Беларус супраць украінца на чужой вайне

Новы выпуск на YouTube-канале CHADANOVIČ прысвечаны Максіму Гарэцкаму – першапраходцу еўрапейскай антываеннай прозы, паведамляе тэлеграм-канал Андрэя Хадановіча. Адзін з моцных твораў Максіма Гарэцкага – апавяданне «Рускі» – пра тое, як беларус забівае ўкраінца, пасля чаго называе сябе «рускім, рускім, рускім».


З новага выпуска гледачы даведаюцца: 

– як беларусы, мірныя людзі, робяцца на вайне забойцамі; 

– чаму беларусы гінуць і губяць сябе і іншых за чужыя інтарэсы; 

– як Максім Гарэцкі мог апынуцца ў адным пантэоне з беларускімі класікамі Купалам, Коласам і Багдановічам; 

– чаму чалавечнасць у апавяданні «Рускі» ледзьве не перамагла, але, на жаль, не перамагла. 

Перад праглядам стваральнікі канала раяць перачытаць кароткае апавяданне. Гэта зойме не больш за 10 хвілін, але прымусіць думаць і суперажываць, бо Максім Гарэцкі, як ніхто іншы, умеў злучыць дакументалістыку з філасофска-лірычнай прозай.