Адной з самых яркiх старонак у гiсторыi кнiгадрукавання і выдавецкай справы Беларусі з’яўляецца вялiкая iлюстраваная Берасцейская Бiблiя. Днямі асобнік легендарнай кнігі быў заўважаны на адным з расійскіх аўкцыёнаў. Лот каштуе 105 тысяч даляраў.
У чым адметнасць лота
Каштоўны лот ацэнены ў 105 тыс. даляраў. Паводле меркавання некаторых экспертаў гэты асобнік каштуе дадзенай сумы, хоць і рэстаўраваўся ў ХІХ-ХХ ст. У прыватнасці вокладка была замененая на новую і ў кнізе адсутнічаюць арыгінальныя некалькі першых старонак і тытульны аркуш, але гэта кампенсавана дыхтоўнымі копіямі. З асаблівасцяў дадзенага асобніка варта звярнуць увагу на прысутнасць у кнізе гербавага экслібрыса Марціна Свінарскага. Кніга можа лічыцца зноў вынайдзеным адзінкавым кніжным помнікам XVI ст., які ўяўляе цікавасць для музеяў і бібліятэк, а таксама мае відавочнае калекцыйнае значэнне. Старонка аўкцыёна тут.
Чаму Берасцейская біблія — выдавецкі шэдэўр
Берасцейская Бiблiя — помнiк польскамоўнага кнiгадрукавання, сапраўдны выдавецкі шэдэўр, які ў свой час не саступаў лепшым еўрапейскім узорам. Самае буйное па аб’ёме друкаванае выданне Вялікага Княства Літоўскага XVI–XVIII стст. было надрукавана 4 верасня 1563 г. у Брэсце (адсюль і назва). Часам Біблію таксама называюць «Радзівілаўскай», бо выдадзена яна была па ініцыятыве і на сродкі аднаго з кiраўнiкоў кальвiнiстаў у ВКЛ — «яснавяльможнага пана Мiкалая Радзiвiла, князя на Алыцы i на Нясвiжы, ваяводы вiленскага, у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм найвышэйшага маршалка i канцлера». Гэта другое выданне Бібліі пасля Бібліі Ф. Скарыны.
Поўная назва кнігі гучыць як «Бiблiя святая, гэта значыць Кнiга Старога i Новага запаветаў з яўрэйскай, грэчаскай i лацiнскай нанава на польскую мову са стараннасцю i дакладна перакладзеная».