У Беластоку адкрываецца беларуская кнігарня Kamunikat.shop

8 верасня ў Беластоку адбудзецца адкрыццё беларускай кнігарні Kamunikat.shop. Яна будзе працаваць на першым паверсе Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку (вул. Варшаўская 1А). Абяцаюць шырокі выбар літаратуры перадусім на беларускай мове, а таксама кнігі па-польску.

KAMUNIKAT.SHOP

Адкрыццё кнігарні будзе суправаджацца прэм’ерай беларускага выдання кнігі Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» ў перакладзе Наталлі Русецкай.

Пра кнігу, працу над яе беларускім перакладам і памяць пра няпростую гісторыю Беласточчыны распавядуць аўтарка і перакладчыца. Сустрэчу правядзе Яраслаў Іванюк.

У гэты вечар можна будзе таксама набыць кнігу Анэты Прымакі-Онішк «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы» ў польскай і беларускай моўных версіях.

Пра кнігу «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша»

«Kamiani musili paliacieć. Zaciortaja minuŭščyna Padliašša»

Анэта Прымака-Онішк распавядае пра гісторыю стварэння кнігі:

«Я заўсёды ведала, што мой дзед быў забіты ў маі 1945 года ва ўласным доме пад Кузніцай. «Бандай», — заўсёды дадавалі сцішаным голасам. Мне не гаварылі, што пра гэта трэба маўчаць, я і сама выдатна разумела.

Калі я вырашыла даведацца нарэшце ўсю праўду пра гэтую гісторыю, то доўга не магла падступіцца. «Не раздзірай старыя раны», — гаварылі мне. Але ў той самы час я бачыла, як мінулае выкарыстоўваецца для фарміравання сучаснасці, як на яго падставе раздаюцца цэтлікі «герояў» і «здраднікаў». Я пачала ўслухоўвацца ў сваю сямейную гісторыю, а таксама пайшла да суседзяў, якія знаходзіліся па «той бок» памежных падзелаў, і гэтым рэпарцёрскім правілам парушыла звычай маўчаць пра складанае мінулае.

Так узнікла гісторыя пра памежжа; пра тое, як адны часам паўстаюць супраць другіх, а потым яны працягваюць жыць побач, у прывіднай няпамяці. Дзеці сядзяць разам за школьнымі партамі і на перапынках дзеляцца канапкамі. Толькі цётка Люда дрыжыць ад страху, каб хто-небудзь не даведаўся, што яна распазнала сярод начных нападнікаў брата сваёй сяброўкі».

Досвед нацыянальных меншасцяў часта выключаецца з афіцыйнай гісторыі. У паўночна-усходняй Польшчы таксама мала гаварылася пра тое, што давялося перажыць беларуска-праваслаўнай супольнасці: бежанства, пасляваенныя перасяленні і злачынствы.

Анэта Прымака-Онішк парушае гэтае маўчанне. Яна ездзіць па падляскіх вёсках, размаўляе з жыхарамі Беластока, Бельска Падляскага, Гайнаўкі, Сямятычаў і Саколкі, чытае архіўныя дакументы і супастаўляе здабытыя веды з міфамі пра польска-беларускія адносіны. Усё дзеля таго, каб зразумець, што адбылося восемдзесят гадоў таму, і якое значэнне надаецца гэтым падзеям сёння.

Дзе і калі:

Дата: 8 верасня 2026 г. 

Час: 18:00 (час мясцовы)

Месца: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, вул. Варшаўская 1А

Уваход вольны.