У Варшаве адкрываецца бібліятэка беларускіх фотакніг. Яе стваральнікі будуць радыя папаўненню калекцыі

Беларуская арганізацыя ФШ1 адкрывае ў Варшаве бібліятэку фотакніг. 27 верасня ў прасторы Duży Pokój адбудзецца прэзентацыя ініцыятывы, піша reform.news.

Kamanda FŠ1
Каманда ФШ1 — Кацярына Ігнашэвіч, Марыя Карнеенка, Яўген Атцецкі — на фотафестывалі ў Рыбніку. Фота: Кацярыны К.

ФШ1 — платформа, асноўнай мэта якой з’яўляецца стварэнне прасторы і ўмоў для вольнай фатаграфічнай творчасці і аб’яднання фатографаў з Беларусі. У прыярытэтах арганізацыі — будаванне супольнасці, дапамога аўтарам заявіць пра сябе, наладжванне міжнародных сувязяў. ФШ1 пачынала сваю дзейнасць у Беларусі ў 2010-х — зараз працягвае сваю справу ў Польшчы — у Варшаве.

Ставарэнне бібліятэкі для інстытуцыі стала натуральным крокам у развіцці школы і супольнасці, бо бібліятэка — гэта таксама форма архівацыі таго, што адбываецца ў беларускай фатаграфіі ў замежжы.

Што ж стала адпраўным пунктам бібліятэчнай ініцыятывы?

Як стала вядома Reform.news, калекцыя кніг бібліятэкі пачала фарміравацца з асабістых фотабібліятэк чальцоў каманды.

На сёння ў фондзе ўжо каля 30 выданняў, сярод якіх арт- і фота- кнігі, зіны, фотальбомы беларускіх аўтараў, так і замежных фатографаў, фокус увагі якіх — Беларусь. Але стваральнікі будуць радыя яго папаўненню.

Што ж маецца ў калекцыі на сёння?

Тут ёсць як і вядомыя фотакнігі, напрыклад, «Горад СОНца» Артура Клінава, зборнік маладой беларускай фатаграфіі «By Now», альбом VEHA «Найлепшы бок», але таксама маюцца і рэдкія выданні — тая ж «Гісторыя беларускай фатаграфіі» ў рэдыкцыі Антаніны Сцебур і Ганны Самарскай, якая цяпе з’яўляецца рарытэтам, фотакніга Вольгі Завярженец «Aurora Borealis», якую аўтарка выпусціла ў колькасці толькі 28 экземпляраў. У прынцыпе, пра шалёную папулярнасць фотавыданняў гаворыць не прыходзіцца.

Важна адзначыць, што будучая бібліятэка будзе месціцца ў польскай прасторы Duży Pokój.

«Мы хочам, каб беларускія кнігі былі заўважнымі і беларускай аўдыторыі, і людзям з іншых краін», — агучвае сваю пазіцыю ФШ1.

Адзін з партнёраў беларускай арганізацыі — фундацыя Picture doc, якая прадстаўляе фотакнігі польскіх аўтараў. Такая калабарацыя на думку каманды беларускай інстытуцыі мусіць спрыяць папулярызацыі беларускіх фатографаў, мастакоў і для польскай аўдыторыі. У цэлым, спрыяць творчаму абмену паміж асяродкамі.

Доступ да бібліятэкі адкрыты і бескаштоўны — гэта было прынцыповым падыходам ФШ1. Каб кожны, хто цікавіцца беларускай фатаграфіяй мог вольна прыйсці і азнаёміцца з выданнямі.

Якім чынам будзе папаўняцца бібліятэка?

Каманда будзе намагацца набыць фотакнігі ў будучыя фонды, але таксама яна будзе ўдзячная за выданні ў дар.

ФШ1 цікавяць: фотакнігі, зіны, аналітычныя тэксты, каталогі, часопісы, прысвечаныя беларускай фатаграфіі, фотальбомы класікаў беларускай фатаграфіі, каталогі фотаконкурсаў.

Каманда інстытуцыі мяркуе, што такі збор можа быць цікавы і для даследчыкаў беларускай візуальнай культуры.

Плануецца, што бібліятэка ў варшаўскай прасторы Duży Pokój будзе працаваць з чацверга па нядзелю з 15.00 да 19.00.

Дададзім, што на адкрыцці бібліятэчнай ініцыятывы і адбудзецца і прэзентацыя выдавецтва ТАМАКА, якое плануе выпускаць кнігі па выяўленчым мастацтве, фатаграфіі, дызайне і архітэктуры. Яго першае выданне — фотакніга візуальнай мастачкі і фатографкі Машы Святагор «Everybody Dance!» — праемна здзівіла канцэптуальным падыходам і якасцю дызайна.

Час і месца прэзентацыі бібліятэкі: 27 верасня, 18:00, прастора Duży Pokój (Warecka 4/6, Warszawa).

Падарыць кнігу бібліятэцы можна тут.