Яна ўзначальвала падпольны рух і была ключавой фігуранткай гучнага «Працэсу 45-ці», які пагражаў абярнуцца для яе пажыццёвай катаргай, арганізоўвала страйк і з’яўлялася актывісткай шэрагу жаночых арганізацый. А яшчэ пры любой уладзе клапацілася аб тым, каб у беларусаў была свая школа на роднай, беларускай, мове.
«Салiдарнасць» расказвае пра Веру Маслоўскую — паэтку, грамадскага дзеяча і педагога-асветніка.
Унучка збеглага прыгоннага і актывістка-забастоўшчыца
«Непакорлівая Вера» — так у сваім нарысе назваў Веру Маслоўскую гісторык Юры Туронак, а СМІ пафасна ахрысцілі яе «валькірыяй БНР». У гэтай жанчыны шмат імёнаў і мянушак, але нязменна адно — усё, што яна рабіла, было дзеля служэння Беларусі.
Вера Маслоўская (у дзявоцтве Мацейчук, пасля другога шлюбу — Карчэўская) выступала пад літаратурнымі псеўданімамі «Мурашка», «Вера Мурашка», «Беларуская Мурашка».
Гісторыя яе сям’і даволі незвычайная і, мабыць, шмат што тлумачыць у непакорным характары гэтай жанчыны. Дзед Веры па маці ў маладосці збег ад памешчыка-прыгонніка і пасяліўся ў Супраслі пад фальшывым прозвішчам Мікалай Вішнеўскі. Толькі перад смерцю (а памёр ён у пачатку XX стагоддзя ва ўзросце 96 гадоў) збеглы прыгонны прызнаўся сям’і, што зусім не той, за каго выдаваў сябе ўсё жыццё, і яго сапраўднае імя Міхаіл Даманоўскі.
Бацька Веры, Ігнат Мацейчук, быў родам з вёскі Агароднічкі Дайлідскай гміны. Там Вера і правяла большую частку свайго жыцця. Яна нарадзілася 24 сакавіка 1896 года. У сям’і, апроч Веры, было яшчэ 9 дзяцей.
Чатырох дзесяцін (43,7 кв. м) зямлі, якімі валодалі Мацейчукі, было відавочна недастаткова. Каб пракарміць усіх, бацьку ўвесь час даводзілася шукаць дадатковы заробак далёка ад дома.
Аднак Ігнат Мацейчук змог-такі даць дачцэ прыстойную адукацыю. Яшчэ падчас навучання Веры ў супраслеўскай школе для дзяўчынак стала зразумела, што яна вельмі здольная. Настаўнікі раілі Веры вучыцца далей. Але каб працягваць вучобу, сям’і трэба было прадаць карову. На такую ахвяру яна пайсці не магла і замест школьнай парты адправілася «лапаць ніткі» на фабрыцы пана Цытрона.
Умовы працы былі не самыя лепшыя. Сярод работніц расло абурэнне, якое вылілася ў забастоўку. Вера не толькі прыняла ў ёй удзел, але і ўзначаліла. На жаль, абараніць свае правы не атрымалася. Знайшліся штрэйкбрэхеры, забастоўка правалілася, і Цытрон выгнаў Веру з працы.
Давялося шукаць новы заробак. Так яна аказалася пакаёўкай у сям’і ў Іагана Марушэўскага — немца, які кіраваў уласнасцю супраслеўскага фабрыканта Бухгольца. Плацілі мала. Але затое Веры ўдалося паступіць завочна ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю.
Днём працавала, а па начах вучылася. Калі ж нажыходзіў час экзаменацыйнай сесіі, бацька запрагаў каня і вёз дачку ў Свіслач. Дарога займала два дні, але была недарэмнай: Вера заўсёды паспяхова здавала іспыты.
У 1914 годзе ў яе на руках быў такі жаданы дыплом настаўніцы. Але... Першая сусветная вайна прымусіла адкласці планы на працу ў школе.
Беларуская настаўніца Беласточчыны
Пасля адступлення расійскіх войскаў у канцы 1915 года нямецкія акупацыйныя ўлады аб’явілі новыя правілы дзейнасці школ на захопленых землях Расійскай імперыі. У прыватнасці, яны пастанавілі, што з гэтага часу школьныя заняткі павінны быць на роднай мове мясцовага насельніцтва. Так з’явілася магчымасць арганізацыі беларускіх школ.
Увосень 1917 года маладая настаўніца ўжо арганізоўвала сваю школу ў вёсцы Грабавец Арлянскай гміны, якой кіравала два гады і мела вельмі вялікую павагу сярод вучняў і мясцовых жыхароў.
Важнай падзеяй у лёсе Веры стаў яе ўдзел у настаўніцкіх курсах у жніўні 1919 года ў Вільні. Курсы былі не толькі месцам павышэння педагагічнай кваліфікацыі, але і своеасаблівай кузняй грамадска-палітычных дзеячаў.
Кіраваў імі адзін са стваральнікаў Беларускага навуковага таварыства ў Вільні, член Віленскай беларускай рады Ян Станкевіч. Гісторыю Беларусі там выкладаў Вацлаў Ластоўскі — вядомы палітык, старшыня эмігранцкага ўраду БНР у Коўне і сакратар Беларускай Акадэміі навук у Мінску. Тут жа рабіў свае першыя крокі ў галіне беларускай літаратуры Максім Гарэцкі.
Менавіта гэтым курсам Вера абавязана сваёй палітычнай загартоўкай. Тады ж яна ўступіла ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая выступала супраць польскага рэжыму, прапагандуючы беларускую нацыянальную ідэю.
Некаторы час пасля заканчэння віленскага курса Вера Маслоўская працавала школьным інструктарам у Барысаўскім і Дзісенскім паветах Мінскай губерні. У Мінску яна пазнаёмілася са шматлікімі тагачаснымі беларускімі дзеячамі. А неўзабаве і сама заснавала Цэнтральны саюз беларускіх жанчын.
Паспрабавала Вера Маслоўская сябе і ў якасці літаратара. У 1920 годзе ў мінскай газеце «Беларусь» быў апублікаваны яе першы верш «Ідзі!», напісаны пад уплывам сяброўкі і настаўніка Палуты Бадуновай.
Гэтую фатаграфію Палуты Бадуновай Вера беражліва захоўвала падчас свайго арышту. На абароце яна напісала: «Беларускія кабеты! Узгляньце образ гэты мілы! Колькі міласьці духоўнай, і энэргіі, і сілы так і кліча вас, кабеты, упярод да адной мэты!»
Але не толькі палітычная актыўнасць цікавіла маладую настаўніцу. 12 лютага 1920 года яна выйшла замуж за Уладзіслава Маслоўскага — беларуса з Віленшчыны, капітана Войска Польскага.
На жаль, сямейнае шчасце было нядоўгім: праз некалькі месяцаў яе муж загінуў на польска-савецкім фронце.
Нядоўга праіснавала і жаночая арганізацыя Маслоўскай. Яна была зачынена бальшавікамі, калі тыя ўвайшлі ў Мінск летам 1920 года.
Кіраўнік паўстанцкай арганізацыі
У канцы 1920-га Вера Маслоўская вярнулася ў родныя Агароднічкі. Але не проста так. Яна мела заданне ад эмігранцкага ўраду БНР ў Коўне на чале з Вацлавам Ластоўскім стварыць на тэрыторыі Беластоцкага, Вельскага і Сакольскага паветаў падпольную паўстанцкую арганізацыю.
У жыцці Веры пачаўся новы, абсалютна невядомы раней перыяд. Канспіратыўныя кватэры, падпольныя сустрэчы, вярбоўкі...
Месцам для канспіратыўных сустрэч было літоўскае памежнае мястэчка Мерач, дзе знаходзіўся штаб беларускіх партызан-нацыяналістаў. Туды час ад часу выязджалі Вера ці кур’ер — яе сястра Жэня Мацейчук.
Да канца 1921 года паўстанцкая арганізацыя ўжо мела свае ячэйкі ва ўсіх паветах Беласточчыны і Гродзеншчыны, а ў раёне Белавежскай пушчы — партызанскі атрад пад камандаваннем ураджэнца вёскі Грабавец Германа Шыманюка («Скамароха»).
У верасні 1921 года, у сувязі з заключэннем у сакавіку Рыжскага міру і падзелам Беларусі паміж Польшчай і СССР, у Празе па ініцыятыве Ластоўскага адбылася Усебеларуская нацыянальна-палітычная нарада. Удзельнічала ў нарадзе і Вера Маслоўская — як дэлегат ад Беласточчыны і Гродзеншчыны.
У Празе Вера праславілася тым, што прапанавала рэзалюцыю аб неабходнасці барацьбы за аб’яднанне ўсіх беларускіх земляў.
Вера Маслоўская (крайняя справа) сярод удзельнікаў Усебеларускай канферэнцыі ў Празе. Верасень 1921 года
Пражская нарада выклікала значны рэзананс у Польшчы. Над Верай пачалі згушчацца хмары, а поле яе дзейнасьці хутка звужацца. У снежні 1921 года ў падпольную арганізацыю быў засланы правакатар.
А ў сакавіку 1923 года 43 падпольшчыкі на чале з Маслоўскай апынуліся ў беластоцкай турме.
«Працэс 45-ці»
Восем дзён, з 14 да 22 траўня 1923 года ў Беластоцкім акруговым судзе праходзіў працэс, які ўвайшоў у гісторыю як «Працэс 45-ці». Цэнтральнай яго фігурай была 27-гадовая Вера Маслоўская, абвінавачаная ў стварэнні і кіраўніцтве падпольнай арганізацыяй.
Вера Маслоўская ў зале суда
Гісторык Юры Туронак прыводзіць некалькі вытрымак са справаздачы карэспандэнта з таго працэсу:
«Маслоўская размаўляе па-беларуску. Прызнае, што прымала самы актыўны ўдзел у арганізацыі, каб злучыць у адно цэлае ўсе часткі падзеленай Беларусі, аднак вінаватай сябе не лічыць. Гэта не злачынства, а абавязак кожнага патрыёта перад яго Айчынай, ці то беларус, паляк ці нехта іншы...
Маслоўская падрабязна і горача, з пераконваючай праўдзівасцю, гаворыць аб тым працэсе, які прывёў яе — сціплую работніцу на ніве асветы роднага народа — на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. На маладую Польскую рэспубліку беларускі народ ускладаў такія надзеі, з такой гатоўнасцю і радасцю верыла беларуская інтэлігенцыя абяцанням першых правадыроў Польшчы пасля яе ўваскрашэння! Але ўсе гэтыя чаканні былі падмануты, ад гэтай веры не засталося амаль нічога...»
Аб сваёй дзейнасці Маслоўская кажа:
«...Сапраўды я была галоўным і адзіным арганізатарам руху. Праца нашая чыста ідэйная, ніякага шпіёнства на карысць Літвы арганізацыя не вяла, ніякіх складоў зброі ў нас не было... Не адмаўляю, што ў далейшым зброя магла б спатрэбіцца, але мы ўсё яшчэ верылі, што Польшча нас зразумее, што не стане знішчаць нас як нацыянальнасць, што не трэба будзе брацца за зброю».
Пракурор ацаніў дзейнасць гэтай маладой жанчыны як вялікае злачынства і настойліва патрабаваў для яе пажыццёвай катаргі. У сваім абвінавачанні ён нават заявіў, што Маслоўская ў бандзе «брала ўдзел у п’янстве і оргіях». Па словах сведкаў працэсу, «калі пракурор патрабаваў пакарання для Маслоўскай у выглядзе пажыццёвай турмы з суровым рэжымам, падсудная засмяялася яму ў вочы».
Зала суда падчас «Працэсу 45-ці»
Вось што піша вядомы беларускі дзеяч Рамуальд Зямкевіч, які ўдзельнічаў у працэсе ў якасці сведкі:
«Вера Маслоўская паводзіла сябе выключна добра і з годнасцю. На пытанні заўсёды адказвала на выдатнай, чыстай, нават вытанчанай беларускай мове. Заўсёды ўсмешлівая, спакойная, бесклапотная, без ценю штучнасці, яна набыла сімпатыі і добразычлівасць не толькі публікі, але і суддзяў».
Але Беластоцкі суд не мог выступіць супраць курса дзяржаўнай палітыкі. У выніку, за замах на тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы суд прыгаварыў Веру Маслоўскую да 6 гадоў турэмнага зняволення.
Жонка палітвязня
Пакаранне Маслоўская адбывала збольшага ў беластоцкай турме. Невядомымі шляхамі, праз турэмныя дзверы пасылала яна на волю свае лісты і вершы, якія публікаваліся ў рускай газеце «Рассвет», якая выдавалася ў ЗША.
Знаходзячыся ў турме, з дапамогай «грыпсаў» (таемных лістоў) Вера Маслоўская завочна пазнаёмілася з Уладзімірам Карчэўскім з вёскі Пухлы, таксама настаўнікам і палітычным вязнем. Гэтае знаёмства перарасло ў каханне. 6 чэрвеня 1927 года абодва выйшлі на волю, а 21 лістапада таго ж года абвянчаліся.
Чытайце яшчэ: Падляскія замалёўкі: вёска Пухлы, дзе супрацоўнічаюць з Маларытай
Як былыя палітвязні працаваць у школе ні Вера, ні Уладзімір не маглі. Спачатку Карчэўскі ўладкаваўся на шкіпінаравы завод у Гайнаўцы, а пасля стаў царкоўным псаломшчыкам у Кодані над Бугам. Вера ж занялася арганізацыяй мастацкай самадзейнасці ў Альпені, дзе нават ставіла «Паўлінку», ролю якой сыграла сама.
Да настаўніцкай працы Вера з мужам вярнуліся толькі пры савецкай уладзе. У Агароднічках у 1940 годзе яны стварылі беларускую няпоўную сярэднюю школу, дзе працавалі нават падчас акупацыі. Калі ж немцы забаранілі навучанне, муж і жонка вучылі дзяцей таемна.
У Агароднічках Вера працавала і пасля вайны, выкладаючы ў класах з беларускай мовай навучання — аж да 1946 года. Тэрарыстычная пагроза з боку польскіх падпольшчыкаў прымусіла Веру з’ехаць у Сілезію, дзе яна пражыла пяць гадоў.
А ў сярэдзіне 1951 года Маслоўская вярнулася ў Супрасль. І адразу ж разгарнула актыўную дзейнасць: загадвала гарадской бібліятэкай, працавала ў Лізе жанчын, была абрана дэпутатам у беластоцкую Павятовую народную раду.
Вера Маслоўская ва ўзросце 82 гадоў. 1978 год
Вера памерла 23 студзеня 1981 года ў Супраслі, яе пахавалі на мясцовых могілках.
Толькі ў апошнія гады жыцця яна вырашылася прадставіць падборку сваіх вершаў, якія апублікавала беластоцкая «Ніва» (1978). З гэтага часу пачалося «адкрыццё» Веры і яе неверагоднага жыццёвага шляху, мэта якога заўсёды было служэнне роднай Беларусі.