Яшчэ пяць гадоў таму ідэя анлайн-кінафестываляў выглядала суцэльнымі дурыкамі. Ну каму, акрамя зацятых сацыяпатаў і вечна занятых людзей, сапраўды цікава сядзець дома і глядзець стос стужак, паказ якіх тым больш абмежаваны па часе? Безумоўна, толькі сапраўды адданай аўдыторыі. Дзякуючы ёй і праіснаваў BelarusDocs, аб’ектам цікавасці якога стала беларуская дакументалістыка, пакуль не наступіў пераломны 2020 год.
Пандэмія каранавіруснай інфекцыі замкнула ўсіх па хатах — і ў гэтай сітуацыі вымушанай асацыяльнасці менавіта паказы ў анлайне сталіся звышактуальнымі і адзіна магчымымі. Што ўрэшце і зрабіла з не самай папулярнай ініцыятывы злабадзённую культурную падзею, на зайздрасць вялікім фестывалям, вымушаным адмяніць паказы ці перанесці іх на пазнейшы тэрмін.
Пафас звышактуальнасці BelarusDocs-2020 трошкі асадзіў рэпертуар паказаў, у які трапілі безумоўна якасныя, але не самыя новыя стужкі. Пра нейкія мы ўжо амаль два гады таму пісалі — гэта высунутая ад Беларусі на апошні «Оскар» драма «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнка пра тэатр у жаночай турме і ўцягнутае ў цэнзурны скандал на «Лістападзе-2018» экзістэнцыяльнае назіранне за сталымі людзьмі «Перазімаваць» Евы-Кацярыны Махавай. Больш за тое, у Андрэя Куцілы (удзельнічаў ў праграме з «Царом гары» 2017 года выпуску) нядаўна паспелі выйсці як мінімум дзве ўплывовыя стужкі («Сума» і «Стрыптыз і вайна»). Але пры гэтым пэўная «спозненасць» не вельмі пашкодзіла фестывалю, бо беларускага кіно на экранах (кінатэатральных ці тэлевізійных) усё адно не хапае. Скардзіцца ў такой сітуацыі — не найлепшая справа, глядзець дакладна была што і пра каго. Раскажам пра тры найбольш яскравыя стужкі.
Цікава, што самым папулярным сёлета стаў жанр кінапартрэта, з дапамогай якога аўтары распавялі пра тэмы, якія іх сапраўды хвалявалі. Класічны прыклад — драма «Трэнер» Вольгі Абрамчык, знятая для тэлеканала «Настоящее время». Яе героем стаў трэнер зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе Алег Кірылаў, які вучыць сваіх падапечных працы ў камандзе. Адзіны нюанс: усе спартоўцы — інваліды па зроку, таму спасцігнуць рамяство валодання мячом у поўнай цемры атрымліваецца не такім ужо простым выпрабаваннем. Вось на нюансах спаборніцтва аўтарка і факусуе ўвагу, не занураючыся ў прыватнае жыццё Кірылава і футбалістаў. Атрымліваецца амаль галівудская гісторыя пра цяжкую працу і справядлівы поспех (каманда ўвесь час рыхтуецца да гульні, дзе перамагае сапернікаў), якой падчас не хапае драматычнай глыбіні і лаканічнасці выказвання. З іншага боку, натхняльных аповедаў пра тое, што усё магчыма нягледзячы на фізічныя абмежаванні, не такая частая з’ява для беларускага кіно.
Згаданы вышэй «Цар гары» Андрэя Куцілы таксама выкананы як кінапартрэт каларытнага героя — праваслаўнага хіпі, ідэйнага фермера і апантанага блогера Сямёна Дзьячка. Толькі аўтара цікавіць не вонкавы вобраз, як у тым жа «Трэнеры», а ўнутраныя працэсы, якія завялі героя ў тупік. Рэч у тым, што мужчына развязаў сапраўдны канфлікт з чыноўнікамі сельсавета, якія выпісалі яму мноства штрафаў за разгільдзяйства: то авечкі калгаснае поле патапталі, то бутэлькі ад віна пасярод двара раскіданыя. У адказ фермер аб’яўляе галадоўку. Спачатку падобны на панылую публіцыстыку (бюракраты перашкаджаюць прагрэсіўнай моладзі жыць у вёсцы), фільм аказваецца тонкай камедыяй нораваў. Сучаснай трагікамічнай «абломаўшчынай», дзе галоўны герой сам аказваецца прычынай усіх сваіх бедаў. Ён даручае свой лёс богу, сляпому выпадку і чорт яшчэ чаму, толькі б не браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнні, ад якіх залежаць яго гаспадарка і сям’я. Выклік, да якога летуценны Сямён быў не гатовы.
Нечаканым адкрыццём для многіх гледачоў, безумоўна, стала (і стане, калі вы яе ўбачыце) стужка «Фальклор і жыццё» Юрыя Цімафеева. Непрыкметная назва толькі часткова адлюстроўвае галоўную тэму — разгляд сукупнасці паганскіх абрадаў праваслаўных беларусаў, так ці інакш звязаных з мужчынскай і жаночай цялеснасцю. Аўтар візуалізуе мноства рытуалаў, звязаных са жнівом, пасадкай садавіны, шлюбам маладых ды іншым, для нагляднасці рэканструюючы іх з дапамогай запрошаных актораў. Атрымліваецца амаль навукова-папулярнае падарожжа (толькі без закадравага голасу) у мінулае для самых дарослых, дзе паміж градак буракоў бегае мужык без майткоў, прыкрыўшы азадак ручніком, а дзеўкі агаляюць грудзі, каб жыта добра каласілася. Для зараджанага на больш кансерватыўныя каштоўнасці «Беларусьфільма», дзякуючы якому фільм і паўстаў, «Фальклор і жыццё» атрымаўся у найлепшым сэнсе слова дзёрзкім і хуліганскім праектам. Хаця месцамі «клубнічка» выкарыстоўваецца эксплуатацыйным чынам, што выглядае не вельмі ахайна, але як правакацыя працуе вельмі добра. Што тут скажаш, сэкс — усяму галава!