў, баракаў і старой прыватнай забудовы — яго канчатковае закрыццё расцягнулася на дзесяцігоддзі...
Гарадскія спецагенты: дворнікі
Дворнік — самая, падаецца, звыклая гарадская прафесія ў камунальнай службе. Але, што цікава, яе паходжанне ў нашай гісторыі не зусім высветлена. Выданне «Старабеларускага лексікону» не ведае ні такога тэрміну, ні сіноніма да яго, а «Слоўнік» Насовіча 1848 г. падае формы «дварак» («дворяк», у сэнсе гаспадарскага служкі) і «дазорца» («дозорець»), якія могуць быць водгаласкам старадаўніх найменняў. У польскай традыцыі носьбіта гэтай прафесіі звычайна называюць «dozornik» / «dozorca domowy» ( «вартаўнік, даглядчык дома»), але больш старой формай быў «stróż» («стражнік») або «dwornik» (падстараста фальварковы).
Мал. 10. Вобраз тыповай дробнай «гасподы» з малюнка Артура Гротгера і выявы «людзей стану простага» з рукапіса XVI ст. даюць прыблізнае ўяўленне аб функцыях і побыце тагачасных «дворнікаў»
У Масковіі, з выданнем у 1669 г. царом Аляксеем Міхайлавічам Раманавым наказа «О градском благополучии», традыцыйна пачынаецца прафесійная гісторыя дворніка. І ў адной, і ў другой гістарычнай традыцыі прафесія дворніка ўзыходзіць да інстытута найманых дробных аканомаў (старастаў, упраўляючых), — звычайна, людзей з «стану простага», якія займаліся ў асноўным аховай гаспадарскага двара («гасподні») — панскага, шляхецкага (у Рэчы Паспалітай) або баярскага (у Масковіі) — верагодна, за права бясплатна жыць у іх. Тагачасныя «дворнікі», каб пракарміцца, займаліся і іншымі працамі, не звязанымі з гасподняй, — ад рамесніцтва да гандлю. Калі служба праходзіла на гаспадарскім двары ў межах горада, магчыма, такія «дазорнікі» прыцягваліся і да месцкай абароны (напрыклад, існавала павіннасць «stróżа» для земскай абароны памежных фартэцый).
Мал. 11. Фрагмент палатна К. Савіцкага «Дворнік» (1880)
У Расійскай імперыі дворнікі, як і шмат іншых цывільных прафесій, фактычна былі звязаныя з паліцэйскай сістэмай: мала таго, што ў дворнікі часта бралі былых вайскоўцаў, прычым у буйных гарадах — нават адстаўных унтэр-афіцэраў (вышэйшы афіцэрскі чын для чалавека недваранскага паходжання), дык дворнікі фактычна лічыліся пазаштатнымі супрацоўнікамі паліцыі — атрымоўвалі ад яе даплаты, а часам і дзяржаўныя ўзнагароды. Калі не засяроджвацца на функцыях дворнікаў як паліцэйскіх інфарматараў, то асноўнай працай іх было ўсё ж месці або паліваць вуліцы (у залежнасці ад пары года і надвор’я), прыбіраць лёд і снег, забяспечваць дом дровамі, выносіць смецце і не пушчаць у двор непажаданых наведвальнікаў, асабліва ў цёмны час.
Мал. 12. У адрозненне ад фота з іншых буйных гарадоў Расійскай імперыі, на тагачасных здымках постаць (а тым больш — партрэт) мінскага дворніка — вялікая рэдкасць. Не апошнюю ролю ў гэтай «шпіёнскай засакрэчанасці» адыгрываў этнічны складнік, а таксама, верагодна, меншая злучанасць з паліцэйскімі органамі
З надыходам снежнай зімы жыццё мінскага дворніка ператваралася ў сапраўднае пекла.
Снег накрываў вуліцы і тратуары, прымусіўшы гараджан хадзіць толькі па пратаптаных або расчышчаных дарожках. Больш-менш свабоднымі ад снегу выглядалі толькі цэнтральныя вуліцы Мінска. Домаўласнікаў гэтай часткі горада абавязвалі трымаць прылеглыя тратуары ў чысціні і штодня прыбіраць іх ад снегу і ад лёду раніцай. Дворнікі выконвалі працу на свой капыл — утаптаны снег рэдка дзе счышчалі да голага бруку. Але пляцы ля ганка дома губернатара, перад храмамі, тэатрамі і цэнтральныя тратуары ўздоўж асноўных гандлёвых вуліц падтрымлівалі ў чысціні — стары горад тады меў кампактныя памеры, так што цэнтральная частка выглядала ўсё ж няблага. Лішкі снегу з тратуараў вывозілі рэдка, таму ходнікі аказваліся адрэзанымі ад праезнай часткі высокім снежным валам. Снег з праезнай часткі вывозіўся за горад у месцы, вызначаныя гарадскімі ўладамі.
Мал. 13. Праца дворніка ў зімовы час была самай цяжкой і, фактычна, бясконцай
Той, хто цікавіцца мінулым сталіцы, можа заўважыць, што сярод захаваных фотакартак ХІХ — пачатку ХХ стст. «прыгожых зімовых відарысаў» горада бракуе, асабліва гэта заўважна па адсутнасці «непарадных» вуліц ці прадмесцяў. Калі б здымкі тых часоў былі каляровымі, то зімовы Мінск меў бы спецыфічную афарбоўку, за якую, праўда, было б сорамна і фатографу таксама: варта было ўсталявацца на некалькі дзён бясснежнаму марознаму надвор’ю, як вуліцы горада «расквітневалі» рознакаляровымі плямамі памыяў, непрыбранага бруднага снегу і конскіх ляпёхаў.
Мал. 13а. Старажытная цэнтральная частка зімовага Мінска ўзору 1918 г. выглядае няблага. Аднак у прадмесцях і другасных раёнах такую прыемную карцінку ўбачыць было амаль немагчыма
Як было зазначана раней, цэнтралізаванай каналізацыі ў горадзе не было. Існавалі выграбныя ямы, якія патрабавалі сваечасовага іх ачышчэння (а ў другой палове ХІХ санітарныя службы горада пачалі інспектаваць і наказваць рублём сквапных домаўласнікаў), для чаго было патрэбна выклікаць асенізатараў і плаціць ім за паслугі. Кватэранаймальнікі, людзі часам небагатага дастатку, якія таксама неслі расходы па ўтрыманні прыбіральняў, каб менш плаціць і не гнявіць домаўласніка, часам на досвітку злівалі начныя гаршкі і памыі ў рындштокі (дажджавыя дрэнажы ўздоўж вуліц). За зіму такое «начынне» вадастокаў і дрэнажаў, хоць і прысыпанае клапатлівымі дворнікамі зверху снегам і пясочкам, непазбежна выходзіла наверх, а з надыходам цяпла ці адлігі ператваралася ў брудныя ручайкі.
Мал. 14. За якасцю працы дворніка (у якія ішоў просты люд з рабочых раёнаў або ўвогуле пераехалыя ў горад вяскоўцы) сачылі гарадавыя і паліцыянты, а не самі домаўласнікі, — бюракратычная сістэма мела намер караць штрафам нядбайнага працаўніка
З усталяваннем бальшавісцкай улады прыватная ўласнасць была скасавана, жыллё — нацыяналізавана, разам з гэтым скасаваны прэферэнцыі (пакойчык для пражывання) і ўласна самі дворнікі. Клопат па падтрыманні парадку і чысціні быў перакладзены на жыхароў дамоў. Па графіку, усталяваным дамавым камітэтам, жыхары выходзілі на гадзіну-дзве, каб прыбрацца ў двары. Зразумела, у такіх умовах аб якасці ўборкі, як і аб справядлівасці падзелу функцый размовы не йдзе. Неўзабаве ад такога падыходу адмовіліся і абавязалі дамавыя камітэты вярнуць дворнікаў хаця б у шматкватэрныя дамы. Але і гэтыя захады, асабліва ў зімні перыяд, не дазвалялі справіцца з аб’ёмам працы. Савецкая сістэма магла функцыянаваць толькі пры ўмове эксплуатацыі дармовай працоўнай сілы, таму штодня беспрацоўныя мінчане ішлі на плошчу Свабоды ў Дом працы і атрымлівалі разнарадку, пасля чаго брыгадай накіроўваліся на расчыстку самых засыпаных вуліц. Толькі ў канцы 1920-х гг. стала зразумела, што такая амаль рабская праца таксама паказвае нізкія вынікі.
Мал. 15. Снегаўборачная машына С-3 на базе ЗІС-5. Ілюстрацыя з каталога машын, механізмаў і збудаванняў па санітарнай ачыстцы гарадоў; Мінкамгас РСФСР, 1951 г.
Да сярэдзіны ХХ стагоддзя мінскія дворнікі амаль нічым не адрозніваліся ад дворнікаў расійскіх гарадоў. Механізацыя і цэнтралізацыя сістэмы гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі зрабіла прафесіі як дворніка, так і асенізатара менш значнымі і больш другаснымі.
Змітро Пілецкі, budzma.org
Асноўныя крыніцы ілюстрацый: wikimedia.org, pastvu.com, pinterest.com