У пошуках беларускіх слядоў пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута выправілася ў падарожжа па Лацінскай Амерыцы. Спачатку Ганна наведала Мантэвідэа — горад дзяцінства беларуска-іспанскага перакладчыка, пісьменніка, заснавальніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана. Калі Карласу было 6 гадоў, яго сям’я пераехала з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс. Туды скіравалася і Ганна Янкута, каб адшукаць у гэтым горадзе адрасы, звязаныя з Карласам Шэрманам і яго сям’ёй. Гэтым разам Ганна шукае месца, дзе вучыўся Карлас Шэрман, і распавядае пра тое, што звязвае Шэрмана і Борхеса.
Буэнас-Айрэс
Імя Марыяна Марэна
У мяне засталося яшчэ адно пытанне: дзе вучыўся Карлас Шэрман? «Праз пэўны час я стаў студэнтам Інстытута імя М. Марэна», — піша ён у «Блуканцы», а ў каментарах ёсць і даты вучобы: з 1951 па 1956 год. Пачынаю з самага простага: набіраю назву інстытута па-іспанску ў пашукавіку. Першыя вынікі — Instituto Mariano Moreno, які дзейнічае ў прыгарадзе Буэнас-Айрэса Луіс-Гільён з 1957 года і Instituto Superior del Profesorado Mariano Moreno, які пачаў працаваць 19 чэрвеня 1961 года. Ніводзін з іх не пасуе: у момант адкрыцця абодвух Шэрман быў ужо ў Беларусі. Яшчэ адзін вядомы ў Аргентыне інстытут Марыяна Марэна ёсць у Кордабе, але Кордаба — гэта іншая правінцыя, таму гэты варыянт я таксама выкрэсліваю. У галаве мільгае думка: можа, alma mater Карласа Шэрмана больш не існуе?
Тады я вырашаю паглядзець усе навучальныя ўстановы, якія носяць імя Марыяна Марэна і месцяцца ў Буэнас-Айрэсе. Выяўляецца, што такіх нямала, гэта папулярны апякун для вучэльняў. Мне цікава, кім ён быў.
Каледж імя Марыяна Марэна
Марыяна Марэна Валье (1778–1811) — аргентынскі палітык і грамадскі дзеяч, юрыст, перакладчык, журналіст і змагар за вольнасць Аргентыны, які адыграў значную ролю ў першым незалежным урадзе краіны і заснаваў першую аргентынскую газету. Сярод школ, курсаў і ўстаноў сярэдняй адукацыі, названых у яго гонар, я натрапляю на Нацыянальны каледж імя Марыяна Марэна. На сайце раёна Альмагра (які, дарэчы, суседнічае з Бальванэрай) падрабязна апісаная яго гісторыя. Нацыянальны каледж быў створаны ў 1863 годзе. У тыя часы вучыцца там маглі толькі хлопцы, дзверы для дзяўчат каледж адкрыў у 1985 годзе. Паколькі ахвочых да вучобы было шмат, ужо ў 1898 годзе каледж раздзялілі на чатыры асобныя ўстановы. Адна з іх у 1909 годзе была названая ў гонар Марыяна Марэна і ў 1911-м пераехала ў будынак на вуліцы Рывадавія. Гэта ўсяго ў пяці кварталах ад плошчы Місэрэрэ-Онсэ.
І час стварэння, і адрас адпавядаюць таму, што я шукаю. Але каледж — не інстытут, і там няма філалагічнага факультэта, які згадваецца ў каментарах да ўспамінаў Шэрмана. Я вырашаю напісаць у каледж і запытаць, ці не засталіся ў іх архіўныя дакументы з 1940-х — 1950-х гадоў. Потым дасылаю такі самы запыт на электронны адрас факультэта філасофіі і літаратуры Універсітэта Буэнас-Айрэса. Гэта галоўны ўніверсітэт краіны, ён існуе з 1821 года.
Ліст
Шаноўная Ганна.
Паведамляем вам, што мы атрымалі ваш электронны ліст з запытам пра студэнта нашага факультэта. Мы пададзім адпаведную заяўку і ў найбліжэйшы час напішам вам, якія крокі вы мусіце зрабіць далей.
Галоўны архіў студэнтаў і выпускнікоў,
факультэт філасофіі і літаратуры,
Універсітэт Буэнас-Айрэса (УБА)
Борхес у беларускай літаратуры
Чакаючы наступнага ліста з архіва, вырашаю схадзіць да факультэта філасофіі і літаратуры з надзеяй, што неўзабаве яму таксама знойдзецца месца ў маёй гісторыі. У часы Шэрмана факультэт знаходзіўся на вуліцы В’ямонтэ. У 1956 годзе (калі Шэрман назаўсёды пакінуў Лацінскую Амерыку, каб асесці ў Беларусі) там пачаў выкладаць Хорхе Луіс Борхес. Можна было б сказаць, што ў гэты момант гісторыя Борхеса дакранаецца краем крыла да беларускай літаратуры, аднак насамрэч задоўга да гэтага Шэрман сутыкнуў іх нашмат грунтоўней, прысвяціўшы Борхесу некалькі старонак у «Блуканцы».
Іду на вуліцу В’ямонтэ. Гэта раён Сан-Нікалас, дзе цяпер месцяцца сядзібы буйных фірмаў, банкаў і міжнародных кампаній, праз што гэтую частку горада, разам з кавалкам суседняга раёна Мансерат, называюць мікрацэнтрам. Кажуць, мікрацэнтр моцна пацярпеў падчас пандэміі каронавіруса — тады тут збанкрутавалі многія крамы і кавярні, і нават у разгар працоўнага дня ён пуставаў. Але гэтага ўжо не відаць — на вуліцы В’ямонтэ даўжэзны затор, праз які ў мяне доўга не атрымліваецца зрабіць фота ўніверсітэцкага будынка (цяпер тут рэктарат). Вуліца вузкая, з няроўным рэльефам, і праз гэта перспектыва скажаецца, на здымках нармальна атрымліваюцца хіба што машыны. Сам будынак выглядае досыць дагледжаным, і на ім усё яшчэ можна прачытаць напаўсцёрты надпіс: 1891 год. Шукаю старыя фота ў інтэрнэце, знаходжу адно з 1924 года, на ім універсітэцкі корпус багата аздоблены ляпнінай, ад якой цяпер нічога не засталося. І сам універсітэт, і горад ведалі лепшыя часы: у пачатку ХХ ст. Аргентына была багатай краінай, але пасля трапіла ў паласу крызісаў, з якой дагэтуль не можа выкараскацца.
Рэктарат УБА і факультэт філасофіі і літаратуры ў 1924 годзе. Фотаздымак з фэйсбук-старонкі «Historia Digital»
Універсітэт Буэнас-Айрэса цяпер
Кароткі шпацыр з вуліцы В’ямонтэ ў бок тэатра «Калон», адной з найважнейшых оперных сцэн Лацінскай Амерыкі, — і я трапляю на яшчэ адзін адрас Борхеса на вуліцы Тукуман. Гэта месца, дзе ён нарадзіўся. Я пішу «месца», а не дом, бо таго дома ўжо не існуе, цяпер замест яго — паркоўка. З-за ахоўнай рашоткі я магу разгледзець памятную шыльду, яе размясцілі на выкладзенай пліткай падлозе хола ў суседнім будынку. Мне шанцуе: хтосьці не да канца зачыняе за сабой дзверы, і я магу праслізнуць следам, каб зрабіць выразнейшы фотаздымак. Болей тут рабіць няма чаго.
Месца, дзе нарадзіўся Борхес
Але галоўны борхесаўскі адрас у Буэнас-Айрэсе — за некалькі кварталаў на поўнач, на вуліцы Майпу. Борхес пераехаў сюды ў 1944 годзе, і менавіта тут у яго пабываў разам з сябрамі Карлас Шэрман, апісаўшы пасля гэтую сустрэчу ў «Блуканцы»: «...Мы, зялёныя яшчэ пачаткоўцы, што займаліся ў майстроўні майго цёзкі Карласа Дадэта, наведаліся [туды] нібыта ў музей, але з патаемнай надзеяй разгаварыць яго і штосьці надзвычайнае зразумець, знайсці знак Усявышняга ў ягоных вачох і адчуць патаемны асяродак геніяльнасці, задаць хоць адно цікавае яму пытанне, на якое, о Божухна, ніхто на свеце, мабыць, не адказаў бы і сёння».
Дом, у якім жыў Борхес і дзе яго наведаў Шэрман
Сам дом — звычайны шасціпавярховік з мансардай, я ўяўляю, што такі мог бы стаяць дзе-небудзь у Мінску. Ля ўвахода ў пад’езд вісіць памятная шыльда, на рагу — пракат аўтамабіляў. Дастаю мабільны, каб зрабіць здымак, і тут чую за спінай голас:
— А вы ведаеце, хто гэта?
Пабла
Паварочваюся, бачу мужчыну, ён іранічна ўсміхаецца. Паціскаю плячыма: ну вядома, хто ж не ведае Борхеса? Але яго вокліч мяне не дзівіць: ля пракатнага салона тоўпяцца людзі з валізкамі, відаць, турысты. Я напэўна выглядаю як адна з іх. Зрэшты, так яно і ёсць.
— Адкуль вы?
Гэта звычайнае тут пытанне, і я даю звычайны адказ:
— Пра маю краіну вы, мабыць, нічога не ведаеце.
«Прынамсі, менш, чым я пра Борхеса», — хочацца мне з’едліва дадаць, але я стрымліваюся. І правільна раблю. На маё здзіўленне, ён ведае.
— Беларусь, зразумела. Побач з Расіяй і Украінай. Дыктатура.
Адчуваю ў выпадковым суразмоўцу кагосьці блізкага па прафесіі. Мы знаёмімся, яго завуць Пабла, ён рэжысёр і журналіст.
— Навошта табе Борхес?
Помнік Борхесу ля Нацыянальнай бібліятэкі ў Буэнас-айрэсе
Я лёгка пераскокваю тут з «вы» на «ты», бо насамрэч мы размаўляем на англійскай мове, яна не ведае такога размежавання. Але я ўпэўненая, што калі б мы гаварылі па-іспанску, то былі б адразу на «ты». Гэта тое, чаго не дазваляе беларуская мова і што здаецца ў Аргентыне абсалютна натуральным: я не чула тут у размовах ветлівай формы «вы» — «usted». Тутэйшая ветлівасць — усмешка, яна ніколі не выдаецца аўтаматычна.
Дзякуючы англійскай я пачуваюся больш упэўнена. Па-іспанску мае гутаркі рэдка выходзяць за рамкі побытавых тэмаў. Па-англійску ж я магу расказаць, што шукаю сляды беларускага літаратара Карласа Шэрмана, які аднойчы пабываў у гэтай борхесавай кватэры, і нават перакласці фрагмент з яго ўспамінаў, захаваны ў нататках на тэлефоне: «...І тут я мушу прыпыніцца, згадаць кватэру Борхеса на буэнас-айрэскай вуліцы Майпу, цёмную мэблю, мудрагелістыя свяцільні, пах пажоўклых, ажно крохкіх кніжак, таямнічы дух шматзначных рэчаў, бурклівы голас прастуджанага спадара».
Шыльда ў месцы, дзе нарадзіўся Борхес
Пабла дастае мабільны — цяпер яго чарга фатаграфаваць памятную шыльду.
— Ніколі не звяртаў на яе ўвагі, — прызнаецца ён.
Я жалюся, што не магу адшукаць вучэльню Шэрмана. З таго часу, як прыйшоў ліст з факультэцкага архіва, мінула два тыдні, ні ўніверсітэт, ні каледж мне болей не пішуць.
— Гэта таму што цяпер зімовыя канікулы, — тут жа знаходзіць тлумачэнне Пабла. — Калі яны скончацца, схадзі туды сама. Людзі ў нас вельмі прыязныя, яны будуць рады, што нехта імі цікавіцца, цябе прымуць з адкрытымі абдымкамі. Абавязкова схадзі да іх.
Пытаю ў Пабла, ці магу згадаць яго ў сваім эсэ пра Карласа Шэрмана. Атрымаўшы згоду, абяцаю даслаць спасылку, як толькі публікацыя з’явіцца. Мы абменьваемся кантактамі. Не ведаю, ці выканаю я сваё абяцанне.
На гэтым мы развітваемся, ён ідзе ў бок Паласіа Пас, я ж застаюся зрабіць яшчэ некалькі здымкаў. У нейкі момант заўважаю, што з кватэры на трэцім паверсе на мяне пільна глядзіць стары. Злавіўшы мой позірк, ён рэзка зашморгвае белыя фіранкі.
Сустрэча з прывідам
Канікулы скончыліся, і я зноў іду па Бальванэры. Што праўда, гэтая частка раёна ўжо не нагадвае рынак і здаецца больш рэспектабельнай. Каледж імя Марыяна Марэна выглядае менавіта так, як чакаеш ад навучальнай установы са стогадовай гісторыяй. За цяжкімі і высознымі, у некалькі маіх ростаў, дзвярыма, — амаль пусты хол з дзвюма вахцёркамі. Пытаю, дзе кабінет адміністрацыі, адна з іх ляніва махае рукой на суседнія дзверы: маўляў, сюды. Грукаю, заходжу.
Супрацоўніцу, якая падымаецца мне насустрач, аповед пра беларускага літаратара, які, магчыма, вучыўся ў іх каледжы, не дзівіць. Але і асаблівага энтузіязму, які прагназаваў Пабла, у яе няма. Яна запісвае імя, Carlos Sherman, і абяцае паглядзець картатэку.
— Але я вам асабліва не дапамагу, — папярэджвае адміністратарка. — Хіба што ўдакладню, вучыўся ён у нас ці не, і ў якія гады.
Я расказваю ёй тое, што ведаю: нарадзіўся ў 1934 годзе, з 1951 да 1956 вучыўся на філалагічнай спецыяльнасці.
— У нас ёсць і малодшыя, школьныя класы, і старэйшыя навучэнцы. Калі ён прыйшоў сюды як у каледж, гэта мусіў быць прыкладна 1946-ты, — падлічвае яна. — Найбольш імаверна ён хадзіў сюды ў 1946–1950 гадах.
Я пакідаю ёй сваё імя і адрас электроннай пошты. Яна абяцае напісаць, калі нешта высветліцца. Ужо развітаўшыся і падышоўшы да дзвярэй, я раптам прыгадваю, што ў мяне ёсць яшчэ адна просьба.
— Ці магу магу я сфатаграфаваць інтэр’ер?
— Толькі з дазволу рэктара.
Трэба было фатаграфаваць, не пытаючы, думаю я, выйшаўшы вонкі.
Лісты
Прыкладна праз два тыдні я атрымліваю ліст ад адміністратаркі каледжа.
Шаноўная Ганна.
У школьнай картатэцы знайшоўся навучэнец на імя CARLOS SCHERMAN.
Хаця яго прозвішча пішацца не так, як вы казалі, а праз спалучэнне «sch», месца і дата нараджэння супадаюць з тым, што вы шукаеце (Мантэвідэа, 25 кастрычніка 1934 года).
Гэты навучэнец паступіў у наш каледж на першы курс у 1948 годзе і вучыўся да трэцяга курса, 1950 год. Пасля ён перавёўся, але куды, невядома, у дакументах указваецца толькі: «Міністэрства адукацыі».
Спадзяюся, гэтая інфармацыя будзе для вас карыснай.
Адміністрацыя каледжа Nº3 імя Марыяна Марэна
А праз некалькі дзён мне прыходзіць яшчэ адзін ліст.
Шаноўная Ганна.
З нагоды Вашага запыту, накіраванага ў Галоўны архіў студэнтаў і выпускнікоў, адносна інфармацыі пра с-ра Карласа Шэрмана, паведамляем, што ў архіве няма запісаў ці дакументаў, якія пацвярджалі б, што ён калі-небудзь вучыўся на нейкім з курсаў ці выкладаў на нашым факультэце.
Агульны архіў студэнтаў і выпускнікоў,
факультэт філасофіі і літаратуры,
Універсітэт Буэнас-Айрэса (УБА)
Я ўсё яшчэ амаль нічога не ведаю. І, магчыма, калі-небудзь вярнуся, каб прадоўжыць пошукі, а пакуль хачу зафіксаваць прамежкавы вынік. Прывід Карласа Шэрмана на імгненне з’явіўся перада мной у гэтым нечувана далёкім горадзе і адразу ж знік, пакінуўшы пасля сябе безліч новых пытанняў. І мне здаецца, што цяпер тут з’явілася нешта маё, нешта, што нават на іншым баку свету дазваляе хаця б крышачку адчуць сябе дома.
Дзякуй Балтыйскаму цэнтру пісьменнікаў і перакладчыкаў, Шведскаму саюзу пісьменнікаў і Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў за магчымасць працаваць над гэтым цыклам эсэ на рэзідэнцыі ў г. Вісбю (Швецыя).
I’m grateful to the Baltic Center for Writers and Translators, the Swedish Writers’ Union and the International Belarusian Writers’ Union for the possibility to work on this series of essays at the residence in Visby (Sweden).
Ганна Янкута, budzma.org