Аб’яднанне беларускіх музыкантаў у Беластоку Białystok Music Club абвесціла аб стварэнні ўласнай канцэртнай пляцоўкі. Аб’яднанне існуе ў горадзе крыху больш за год, запісвае песні і ладзіць івэнты, але, як напісалі музыкі, «хацелася разагнацца, і вось — дабегаліся да таго, што цяпер у Białystok Music Club адчыняецца свая канцэртная пляцоўка».
Фота са старонкі клуба ў Фэйсбуку
Сярод рэзідэнтаў клуба — Кацярына Ваданосава, гурт Kurwadziki, гарадзенец Антон «Бізон» Шаранкевіч, Улад «Дзядзенька» Бернат з гурта «Дзецюкі».
Адкрыццё канцэртнай пляцоўкі адбудзецца ўжо сёння, 31 жнўня. Поўную ўдасканаленую электрычную праграму зайграе Кацярына Ваданосава з бэндам, а таксама гурт Naviband.
Пасля канцэрта абяцаюць афтапаці да раніцы.
«Уявіце сабе: у беларускіх музыкантаў у польскім Беластоку — свой клуб! — пішуць арганізатары клуба. — У цэнтры горада, з сапраўднай сцэнай, добрым гукам і святлом, барам, танцпляцам і гэтым вось усім. Мы сапраўды змаглі, і гэта адурэць як кайфова!»
Квіткі на канцэрт 31 жніўня і наступныя падзеі ад Białystok Music Club набывайце па спасылцы.