Выдавецтва Gutenberg Publisher у кастрычніку выпускае фантастычны посткіберпанк раман «Пентаквантар» ад беларускага аўтара Арцёма Шуканава. У кнізе «глыбока адразу пра многае — пра супер ШІ, пра танцы, пра будызм, пра тэхналогіі», — пішуць выдаўцы.
Раман выйдзе ў дзвюх кнігах, а першая прэзентацыя адбудзецца ў часе фестываля PRADMOVA у Вільні 12 кастрычніка. Запрашаюць усіх, хто любіць фантастыку, добра прадуманыя сусветы і філасофію.
«Кніжны жанр кіберпанку застаўся ў дзевяностых. Усе яго літаратурныя наступствы, якія мы бачым навокал, — гэта развіццё жанру з прыстаўкай «пост». «Пентаквантар» — менавіта такі посткіберпанк-раман, неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, які ідзе па слядах «Крыптаномікону» і «Лавіны» Ніла Стывенсана, несучы на сэрцы шнары ад «Штама Андрамеда» Майкла Крайтана і «Нэйрамансера» Уільяма Гібсана.
Нягледзячы на тое, што «Пентаквантар» — гэта аўтарскі дэбют, да сюжэту Арцём Шуканаў падышоў з размахам. Дзеянне адбываецца ў будыйскіх святынях спякотнага Лаоса і на дажджлівых неонавых вуліцах Кіёта. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, даводзіцца перамясціцца на Мальдывы, а адтуль, калі гісторыі становіцца цесна на Зямлі, праз Індыйскі акіян — да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа да планеты Джуніпэр.
Перад вамі дэбютны раман Арцёма Шуканава, які задаўся аднойчы пытаннем «А што я зрабіў у свае гады для кіберпанку?» і вырашыў паквапіцца на нешта значнае. Не клапоцячыся пра наступствы, ён распахнуў літаратурныя дзверы нагою, адразу выкаціўшы на суд чытача буйны і эпічны саенс-фікшан раман.
«Пентаквантар» — жывы і сучасны, тэхнічны і хардкорны прыгодніцкі беларускі посткіберпанк, напісаны чалавекам для людзей», — пішуць у анатацыі да кнігі.
Перадзамова ўжо стартавала.