Бэйбіфэйс фарэва. Прылуцкі і шкадлівае шчасце

Дзіцячая літаратура – падман і правакацыя. Бо дзеткі самі пра сябе прыгожа не напішуць, а дарослыя мо й напішуць, але не дзіцячае, а сваё. Пісаць для дзетак – ролевая гульня. Звычайны погляд на малога чытача – зверху ўніз: “сю-сю-сю” напалам з “а па дупе?”. Класічная дзіцячая кніжка – рэч аўтарытарная, выхаваўча-адукацыйны комплекс па фармаванні адпаведнага сацыяльнага тыпу. Таму найлепшае з дзіцячага – тое, што выразнай дырэктыўнасці пазбягае: пакрадзенае ў дарослых (як Шэрлак Холмс і “Тры мушкецёры”) ці зробленае райтарам, што так і не здолеў пасталець. Кіеўскі берасцеец Сяргей Прылуцкі – амаль узорнае спалучэнне: няголены дзядзька з пажыццёвай прапіскай у нашай пясочніцы.

Чарговая кніжка найцікавейшага з айчынных культур-эмігрантаў – двухмоўная “Далоў дарослых!”/“Геть дорослих!” – першая з разлікам на дзетак і коцікам на вокладцы. Хтосьці  (не ведаючы аўтара) павядзецца на коцікаў і імаверную цукерачную вершаванку. Іншыя (ведаючы аўтара) заплачуць аб гаротнай капітуляцыі былога гарадскога партызана. Праўда ў тым, што лахануцца і першыя, і другія. Бо Прылуцкі – прыродная з’ява, стабільна роўная самой сабе. І ўсё, што ён вырабляе, – не рэакцыя на знешнія абставіны, а факты прыватнай біяграфіі. Здарэння з пацаном.

Прылуцкага робіць Прылуцкім выбуховы мікс кніжных уплываў (ад Букоўскага да Хадановіча), чорнага гумару, бездакорнага вербальнага стылю і вулічнай энергетыкі. Ён адначасова шчыры, стрыманы, лірычны, дваровы, разбэшчаны і далікатны. І дакладна ведае, як разабрацца з усімі гэтымі рэгістрамі. Магчыма, таму, што ўсе яны для яго натуральныя.

У кожным з абраных раней кніжных фарматаў – горка-салодкія мемуары (“Дзевяностыя forever”), саркастычна-эпічна-лірычны дзённік (“Герой эпохі стабільнасці”), правінцыйныя панк-гоп-легенды (“Йопыты”, “Дэгенератыўны слоўнік”) ці апакрыфічныя разлікі з радзімай (“Патрыятызм для чайнікаў”) – Сяргей, як добры лабух, праходзіцца па ўсёй клавіятуры. Таму й дзяцінства ў яго – большае за дзяцінства. Дакладней, большае за тое, якім вам зручна яго бачыць.

 

Я вазьму малаток і цвікоў паболей

і заб’ю суседзям намёртва дзверы.

Я такога свінства не бачыў ніколі –

каб суседзі паводзіліся як зверы.

 

Гэта не гуллівыя “шкодныя парады” Остэра і не мармеладныя “нататкі таткі” ад Хадановіча. Бо жыццё – не тралі-валі. Дзяцінства, між іншым, – гэта і прыніжальнае пачуццё татальнай залежнасці ад старэйшых, сутыкненні з дзіўнымі (а часам й брыдкімі) дарослымі, падманы і гвалт, дуркаватасць і даверлівасць, дробнае махлярства і хатнія войны, перыядычнае разуменне сваёй жыццёвай бездапаможнасці і адчайныя пошукі права вырашаць хоць штосьці – хай сабе на пару хвілін. Хай сабе праз бязглуздыя выкідоны.

 

Буду гуляцца штодня і штоночы –

дарослым ставаць аніразу не хочу.

 

Тым не менш у “Далоў дарослых!” ёсць кранальнае і пяшчотнае. Хапае нізавой весялухі і побытавага хлуду. Ёсць сапраўднае. Няма “высокага” і павучальнага. Зусім. Не тая оптыка. Не той аўтар. Не той слоўнік.

 

Аня – проста каралева!

Праплывае каравэлай

паўз мясцовых абармотаў,

хуліганаў, ідыётаў…

 

Аднак на банальнае пытанне “Ці можна гэткае дзеткам?” адказ можа быць толькі станоўчым.

Па-першае, не трэба (сама)падманаў: яны ўсё й так бачаць і ведаюць.

Па-другое, вулічна-экстрэмальна-хуліганска-коміксавая дзяціннасць вершаў Прылуцкага выглядае дзікавата, але сімпатычна. Акурат як Сяргеевы малюначкі часоў “дэгенератыўнай” прозы. Ці лагодныя нават у сваёй патрыятычнай адвазе вышываныя жывёлінкі іншага майстра “канцэптуальнага наіву” – украінскага мастака і літаратара Івана Сэмясюка.

Нарэшце, брутал, гратэск, прыколы, мроі і абломы, як сказаў бы Іосіф Бродскі, – адзіная адэкватная мова, на якой камунікуе з намі гэты свет. Ці варта яе ведаць з маленства – пытанне з шэрагу рытарычных.

 

Не трэба нікога слухаць:

дзяцінства – сур’ёзная штука.

 

Толькі падаецца, што дзіцячае Прылуцкага адрасаванае малечы. Бо насамрэч – нам. Намінальна дарослым. Фармальна саспелым.

У новай кніжцы Сяргей працуе адвакатам маленства. Не дурной адмовы сталець, а натуральнага права на нязгоду. Якое так лёгка пераблытаць з інфантылізмам.

Акулярнік Ленан сказаў: “Жанчына ёсць нігерам гэтага свету”.

Акулярнік Прылуцкі дадаў: “А паэтам заўжды круцяць вухі”.

Летуценнасць, недарэчнасць, шызаватасць, прайдзісветнасць ды шкадлівасць… Ён настолькі закаханы ў дзіцячыя прыкметы, што кніжка падаецца амаль аўтапартрэтам. І можа быць смела прачытаная як маніфест нонканфармізму.

 Але дакладна зразумее яго толькі суайчыннік – з таго самога дзіцячага садка пад кіраўніцтвам нязменнага бацькі.

 

 

Максім Жбанкоў