Чаму Саламея Русецкая лічыцца першай беларускай трэвэл-блогеркай? Чаму Цётка, якая ў школьных падручніках апісваецца, як аўтарка жаласлівых вершаў, ненавідзела «слёзны» стыль пісання для дзяцей? Распавядае citydog.io.
Першая беларуская трэвел-блогерка і пісьменніца-белетрыстка жыла ў 18-м стагоддзі. Яна нарадзілася ў шляхецкай сям’і ў Навагрудскім ваяводстве, у 13 гадоў выйшла замуж за немца, у 15 нарадзіла дзіця, жыла ў Стамбуле, Нясвіжы, Пецярбургу, Сафіі, без медыцынскай адукацыі лячыла магнатаў і расійскую царыцу. І, самае галоўнае, апісала гэта ўсё ў кнізе «Авантуры майго жыцця».
Стамбул у 18-м стагоддзі
Мы гаворым пра Саламею Русецкую-Пільштынову. Яе ўспаміны сёння чытаюцца як блог, там шмат чутак і плётак («пра тых вампіраў у Польшчы кажуць, што гэта бабы, якія забіраюць дзяцей і кожнае дзясятае д’яблу аддаюць»). І нават пра сябе, ёсць падазрэнне, аўтарка не ўсё праўдзіва піша («я ў той час вельмі цяжка хварэла на пошасць і чары. Адну нагу мела ўсохлую і карацейшую за другую на паўлокця»). Паўлокця — гэта каля 30 см.
Дзівосна, што і трыста гадоў таму свет быў досыць глабалізаваны — і ВКЛ было яго часткай. Напрыклад, пасля замужжа Саламея едзе ў Стамбул, дзе яе муж, доктар Гальпір, знайшоў працу. Пры ім і цішком ад яго Саламея сама навучылася лячыць. Спецыялізавацца вырашыла на афтальмалогіі, найлепш ёй удавалася выдаляць катаракту. Таму смерць мужа не стала для яе катастрофай. Саламея жыве ў Сафіі, вандруе па Балканах, трапляе ў палон (дакладней, у госці) да разбойнікаў.
Сапраўдных партрэтаў Саламеі Русецкай не захавалася, гэта — адзін з выдуманых у 1990-я. Мастак Яўген Кулік
Агулам яе кніга пра тое, як моцная жанчына паспяхова выжывае ў свеце мужчын. У брутальным свеце з забойствамі, амаральнасцю і легальным гандлем людзьмі. Русецкая і сама ў Турцыі купляе нявольнікаў — палонных нямецкіх афіцэраў, — каб атрымаць за іх выкуп. За аднаго з іх, Юзафа Фартуната дэ Пільштына, выкуп не прыйшоў, і Саламея з ім ажанілася. Але адносіны адразу сапсаваліся: атрымаўшы ад гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рыбанькі чын харунжага ў войску ВКЛ, дэ Пільштын зазнаўся.
Дарэчы, жонкай таго Радзівіла была яшчэ адна пісьменніца, Францішка Уршуля Радзівіл, аўтарка пастаральных п’ес для прыгоннага тэатра. Пільштынова з ёй, няма сумневаў, сустракалася.
Дзённік Саламеі Русецкай
Сляды Саламеі губляюцца пасля 1760-га, калі яна паехала са Стамбула ў паломніцтва ў Палесціну і Егіпет. Што з ёй было пасля? Такое ўражанне, што Саламея спецыяльна пакінула такую загадку прыканцы. І дагэтуль трымае інтрыгу.
Другі ў свеце будынак у стылі барока паўстаў у Нясвіжы, таму што вельмі багаты і вельмі актыўны Мікалай Радзівіл Сіротка захацеў мець дома такое ж, якое бачыў у Рыме.
І італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні збудаваў яму копію рымскага касцёла Іль-Джэзу, першага ў свеце ўзору барока.
Бернардоні правёў у Нясвіжы 13 гадоў і з’ехаў, пакінуўшы завяршаць будоўлю вучня Яна Франкевіча. Франкевіч быў сынам кушніра (гэта рамеснік, які абрабляе футры) з Мінска. Яшчэ ў Мінску ён далучыўся да езуітаў і ў 1594 годзе быў прысланы ў Нясвіж працаваць пекарам.
Можна толькі ўяўляць, пры якіх абставінах Бернардоні заўважыў у работніку кухні архітэктурны талент. Дакументы сведчаць, што праз пяць гадоў пасля з’яўлення Яна ў Нясвіжы Бернардоні зрабіў яго галоўным па аб’екце і паехаў сеяць барока ў Кракаў.
Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы — першы барочны храм у Беларусі
Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі заўважыў, што Ян Франкевіч стаў першым архітэктарам у свеце, які ад пачатку працаваў у стылі барока.
У Кіеве захоўваецца альбом з чарцяжамі нясвіжскіх пабудоў (ужо гатовых) і каментарыямі польска-беларускай трасянкай. Традыцыйна ён называецца «Альбом Бернардоні», але той яўна пісаў бы па-італьянску. Даследчыкі мяркуюць, што альбом стварыў яго самы здатны вучань.
Пасля Нясвіжа былы пекар пераехаў у Вільню, дзе кіраваў будаўніцтвам першага віленскага барочнага касцёла — Святога Казіміра. Купал касцёла ўпрыгожвае карона (святы Казімір быў з роду Ягелонаў), па ёй касцёл можна пазнаць з любога пункта Вільнюса. Яшчэ першы віленскі барочны храм вельмі падобны на торт — гэта тэма Франкевічу была блізкая.
Барока прынесла ў беларускую архітэктуру колеры — зялёны, тэракотавы, ружовы, чорны — і дынаміку. Барочныя будынкі робяць уражанне, нібы зараз зварухнуцца, рассыпяцца або паляцяць (успомніць хаця б мінскі Кафедральны сабор). Фрэскі барока поўняцца аптычнымі эфектамі.
Барока, безумоўна, дадало свабоды і яркасці беларускаму краявіду, а за ім — і светаўспрыманню тых, хто ў гэтым барока жыў. Застаецца пытаннем, якую ролю адыграла тут здольнасць першага барочнага архітэктара да пышнай выпечкі.
Школьныя падручнікі прадстаўляюць Цётку (Алаізу Пашкевіч) як сухотную аўтарку жаласлівых вершаў, між тым сама яна ненавідзела «слёзны» стыль пісання для дзяцей: «Трэба больш агню». А вершы, якія мы вывучаем у школе, пісала зусім не для дзяцей.
Цётка (Алаіза Пашкевіч)
Калі беларускі рух — гэта рок-н-рол, дык Джонам Ленанам была менавіта яна, а не хто з мужчын. Цётка жыла рок-н-рольна: зрабіла дзясяткі праектаў і пры гэтым не хавалася ад глыбокіх перажыванняў.
«Экспансіўная як феерверк», — пісаў рэдактар «Нашай Нівы» Аляксандр Уласаў. Яны разам выдавалі ў Мінску першы ў гісторыі беларускі дзіцячы часопіс. Іх «Лучынка» была «Каламбурам» і «Адзін дома» пачатку ХХ стагоддзя, дапоўненай дзіцячай энцыклапедыяй.
«Цётка чалавек хоць і культурны, але анархістка», — казала княгіня Магдалена Радзівіл. Яны кантактавалі, ствараючы беларускі дзіцячы дом падчас Першай сусветнай.
«Першая беларуская феміністка», — называў Цётку Антон Луцкевіч (прытым да тагачасных феміністычных арганізацый яна не належала і пагардліва называла ўдзельніц капялюшніцамі).
Падарожныя нататкі па Еўропе Цётка завяршае заўвагай: фінскі народ першы ў Еўропе прызнаў роўныя правы кабет. Яна вандравала па Італіі, Францыі, Германіі, а Швецыю і Нарвегію прайшла пешкі і пісала дзённік (напрыклад, расказала пра шведскі стол). «Пішу з Goteborga. Маю бабу-таварку муж адзывае дахаты, змаркоціўся, каб яго маланка. Адна пайду па Нарвегіі. Як згіну — не шкадуйце», — весялілася яна.
«Незвычайна жывога характару, нештодзённая, яна вылучалася нават у шматколерным студэнцкім асяроддзі», — успамінаў муж, літоўскі палітык Сцяпонас Кайрыс. Выйсці замуж і змяніць прозвішча Алаізе трэба было, каб вярнуцца на Радзіму з Кракава: пасля рэвалюцыі 1905 года яна была ў вышуку, бо выступала на ўсіх мітынгах, а яе рэвалюцыйныя вершы ўся Вільня ведала на памяць:
Мы не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі ў пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталi.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту...
Памерла яна ў 40 — прыехала да бацькоў на радзіму, заспела эпідэмію тыфу, пайшла валанцёрыць, дапамагаючы лячыць хворых, заразілася сама.
Сакрэт яе асобы — у энергіі, якой яна запальвала ўсіх: Цётка склікала сход Беларускай сацыялістычнай грамады, рассылаючы дэлегатам запрашэнні на сваё вяселле.
Яе вершы ў часы рэвалюцыі 1905-га друкавалі ў сваёй прэсе і літоўцы, і палякі. І ўсе нацыі слухалі яе прамовы, бо ў іх было пра справядлівасць, свабоду і годнае жыццё.
«Минский листок», першая гарадская газета будучай сталіцы Беларусі, — сярод недаацэненых з’яў беларускай гісторыі. Яна пачала выходзіць у 1886 годзе і была першай ініцыятывай беларускай інтэлігенцыі пасля паўстання Каліноўскага і шматгадовай жорсткай рэакцыі.
Мінск у канцы 19-га стагоддзя
«Минский листок» быў прыватнай газетай, яго выдаваў мінскі натарыус Іван Фацінскі. Выданне ставіла перад сабой высакародныя мэты. Мінскі паэт Янка Лучына напісаў у першы нумар газеты праграмны верш:
Не ради славы иль почета
Предпринимаем мы «Листок»,
Святая истина-забота
И цель его печатных строк:
Служить стране глухой, забытой,
Где мрак невежества царит,
В лачуге где, соломой крытой,
Мужик печально дни влачит...
Пазней у «Лістку» друкаваліся і беларускія вершы Лучыны. Калі газета пачала выдаваць каляндар, у ім з’явіліся этнаграфічныя замалёўкі пра народную культуру, літаратурны дадатак па-беларуску (календаром займаліся гісторыкі Аляксандр Слупскі і Мітрафан Доўнар-Запольскі). У газеце была ўпершыню была ананімна надрукавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да таго хадзіла ў рукапісах. Яна была такой папулярнай, што, сведчылі сучаснікі, у 1890-я яе «ў любой хаце было знайсці можна».
Газета «Минский листок»
Прычым усё гэта адбывалася ва ўмовах забароны на друк па-беларуску (зборнік вершаў таго ж Янкі Лучыны ў 1902 годзе выдалі з пазнакай, што кніжка на балгарскай мове, каб падмануць цэнзуру). Але «Минский листок» выходзіў і распаўсюджваўся так хутка, што цэнзура за ім не паспявала, хоць выпадкі арышту нумароў бывалі. Бывала і прыпыненне выхаду за крытыку мінскіх улад і беларускамоўныя матэрыялы.
«Свабоднай палітычнай думцы газета адводзіла маленечкі прастор, але жыццё горада і злыдні адбівала вельмі добра. Можна было лаяць гарадскую думу сколькі ўлезе, была паліцэйская хроніка, аб начальсцвенных мерапрыемствах. Светлую думку ўсё ж такі гэтыя інтэлігенты праводзілі ў заціснутыя мазгі жыхароў», — успамінаў Аляксандр Уласаў, рэдактар «Нашай Нівы». Яго, маладога, «Минский листок» уразіў: «Гэта была навіна як першыя майскія перуны. Менчукі са слязамі прасвятлення і радасці чыталі «наш» лісток. У Менску ў нас, як у сталіцах, свая газета».
Уласаў казаў, што беларускамоўныя публікацыі «Листка» ўспрымаліся як штосьці «дзеля жарту». Аднак у гэтым бачыцца праява адэкватнасці рэдакцыі: яны адлюстроўвалі настроі жыхароў краю, цікавасць да сваёй гісторыі, літаратурныя пошукі на сваёй мове.
У 1902 годзе газету пераназвалі ў «Северо-Западный край» — з гарадской яна рабілася краёвай, а слова «Беларусь» было яшчэ пад забаронай. У 1905 годзе Янка Купала надрукаваў у ёй свой першы верш па-беларуску, «Мужык».
Наступным этапам была віленская «Наша Ніва» — газета па-беларуску.
Дзмітрый Прышчэпаў — адзін з нешматлікіх беларускіх савецкіх чыноўнікаў-урадоўцаў, якога добра запомнілі і добрым словам успаміналі людзі.
Бальшавіцкія погляды спалучаліся ў яго з пачуццем справядлівасці. У рэвалюцыйным 1917-м яго, малодшага афіцэра-пехацінца, салдаты абралі камандзірам палка. Калі ў 1918-м полк, які ахоўваў савецка-нямецкую дэмаркацыйную лінію, хацелі перавесці на фронт, пачаўся бунт, і Прышчэпаў да яго далучыўся.
Гэта не перашкодзіла далейшай кар’еры. Прышчэпаў быў у камісіі, якая займалася далучэннем Віцебшчыны да БССР, працаваў у сельскагаспадарчай секцыі Інбелкульта (разам з былымі сябрамі Рады БНР Аркадзем Смолічам і Янкам Серадой).
Яго зорным часам была праца на пасадзе наркама земляробства ў часы нэпу і беларусізацыі. З лозунгам «Беларусь — чырвоная Данія» ён запланаваў перавесці (добраахвотна) 130 тысяч сялянскіх гаспадарак на хутары.
Прышчэпаў пісаў, што трэба браць прыклад з заходніх суседзяў, бо на ўсходзе бытаваў абшчынны парадак жыцця, які «прыдушыў гаспадарчую ініцыятыву сялянства». Фактычна гэтыя словы значылі, што беларусам калгасы ментальна чужыя.
Згортванне хутарызацыі супала з канцом беларусізацыі і нэпу. Пачыналіся страшныя 1930-я
Але рэформа была нядоўгай. У 1927 годзе БССР выканала толькі 70% плана па хлебанарыхтоўках. План быў спецыяльна завышаны, каб пачаць гвалтоўную калектывізацыю. Хутарызацыю спынілі, сялян сілай загналі ў калгасы. Прышчэпава рэпрэсавалі.
Дзмітрый Прышчэпаў з жонкай падчас спаткання ў лагеры на Беламорканале. 1930-я
Але прышчэпаўскія хутары ўспаміналі і праз паўстагоддзя — з удзячнасцю за глыток свабоды і магчымасць «людзьмі звацца».