У Вільні раскапалі месца італьянскага саду Радзівілаў і галоўнай пушкарні ВКЛ. Тут пабудуюць элітнае жыллё

Падчас расчысткі пляцоўкі пад новы квартал археолагі натыкнуліся на глыбокі пласт торфу з рэшткамі даўняй апалубкі. Спецыфічны грунт захаваўся ад колішняга прадмесця Пушкарня — тэрыторыі, дзе некалі адлівалі гарматы Вялікага Княства Літоўскага і гадавалі рыбу для арыстакратыі, піша «Наша Ніва».

Ruiny palaca Radzivilaŭ na Puškarni ŭ kancy XVIII stahoddzia Руіны палаца Радзівілаў на Пушкарні ў канцы XVIII стагоддзя. Малюнак Марцэлія Янушэвіча (каля 1835 года) паводле арыгінала Пятра Росі 1790 года. Фота: Wikimedia Commons / Літоўскі нацыянальны мастацкі музей

Археалагічныя даследаванні праводзіліся ў чэрвені і ліпені на ўчастках па вуліцы Маставой (Tilto), 9 і 11. Пра гэта паведаміла Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы, заўважыў тэлеграм-канал ArchiDucatus. Раскопкі раскрылі масіўныя падмуркі даходных дамоў мяжы XIX–XX стагоддзяў, якія пазней былі знесеныя. Дзякуючы спецыфічнаму тарфяному грунту ў ніжняй частцы муроў захаваліся нават рэшткі арыгінальнай драўлянай апалубкі.

Raskopki na vulicy Mastavoj (Tilto) u Viĺni
Раскопкі на вуліцы Маставой (Tilto) у Вільні. Фота: фэйсбук Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы

Raskopki na vulicy Mastavoj (Tilto) u Viĺni
Раскопкі на вуліцы Маставой (Tilto) у Вільні. Фота: фэйсбук Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы

Сёння гэта самы цэнтр горада, але ў XVI стагоддзі тэрыторыя паміж ракой Вяллёй (Нярыс) і Ніжнім замкам знаходзілася за гарадскімі мурамі і называлася Пушкарняй.

Сваю назву прадмесце атрымала ад дзяржаўнай майстэрні па вытворчасці гарматаў — Віленскай пушкарні. Згодна з гістарычнымі даследаваннямі, яна была заснавана вялікім князем Жыгімонтам II Аўгустам у 1540‑я гады і фінансавалася наўпрост з дзяржаўнага скарбу.

Cahlianaja padloha palaca
Цагляная падлога палаца, выяўленая І. Садаўскасам пры раскопках у 2018 годзе. Фота: etalpykla.lituanistika.lt / І. Садаўскас

Arnamientavanaja architekturnaja detaĺ z piasčaniku
У час раскопак у 2018 годзе была знойдзена арнаментаваная архітэктурная дэталь з пясчаніку, якая засталася ад палаца Багуслава Радзівіла. Гэты адзіны захаваны фрагмент фасаднага дэкору, на думку І. Садаўскаса, мог першапачаткова размяшчацца на карнізе трэцяга паверха. Фота: etalpykla.lituanistika.lt / І. Садаўскас

Kaflia, upryhožanaja hierbam Radzivilaŭ i inicyjalami Januša Radzivila
Кафля, упрыгожаная гербам Радзівілаў і ініцыяламі Януша Радзівіла, знойдзеная ў час раскопак у 2018 годзе. Фота: etalpykla.lituanistika.lt / І. Садаўскас

Сыравіну для вытворчасці зброі везлі з усёй Еўропы: медзь і сталь — з Венгрыі і Карынтыі, свінец — з Гданьска. Сюды былі запрошаныя замежныя майстры. Пушкарня працавала настолькі актыўна, што ўжо ў 1560 годзе венецыянскі пасол даносіў: у Вільні налічваецца 180 вялікіх гарматаў і мноства дробных.

Пазней, пры Стэфане Баторыю, тут адліваліся цяжкія аблогавыя гарматы, а ў пачатку XVII стагоддзя была створана знакамітая гармата «Віленскія браты», якая страляла 30‑фунтавымі ядрамі (больш за 12 кг).

Палац з карасямі і лінямі

Rezidencyja Radzivilaŭ na Puškarni
Рэзідэнцыя Радзівілаў на Пушкарні. Фрагмент панарамы Вільні Томаша Макоўскага (1600 год). На пярэднім плане бачны абнесены хаткамі сад (2). За рачулкай вылучаецца рэпрэзентатыўны ансамбль з трохпавярховага палаца з высокай цыліндрычнай вежай і крыжападобнага корпуса (1). Справа пад нумарам 8 — збудаваны ў гонар перамогі над татарамі пад Клецкам у 1506 годзе касцёл Марыі Снежнай (цяпер вядомы пад тытулам Святога Юр’я) з масіўнай вежай і кляштар кармелітаў. Фота: etalpykla.lituanistika.lt

Побач з арсеналам, на беразе Віліі, размяшчалася вялізная рэзідэнцыя Радзівілаў (не блытаць з палацам Радзівілаў на Віленскай вуліцы, у якім цяпер знаходзіцца мастацкі музей). Мураваны палац на Пушкарні быў збудаваны ў першай палове XVI стагоддзя. Гэта быў трохпавярховы будынак у стылі італьянскага маньерызму з масіўнай цыліндрычнай вежай, аркадамі і багата аздобленымі фасадамі. У ім жыў Мікалай Радзівіл Руды, і, як мяркуецца, ягоная сястра Барбара Радзівіл.

Але сапраўдным гонарам рэзідэнцыі быў велізарны італьянскі сад, які распасціраўся на ўсход ад будынка. Згодна з інвентарамі Радзівілаўскага архіва, якія сёння захоўваюцца ў Варшаве, сад быў абнесены мурам, меў рэгулярную планіроўку, лабірынт, алеі з абрыкосаў, вішань і высакародных гатункаў яблынь. У спецыяльных аранжарэях вырошчвалі італьянскую гародніну і нават інжыр.

Pradmiescie Puškarnia
Прадмесце Пушкарня, тэрыторыя палаца Радзівілаў і сістэма сажалак на фрагменце плана Вільні 1737 года (Г. М. Фірстэнгоф). Фота: ArchiDucatus

Pradmiescie Puškarnia
Прадмесце Пушкарня, тэрыторыя палаца Радзівілаў і сістэма сажалак на фрагменце плана Вільні 1808 года (К. Грунерт). Фота: ArchiDucatus

Менавіта ў гэтым садзе знаходзілася сістэма з трох вялікіх штучных сажалак. У архіўных дакументах XVII стагоддзя яны апісваюцца як «sadzawki, w których karaś wielki y lin łowi się» (сажалкі, у якіх ловяцца вялікі карась і лінь). Гэта і ёсць тыя самыя вадаёмы, на тарфяным дне якіх сучасныя археолагі знаходзяць рэшткі пазнейшых падмуркаў.

Ruiny palacavaha komplieksu Radzivilaŭ na Puškarni
Руіны палацавага комплексу Радзівілаў на Пушкарні незадоўга да канчатковага зносу. Літаграфія Тадэвуша Бычкоўскага, 1828 год. Паводле даследчыкаў, на малюнку можа быць паказаны адзін з гаспадарчых карпусоў альбо старыя стайні. Фота: Нацыянальная бібліятэка Польшчы (Polona.pl)

«Reštki palaca Barbary ŭ Viĺni»
«Рэшткі палаца Барбары ў Вільні». Літаграфія 1850 года паводле малюнка з натуры Людвіка ван Долена. На выяве зафіксаваны заняпад колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў: мясцовы жыхар прыбудаваў да муроў драўляную хаціну, а ў былой палацавай вежы абсталяваў хлеў. Фота: Літоўскі нацыянальны мастацкі музей

Заняпад і новы «Радзівілаўскі маёнтак»

Палац сур’ёзна пацярпеў падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1655–1661 гадах. Апошнім яго гаспадаром, які яшчэ спрабаваў падтрымліваць жыццё ў рэзідэнцыі, быў Багуслаў Радзівіл. Пасля яго смерці палац паступова прыйшоў у заняпад. Згодна з інвентарамі канца XVIII стагоддзя, ад раскошнага будынка заставаліся толькі сцены першага паверха без даху, а сажалкі параслі пустазеллем. У 1820‑х гадах руіны канчаткова разабралі на цэглу.

Palac Tyškievičaŭ
Палац Тышкевічаў, дзе сёння месціцца бібліятэка Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы, пабудаваны на месцы італьянскага саду з сажалкамі пры колішнім палацы Радзівілаў. Фота: www.vle.lt

Самі сажалкі італьянскага саду былі засыпаныя ў першай палове XIX стагоддзя. На іх месцы праклалі бульвар уздоўж ракі, а на мяжы стагоддзяў тэрыторыя была шчыльна забудавана мураванымі дамамі. У прыватнасці, тут узвялі палац Тышкевічаў (сёння там месціцца бібліятэка Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы), а таксама даходныя дамы і жыллё для чыноўнікаў.

«Radzivilaŭski majontak» na terytoryi sažalak pry palacy Radzivilaŭ
«Радзівілаўскі маёнтак» на тэрыторыі сажалак пры палацы Радзівілаў. Фота: citify.eu

«Radzivilaŭski majontak» na terytoryi sažalak pry palacy Radzivilaŭ
«Радзівілаўскі маёнтак» на тэрыторыі сажалак пры палацы Радзівілаў. Фота: citify.eu

Сёння пра былую веліч магутнай зброевай вытворчасці і багацце радзівілаўскіх садоў нагадваюць толькі архіўныя дакументы, старыя планы ды спецыфічны тарфяны грунт у будаўнічых катлаванах. А яшчэ новы шматфункцыянальны комплекс на вуліцы Маставой, які будуе кампанія Vastint Lithuania па праекце студыі Renova, атрымаў сімвалічную назву Radvilų valda («Радзівілаўскі маёнтак»).

Згодна з праектнай дакументацыяй, на месцы засыпаных сажалак і разабраных даходных дамоў паўстануць пяціпавярховыя будынкі, якія аб’яднаюць офісныя плошчы і 67 элітных кватэр.