На Гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве будзе беларускі стэнд

У чацвер, 24 лістапада, у Варшаве пачынаецца Гістарычны кніжны кірмаш. Падчас кірмаша будзе працаваць і беларускі стэнд.



80.jpg

Гістарычны кніжны кірмаш будзе праходзіць з 24 па 27 лістапада (аркады Кубіцкага каралеўскага замку (уваход з боку ul. Grodzkiej), plac Zamkowy 4, Варшава). Час працы: з 10.00 да 18.00 (час мясцовы).

На беларускім стэндзе будзе шмат свежых беларускіх кніжак і цікавых імпрэз! 

25 лістапада, пятніца:

11.00 сустрэча з Віктарам Ляхарам, геральдыстам і мастаком. Абяцаюць размову пра візуальнае адлюстраванне вайсковай гісторыі Беларусі;

15.00 размова з Сяргееем Тарасавым, пісьменнікам, гісторыкам і археолагам, пра даўнюю гісторыю Полацка;

16.00 паэтычныя чытанні з пісьменніцай Ганнай Янкутай і перакладчыкам Ігарам Крэбсам, а таксама размова пра паэтаў планеты ў беларускіх перакладах;

17.00 Сяргей Тарасаў прэзентуе кнігу «Ефрасіння, Афрасіння, Офрасіння. Яе час, яе крыж».

26 лістапада, субота:

11.00 яшчэ адна сустрэча з геральдыстам і мастаком Віктарам Ляхарам для тых, хто не паспее ў пятніцу;

13.00 лекцыя пісьменніка і гісторыка Сяргея Тарасава пра спадчыну старажытнага Мінска;

15.00 паэтка Наста Кудасава і мастачка Святлана Дземідовіч прэзентуюць кнігу-альбом «Побач»;

16.00 перакладчык Ігар Крэбс прэзентуе пераклады з нямецкай — «Габрэйскія мелодыі» Генрыха Гайнэ і «Старая новая зямля» Тэадора Герцля;

16.30 пісьменніца Ганна Янкута прэзентуе кнігу для дзяцей «Марта і яе мара пра снег» і зборнік вершаў «Канстытуцыя»;

17.30 пісьменніца Святлана Курс/Ева Вежнавец прэзентуе кнігу «Па што ідзеш, воўча?».

27 лістапада, нядзеля:

11.00 пісьменніца Ганна Янкута і перакладчык Ігар Крэбс з чытаннямі для дзяцей (гісторыі пра ката Шпрота, Марту і снег, Казачнае воднае агенцтва, Дзеда Мароза і інш.);

13.00 члены каманды фестываля інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» прэзентуюць новы конкурс рукапісаў для тэкстаў на беларускай мове ў трох галінах, а таксама адкажуць на пытаннечкі ў сувязі з фарматам і асаблівасцямі правядзення фестывалю ў новых умовах.