• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • «Пра тэхналогіі і не толькі»
  • Афіша
02.08.2022 | Грамадства Замежжа Літаратура

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку»

Украінская паэтка Ія Ківа распавяла пра вымушаны ад’езд з Данецка, страх перад вайной і ўзаемную цікавасць да Беларусі.


73.jpg

Ія Ківа — украінская паэтка, журналістка і перакладчыца з Данецка. Вымушаная перасяленка. З 2014 жыве ў Кіеве, аўтарка двух паэтычных зборнікаў. У 2021 выдала кнігу «Ми прокинемось іншими: розмови з сучасними білоруськими письменниками про минуле, теперішнє і майбутнє Білорусі».

— Цяпер шмат інфармацыі пра новыя войскі, вайну, пра новую расейскую агрэсію. Вы баіцеся, у вас ёсць трывожная валізка?

На пытанне пра страх адказваць даволі складана. Расейска-ўкраінская вайна ідзе з 2014 года, і пагроза поўнамаштабнай вайны або чарговай гарачай фазы на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей вісіць над Украінай пастаянна. Адзінае, што мяне турбуе на фоне таго, што адбываецца: 

чаму мы за восем гадоў усёй краінай не прайшлі курсы па стральбе і аказанні першай медыцынскай дапамогі. 

Мне здаецца, гэтыя навыкі не былі б лішнімі нават у якасці седатыўнага сродку. Але я не эксперт у гэтым пытанні і не вазьмуся ацэньваць, наколькі такая задача здзяйсняльная і эфектыўная.

Я, безумоўна, сачу за навінамі, чытаю аналітыку, гляджу, чым дзеляцца людзі ў сацсетках, і спрабую ўбачыць у тым, што адбываецца логіку, зразумець, каму могуць быць выгадныя тыя ці іншыя сцэнары, уключыць фантазію і ўявіць патруляванне ўкраінскіх гарадоў расейскімі акупацыйнымі войскамі і гэтак далей. І ўсё кажа пра тое, што пераход да адкрытага наступу зробіць немагчымым «іх там няма» і байкі пра братэрскую любоў, што ў вялікай вайне для Расеі няма ні эканамічнай выгады, ні нейкай кампенсаторнай функцыі, як было гэта з нацысцкай Германіяй, якая прайграла ў Першай сусветнай вайне. Але, з іншага боку, хіба варта шукаць логіку ў дзеяннях гопніка? А Расея паводзіць сябе менавіта як дзяржава-гопнік: дэманструе сілу проста таму, што можа. І адзінае, што застаецца цяпер украінцам, — жыць паводле прынцыпу «хочаш міру — рыхтуйся да вайны», не спяшаючыся супакойвацца, калі імперскі дыназаўр чарговым разам хавае кіпцюры і зубы.

А трывожную валізку я не збіраю. Я і ў 2014-м яе не збірала. Строга кажучы, валізка з’явілася ў мяне толькі летась, калі трэба было паехаць на паўгода ў Польшчу на стыпендыю Gaude Polonia, таму што неабходныя мне рэчы ў заплечнік, з якім я прыехала з Данецка ў Кіеў, туды б не змясціліся. Плюс з досведу магу сказаць, што знесці на сабе можна не вельмі шмат, толькі жыццёва неабходны мінімум.

74.jpg
Чаркаскі кніжны фестываль, 2019; з асабістага архіву

— Як гэта — жыць 8 гадоў у выгнанні з роднага горада?

Я нядаўна сама сабе задала тое ж пытанне і зразумела, што вось ужо восем гадоў жыву ўнутры нейкай неверагоднай стомы, якая, як каменная падушка, ляжыць на твары і не дае нармальна дыхаць. Або ўнутры кашмару з мноствам пакояў, па якіх ты ідзеш, ідзеш, ідзеш і не можаш прачнуцца. Жыццё, безумоўна, працягваецца. Але вайна працягваецца, у тым ліку і ў інфармацыйнай сваёй частцы. І ўкраінскае грамадства жыве ў стане прымусовай інваліднасці, калі планы, надзеі, мары ў любы момант могуць апынуцца чымсьці няважным, другасным, паколькі імперскія комплексы Расейскай Федэрацыі важнейшыя. Гэта як калі б у вас было дзве здаровыя нагі, але вы ўвесь час вымушаныя скакаць на адной, абапіраючыся на мыліцы, таму што нармальна хадзіць вам проста не даюць.

— Чаму вайна на Данбасе навучыла ўсіх украінцаў? Ці ёсць паніка ў грамадстве ў сувязі з новай пагрозай?

Спектр эмоцый у людзей вельмі розны: хтосьці панікуе, хтосьці пераводзіць чарговую суму грошай на патрэбы ўкраінскага войска, хтосьці працягвае жыць звычайным жыццём, хтосьці не верыць, што вайна пяройдзе ў поўнамаштабную фазу, хтосьці ратуецца мастацтвам. 

Ва ўсякім выпадку, грэчку, запалкі і соль у тым раёне Кіева, дзе я зараз жыву, з прылаўкаў не змятаюць.

Калі параўноўваць з 2014 годам, у нас зараз ёсць армія, у некаторых украінцаў — досвед удзелу ў ваенных дзеяннях, аказання ваеннай медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, валанцёрства, амаль ва ўсіх украінцаў — вопыт дапамогі арміі, вымушаным перасяленцам або тым, хто працягвае жыць у акупацыі ў Крыме, Данецкай і Луганскай абласцях, грашыма, рэчамі або медыкаментамі. І яшчэ я ведаю дакладна, што ў нас бываюць спрэчкі праз мову, праз розныя гістарычныя і сучасныя бэкграўнды, праз рознае разуменне тых ці іншых рэчаў, але гэта ўсё ўнутраныя ўкраінскія дыскусіі, і асацыяваць з «рускім светам» сябе дакладна ніхто не хоча, таму што «рускі свет» — гэта руская вайна. Як правіла, на тэрыторыях чужых дзяржаваў. Гэта, магчыма, прагучыць дзіўна, але я думаю, што за гэтыя восем гадоў украінцы навучыліся быць украінцамі. Менавіта украінцамі, а не некім яшчэ.

75.jpg Данецк, 1985 або 1986, каля Данецкага краязнаўчага музею; сямейны архіў

— Як вы пакідалі гэта ўсё? Можаце расказаць пра свой ад’езд?

Калі з горада сышла ўся ўкраінская ўлада (хоць ці ўкраінская яна — пытанне адкрытае), стала зразумела, што вайна — гэта надоўга. Тады казалі — гадоў на пяць-сем. Але гэта інтуітыўнае разуменне чамусьці ніяк не хацела складвацца ў цэлае з тым, што вымушаны ад’езд — таксама гадоў на пяць-сем. Мне здаецца, людзі прыблізна так думаюць пра сваіх мёртвых. Растлумачу на сваім прыкладзе: майго бацьку забілі ў 2010 годзе, і адной часткай сябе я разумею, што яго няма ў жывых, а іншая пастаянна бачыць сны аб яго вяртанні, у якіх я спрабую яго распытаць, дзе ж ён быў увесь гэты час. Так і з вайной: ты адначасова верыш і не верыш у тое, што адбываецца, разумееш, што гэта адбываецца з табой, і адмаўляешся гэта разумець.

76.jpg Данецк, 2007 ці 2008; сямейны архіў

А з’язджала я вельмі смешна. Цягнула паперкі з назвамі розных гарадоў, запалкі, кідала манетку… 

Калі цябе ніхто нідзе не чакае, у прынцыпе ўсё роўна, куды ехаць. Кіеў я выбрала ў выніку з дзвюх прычын: мне здавалася, што ў выпадку чаго людзі тут будуць абараняцца (а ў пачатку вайны танкаў з боку Чарнігава асцерагаліся даволі сур’ёзна), а яшчэ я хацела, каб горад быў вялікі, як Данецк. Ну, і некалькі разоў да вайны я ў Кіеве ўжо была — гэта неяк супакойвала трывогу невядомасці.

— Цяпер многія беларусы вымушаныя з’язджаць. Што вы ім можаце параіць?

Я хачу вам нагадаць фільм «Восень у Нью-Ёрку». Там бабуля галоўнай гераіні — жанчына, якая страціла багацце, у якой памерла дачка ў маладым узросце, і якая жыве з адчуваннем, што ў любы момант ад невылечнай хваробы можа ў яшчэ больш маладым узросце памерці і яе ўнучка, — кажа: «Паглядзі на мяне, хіба я падобная да чалавека, які можа камусьці нешта раіць?»

77.jpg З Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай. Чарнігаў, міжнародны фестываль «Литавры», 2019; аўтарка фота — Анна Арсеніч-Баран


Не ведаю, ці маю права я камусьці нешта раіць, але магу сказаць пра тое, што дапамагае асабіста мне: ніколі не здавацца, па магчымасці не азірацца назад — нагадаю тут пра гісторыі Арфея і жонкі Лота, супраціўляцца мове нянавісці і памятаць, што каханне — вялікая сіла. Ну, і жыць па прынцыпе carpe diem — нічога не чакаць і цаніць любую магчымасць для радасці.

— Зараз у Кіеве вам камфортна? Кіеў — дом?

Сваім Для мяне Кіеў не стаў. Ці я не стала для яго сваёй. 

Я не адчуваю тут сябе дома або што мне ёсць куды вяртацца. Я апынулася ў гэтым горадзе ў не самы лёгкі для сябе і краіны час, і ў першыя тры гады вайны сутыкнулася з такой колькасцю стэрэатыпаў у дачыненні да людзей з Данецка, ксенафобіі і агрэсіі, што ў мяне проста няма сіл пра гэта забыцца. Пры гэтым я разумею, што так працуе прапаганда і што гэта не ўсе жыхары Кіева. Але ў той перыяд мая ўразлівасць была нашмат большая, чым цяпер, і ўсё гэта кожны раз збівала з ног. Кажу пра гэта з вялікім шкадаваннем. Будзем спадзявацца, што калі наша з Кіевам гісторыя і не стала гісторыяй узаемнай любові, то хоць бы стала працяглым знаёмствам, на працягу якога мы адзін аднаго часам радавалі і, можа быць, нечаму змаглі навучыць, нечым адно з адным падзяліцца.

— Давайце зноў вернемся да Беларусі. Як вы зблізіліся з беларускімі пісьменнікамі, пачалі перакладаць з беларускай?

Ва ўсім, як заўсёды, вінаватая паэзія. У 2016 годзе я пазнаёмілася на «Форуме выдаўцоў» у Львове з Андрэем Хадановічам і Антонам Рудаком — так у маёй бібліятэцы (праўда, пасля 2014-га я яе не збіраю) апынулася першая кніга на беларускай мове, паэтычны зборнік Антона «Верхні горад». А праз год я пачула на адным з кіеўскіх фестываляў, як беларускія паэты і паэткі чытаюць свае вершы. І даволі моцнае ўражанне на мяне тады зрабіла Юля Цімафеева, не толькі тэкстамі, але і экспрэсіўнай манерай чытання. Так я пачала патроху перакладаць яе тэксты — спачатку для сябе, а потым і публічна. Пазней мы рабілі шэраг сумесных мерапрыемстваў з ёй і Альгердам Бахарэвічам на чарнігаўскім фестывалі «Літаўры». У 2019-м я была ў Мінску на фестывалі «Рукапісны ўвод», дзе пазнаёмілася з Крысцінай Бандурынай, Вольгай Маркітанавай, даследчыцай Ульянай Верынай. І, зразумела, формай знаёмства стаў пераклад беларускай паэзіі і эсэістыкі на ўкраінскую або рускую мовы: гэта ўжо згаданая Юля Цімафеева, Дзмітрый Строцаў, Крысціна Бандурына, Веніямін Блажэнны, Альгерд Бахарэвіч, Артур Камароўскі, Таццяна Сапач, Ганна Отчык, Вольга Злотнікава, Сяргей Прылуцкі, Алена Пятровіч, Ганна Комар і іншыя аўтары, чые тэксты пакуль ляжаць у мяне ў чарнавіках.

78.jpg
Кіеў, Марш жанчын, 2021; аўтар фота — Марына Курапцава

Я ўжо шмат разоў казала, што беларуская літаратура і наогул Беларусь для мяне — гэта дуэндэ. Ёсць людзі, якія адпраўляюцца ў доўгае падарожжа, за мора-акіян, перакладаючы з кітайскай ці японскай, а ёсць тыя, каму падабаецца хадзіць у блізкі лес і збіраць там грыбы — гэта, мабыць, я, паколькі перакладаю я ў асноўным са славянскіх моў. І мне ў гэтым лесе падабаюцца і беларуская мова, і беларускія песні, і беларуская літаратура, і беларускія партызаны. Ад адной толькі беларускай мовы я атрымліваю чыста эстэтычнае задавальненне і ўжо прыдумала для сябе працоўнае параўнанне: беларуская мова — гэта як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку, столькі ў ёй нізкіх густых тонаў і абертонаў.

— Вас ведаюць у першую чаргу як паэтку. Як вы вырашыліся на такі нон-фікшн — цэлую кнігу інтэрв'ю з беларускімі пісьменнікамі?

Кніга «Ми прокинемось іншими: розмови з сучасними білоруськими письменниками про минуле, теперішнє і майбутнє Білорусі» узнікла як адзін з праектаў Украінскага ПЭН, сябрам якога я з’яўляюся. Уласна, яна выйшла ў серыі «Бібліятэка Украінскага ПЭН», якая з’явілася як спроба даць пачатак добрай традыцыі асэнсавання і абмеркавання ўкраінскімі інтэлектуаламі розных фокус-тэмаў, якія тычацца важных праблем, тэндэнцый і змяненняў у культуры і грамадскім жыцці Украіны. Вось толькі ў 2021-м такой фокус-тэмай сталі пратэсты ў Беларусі, а кніжная серыя пашырыла свае геаграфічныя межы. І хоць мы з маімі героямі гаворым пераважна не пра іх і не пра літаратуру, а пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, лукашэнкаўскія рэпрэсіі, салідарнасць і смеласць — у кнізе мы чуем не толькі музыку беларускага супраціву, але і голас беларускай літаратуры.

79.jpg
Кніжны арсенал, Кіеў, 2021, прэзентацыя «Ми прокинемось іншими» Pen Ukraine

— Што новага вы адкрылі ў беларусах, што вас уразіла?

У мяне ў галаве такі калейдаскоп з фактаў, гісторый, эмоцый і асабістых размоў з многімі беларусамі анлайн і афлайн, што я нават не ведаю, што цяпер назваць. Адно з самых яскравых маіх уражанняў — гісторыя перакладчыцы Вольгі Калацкай, якая дала аплявуху прапагандысту Азаронку і атрымала за гэта два гады «хатняй хіміі». Я забылася, каму належыць фраза, што інтэлігент — гэта зусім не мямля, а той, хто можа даць па твары або спусціць з лесвіцы, але Вольга — менавіта такі інтэлігент, гатовы біцца за свае ўяўленні пра гонар і годнасць. У дадзеным выпадку — не толькі метафарычна. Я разумею, што яе ўчынак быў прадыктаваны эмоцыямі, але эмоцыі гэтыя былі эмоцыямі высакароднасці. Я ўжо не памятаю, калі чытала пра нешта падобнае нават у кніжках.

sojka.io

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства

Традыцыя вырабу чоўна ў вёсцы Перароў атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці

Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны адзінагаласна падтрымала прапанову,...

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Колькі карон было ў Стэфана Баторыя і які іх лёс

Карона — абавязковы атрыбут любога караля. Але насамрэч карона ніколі не бывае адна, піша @hrodna1127. У знаёмага беларусам...

valiancina_shauchenka
Культура Літаратура

Акцёры як літаратурныя героі

У літаратуры і тэатра шмат агульнага. Прынамсі, кожны пісьменнік пражывае жыцці сваіх герояў, як акцёр на сцэне......

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова

Гродзенскі гісторык Аляксандр Перагудаў адшукаў яшчэ адзін асобнік гравюры Цюнта. Гэта ўжо 13-ы, «а дакладней 12-ы з паловай»...

Апошнія навіны

    Культура Грамадства
    Традыцыя вырабу чоўна ў вёсцы Перароў атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці
    Грамадства Гісторыя
    Колькі карон было ў Стэфана Баторыя і які іх лёс
    Культура Літаратура
    Акцёры як літаратурныя героі
    Грамадства Гісторыя
    Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова
    Грамадства
    «Такія гісторыі здараюцца таму, што мы дазваляем моўнай дыскрымінацыі быць». Аліна Нагорная — пра тое, як у Беларусі затрымліваюць за мову
    Грамадства
    Нешта неверагоднае! Глядзіце: школьнікі пабудавалі плыт з 6 тыс. пластыкавых бутэлек – зараз на ім можна перавозіць 2 легкавыя машыны
    Грамадства Асоба
    Ганна Севярынец: Чалавек не можа і не мусіць мець усёдазволенасці, яму ў гэтым блага
    Грамадства
    Сайт газеты «Народная воля» заблакавалі паводле рашэння Мініфарма
    Літаратура
    Антыгона як сімвал беларускіх пратэстаў
    Культура Гісторыя
    Самы старажытны касцёл у Беларусі і рэшткі сядзібы ірландцаў. Падарожжа ва Уселюб
    Культура Музыка
    Фэст камернай музыкі «Даўніна і сучаснасць» у Нясвіжы
    Адукацыя
    У Беларусі стварылі «дарожную карту» па павышэнню якасці школьных падручнікаў
    Грамадства
    Чаму ў беларускім Facebook усё больш пастоў «пра прыроду» і ўсё менш доўгіх тэкстаў?
    Літаратура Беларусы свету
    Прах паэта Ігара Шклярэўскага пахаваны ў Магілёве
    Гісторыя
    50 гадоў ад забойства лідара руху нацыянальнага адраджэння

Афіша

  • 16.08

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Анлайн-прэзентацыя праекта «Магістраты Культуры»

  • 16.08 — 31.08Зброя ВКЛ на выставе ў Нясвіжы
  • 16.08 — 25.09Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Лейпцыгу
  • 16.08 — 28.08Выстава Марка Шагала ў Мінску
  • 16.08 — 18.09Арганны фестываль Ars Magna Organi па гарадах Беларусі
  • 16.08 — 18.08Выстава «Odszkolnić!» у Беластоку
  • 16.08 — 19.09Выстава Сяргея Селіханава «Вяртанне» ў Віцебску
  • 16.08 — 04.09Выстава маляванак Яээпа Драздовіча ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Вядомы рэпетытар і педагог Яўген Лівянт тлумачыць, чаму правалілася кампанія па набору ў ВНУ
    • З’явілася магчымасць усталяваць беларускі інтэрфейс у Windows
    • З успамінамі пра забітых герояў: Вольны хор выступіў у Варшаве на гадавіну выбараў
    • Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: топ-5 беларускіх трэкаў ад Алеся-Францішка Мышкевіча
    • Рабіся інакшым — альбо загінеш
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM