«Блінны торт» паводле шведскай рэцэптуры

17 лютага ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адбылося выпяканне, разразанне і ўжыванне бліннага торту. Рэцэптуру прадстаўляў шэф-повар скандынаўскай дзіцячай літаратуры Свэн Нурдквіст і ягоныя славутыя героі Пэтсан і Фіндус, якіх, ва ўмовах адсутнасці самога маэстра, прадставіла перакладчыца з шведскай мовы Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.

Бацькі з дзецьмі пачалі запаўняць галерэйную прастору яшчэ за паўгадзіны да заяўленай 18-й. І нездарма! Амбасада Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь якраз прывезла для дзетак-беларусаў магчымыя заменнікі шведскага бліннага торту, а менавіта – аграменныя споды з усялякай смакатой: чарвякамі-жуйкамі, шакаладнымі мядзведзямі, пернікамі, сушкамі і іншымі карыснымі рэчывамі.

Пакуль дзеці частаваліся, а арганізатары наладжвалі гукаўзмацянльную апаратуру, бацькі падыходзілі да адмыслова напятага шнурку – замест імправізаванай бялізны, на ім сушыліся малюнкі, рысункі і фламастарныя рзамалёўкі наведнікаў. Тэмай графічных і жывапісных працаў на гэты раз было сяброўства Фіндуса і Пэтсана. Аналіз малюнкаў паказвае, што ў шасці выпадках з дзесяці дзеці сканцэнтраваліся на канфігурацыях самога бліннага торту, чымся на галоўных героях кнігі. З прычыны неверагоднасці і неначутасці пра сам факт такога ласунку ў нашых шыротах, віды начынкі і састаў торту выйшаў у кожнага свой. Шкада, не было ў той момант у галерэі “Ў” маркетолагаў і тортмэйкераў крамы “Каравай”, хоць яна і знаходзіцца зусім недалёчка.

Урэшце сабралася поўная зала, і вечарына пачалася. Адкрыла яе Аляксандра Дварэцкая, праект-менеджар Саюза беларускіх пісьменнікаў, які супольна з кампаніяй “Будзьма беларусамі” і ладзіў верчарыну. Аляксандра прадставіла перакладчыцу кніг пра Пэтсана і Фіндуса Надзею Кандрусевіч-Шыдлоўскую і запрасіла на сцэну Надзвычайнага і Паўнамоцнага Абмсадара Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь спадара Марціна Оберга.

Марцін Оберг

Пасля дыпламатычных прывітанняў на сцэну, а дакладней на два высокія зэдлі, узышлі галоўныя героі вечарыны – Павел Харланчук у вобразе Пэтсана і Ганна Хітрык у вобразе Фіндуса. Пад захопленыя позіркі гледачоў, якія расклаліся паўколам перад імі на імправізаваных мядзведзевых і авечых шкурах, акцёры па-майстэрску прачыталі гэтую насампраўдзе невялікую кніжку – яны імітавалі рухі, змянялі інтанацыі, то крычалі, то прамаўлялі шэптам, а тады ўносіліся некуды ўдалечыню разам з Фіндусам і прывязаным да ягонага хваста ручніком, хоць насамрэч і чытальнікі і гледачы заставліся на месцы.

Ганна Хітрык і Павел Харланчук прадстаўляюць “Блінны торт”

За імі ўважліва назіраюць чытачы

Урэшце справа перайшла да раздачы падарункаў. Гледачы былі папярэджаныя, што на імпрэзу варта прыходзіць не з пустымі рукамі, бо ёсць верагоднасць не з пустымі рукамі і вярнуцца. Урэшце дзеткі шчыльным колам атачылі Паўла Харланчука і Ганну Хітрык, якія здымалі прашчэпкі з высушаных малюнкаў і ўручалі аўтарам сувенірныя паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Пачаўся сапраўдны інтэрактыў, калі зала рушыла на стваральнікаў імпрэзы, і наадварот.

Ніхто не сышоў без падарунка.

Ціхан Чарнякевіч, тэкст і фота для lit-bel.org