Кропка ў нацыянальным мазахізме

Чым бліжэй да нейкіх знакавых датаў: ці то чарговых выбараў у Каардынацыйную Раду, ці то наступных угодкаў пасьлявыбарчых пратэстаў-2020 — тым часьцей і экспэрты, і вечна ўсім незадаволеныя індывіды канстатуюць скарачэньне падтрыманьня беларускага дэмакратычнага руху. Зрэшты, яно й ня дзіва: масавае задзіночваньне заўжды адбываецца тады, калі ўспыхвае надзея на зьмены да лепшага, ну а пазьней няўмольна насоўваецца руціна змаганьня, гэткі маратон зь неакрэсьленай працягласьцю і цьмяным фінішам, удзельнічаць у якім ахвотнікаў ужо куды менш. Ну бо заўжды трэба неяк жыць далей. І не бяды: зьявіцца зноўку надзея — адразу ж абудзяцца і масы. Ну а як пражыць гэтае безнадзейнае зацішша, захаваўшы патэнцыял да чарговага нацыянальнага ўздыму? Валера Руселік спрабуе адказаць у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл».

3.jpgВалера Руселік. Фота з асабістага архіва

Ну што ж, вось незаўважна праляцела ўжо шэсьць гадоў з гарачага лета 2020-га. Штопраўда, тады была зусім іншая гарачыня — не да параўнаньня зь цяперашнім скварам. Ну але вы зразумелі. Пэўна, у гэтыя дні трэба абнавіць успаміны пра тыя падзеі, зноўку паспрабаваць зрабіць нейкія высновы і вось гэтае вось усё.

Але.

Хочацца ўсё-ткі іншага, ведаеце. Хочацца — радасьці.

Ну бо неяк ужо павялося апошнія гады, што ўсё радаснае, зьвязанае зь Беларусьсю, для мяне асабіста вось у гэтым маім выгнаньні — гэта адно ўспаміны. А ўсе навіны — суцэльны боль. Ад пэрманэнтнага перасьледу сваякоў і да ўсіх гэтых эканамічных крызысаў, перакідваньня аграрыяў у войска і вайскоўцаў — у калгасы, дэмаграфічнай катастрофы, чарговых крымінальных справаў, зьнішчэньня гістарычных камяніцаў і (хаця, здавалася б, куды ўжо больш) здушэньня беларушчыны — суцэльны боль.

Хоць ты наагул не чытай тых навінаў ды не размаўляй ані з кім зь Беларусі. Папросту жыві, дзе жывеш, ды цесься таму, што маеш. Балазе магчымасьцяў для гэтага ў вольным сьвеце, куды закінуў лёс, дастаткова.

Ну але вось хочацца радасьці, народжанай сёньня ў Беларусі, разумееце?

Prydarožny bilbord «Liubliu Bielaruś»
 Прыдарожны білборд «Люблю Беларусь». Фота Сяргея Анашкевіча

І пагатоў падазраю, што ў Беларусі таксама, калі чагосьці б і хацелася ад нас, тых, хто сёньня ў замежжы, — дык таксама хацелася б радасьці. Ня ўсіх гэтых бясконцых срачаў, высьвятленьняў адносінаў, абвінавачаньняў, інтрыгаў, разьбіральніцтваў і гэтак далей, а чагосьці, урэшце, станоўчага. Хай нават і ня надта маштабнага — папросту нейкага пазытыву. Нагоды ўсьміхнуцца, прычыны спадзявацца, порцыі ўпэўненасьці і спакою.

Прынамсі мне гэтак здаецца. Дакладна ня ведаю, але гэта мне падказваюць і сэрца, і лёгіка. Бо калі бяз радасьці, то навошта тады наагул мы адно аднаму патрэбныя? Быццам бы і бяз гэтай экспартаванай нэндзы мала ў жыцьці нагодаў засмуціцца...

Bielaruskaja miaža
Беларуская мяжа, па абодва бакі якой жывуць беларусы, якія любяць Беларусь. Фота: Reuters

Мне сапраўды куды больш цікава ў пытаньні, як там жыцьцё на радзіме — тое, што дае людзям радасьць і надзею, да чаго хто імкнецца і хто чаго дасягае.

Ну а я таксама магу падзяліцца сваімі радасьцямі тут, у замежжы. Найперш — гэта мая цудоўная сям’я. Гэта наагул самае важнае ў маім жыцьці: зь сям’ёй — усё набывае сэнс, безь сям’і — усё той сэнс страчвае. І няхай сёньня мая сям’я падзеленая межамі, але ў маім сэрцы тых межаў няма зусім. І ад гэтага на душы радасна.

Таксама ў мяне ёсьць сябры, з каторымі хай і рэдка бачуся (эх, як выявілася, я той яшчэ сацыяпат!), але якіх вельмі люблю і якімі вельмі даражу. Дастаткова папросту ведаць, што яны дзесьці ёсьць і што ў іх усё добра — і гэтага ўжо нагода для радасьці.

Вядома ж, робіць мяне шчасьлівым і магчымасьць займацца тым, што я лічу сапраўды важным — пашырэньнем беларушчыны. За што вельмі ўдзячны сябрам і калегам з «Будзьма беларусамі!», а таксама зь «Белсату». І ведаеце, каб мог вярнуцца сёньня на радзіму, то, напэўна, не зьмяніў бы свайго занятку. Ну, пэўна, дадалося б нешта яшчэ: агратурыстыка, выраб мэблі, транспартавыя перавозкі і г. д. — але ад прамоцыі беларушчыны дакладна б не адмовіўся.

Бо гэта радасна.

Ну і, вядома ж, радасна ад магчымасьцяў, якія дае вольны сьвет. Найперш — падарожжы, магчымасьць спазнаваць новыя культуры, традыцыі, сьветапогляды. Дасьледаваць плянэту, якая — тада-да-дамммм, неспадзяванка! — належыць нам усім, а таксама адкрываць сабе самога сябе. Бо ўсялякае падарожжа — гэта абавязкова й падарожжа ўглыб самога сябе, праўда?

Памятаю вось гэтую трапяткую дзіцячую радасьць, ад якой ажно займала дыханьне, калі зранку з вудаю бег пакручастай дарогай паміж замкамі ў Горадні да Нёмна: пахутчэй-пахутчэй! — вось толькі ногі не забываць падымаць, бо ўжо разагнаўся гэтак, што не спыніцца, на злом галавы! Пахутчэй, яшчэ паднаціснуць — насустрач невядомаму, насустрач прыгодзе! А пад нагамі гарыць золатам у першых промнях старая брукаванка, бы тая луска нёманскай чырвонапёркі вызірае з рэпінаў старога асфальту. А сёньня гэтая ж трапяткая радасьць — штораз, калі выходжу з самалёта ў новай краіне: ах, немагчыма паверыць, што я — тут!

Радасна, ажно не магу!

Valiera RusielikВалера Руселік у Гімалаях, 2024 г. Калі цяжкасьці пераадоленыя, а сьмяротная небясьпека мінула — застаецца толькі радасьць. Фота з архіву аўтара

І ведаеце, калі я думаю пра тое, што вось ужо шэсьць гадоў мінула з падзеяў 2020-га, што мы — беларусы ў Беларусі і беларусы замежжа — аб’ектыўна ўсё далейшыя і далейшыя адно ад аднаго (ну бо жыцьцё працягваецца, а ў кожнага з нас яно сваё, як ні круці) і што й пагатоў незразумела, калі й ці наагул мы зможам вярнуцца на радзіму, а таму ўсё-ткі варта неяк жыць далей там, дзе жывеш, я штораз думаю пра тое, як было б файна, каб нас усіх задзіночваў ня толькі наш агульны нацыянальны боль, вытканы з тысячаў і тысячаў асабістых трагедыяў, але і нашая агульная нацыянальная радасьць, цёплая і ўтульная, сьветлая і абнадзейвальная.

Як думаеце? Паспрабуем падзяліцца адно з адным сваёй радасьцю?

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org