Тэма жаночай актыўнасці ў беларускім грамадстве застаецца традыцыйна вострай: ці мае беларуска магчымасць рэалізаваць сябе напоўніцу, ці не выкліча яе актыўнасць асуджэння? Гэтыя і іншыя пытанні былі абмеркаваныя падчас афлайнавага ток-шоў “Жаночая актыўнасць: як не пераборшчыць?” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Слова “боршч”, зашыфраванае ў назве, адразу прыцягнула ўвагу? ПераБОРШЧыць — не зацыклівацца на хатняй гаспадарцы ці наадварот — не забывацца пра тое, што апроч кар’еры ёсць яшчэ і сям’я?
Пачаткам дыскусіі стала відэа , створанае ў межах праекта “Будзьма беларусКамі!”, — пра жанчын, якія абіраюць актыўнае сацыяльнае жыццё.
Мадэратары сустрэчы Уладзімір Корж, кіраўнік міжнароднага асветніцкага грамадскага аб’яднання «АКТ», і Святлана Зінкевіч, дырэктар “Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, прапанавалі экспертам і спікерам абмеркаваць адметнасць жаночай актыўнасці, адлюстраваную на відэа.
— Цікавае відэа, аднак у сюжэце мы бачым жанчын, якія хутчэй займаюцца сваім хобі, а ёсць яшчэ і праца, якая аплачваецца, — кажа Ірына Саламаціна, кіраўніца лабараторыі гендарных даследаванняў ECLAB. — Калі мы размаўляем пра тып актыўнасці, які прыносіць прыбытак, узнікае вялікая колькасць пытанняў. На дзяржаўнай службе жанчына не можа займацца толькі тым, чым хоча.
— Актыўнасць — гэта антонім пасіўнасці, тут маецца на ўвазе не толькі сфера бізнесу ці нечага падобнага, у тым ліку і актыўнасць сацыяльная, — мяркуе Ніна Меграбян, міжнародны сертыфікаваны трэнер па коўчынгу, НЛП, бізнес-трэнер. — Дарэчы, у гэтай сферы часам усё складаней, трэба знаходзіць фінансавыя сродкі, дамаўляцца, прасіць. Што да прадпрымальнікаў, то кліентаў на маіх бізнес-курсах менш, чым кліентак. Жанчыны ў нашай сферы лічаць, што трэба спачатку вывучыцца, а мужчыны спачатку будуць рабіць, а пасля ўжо будзе бачна. “Жанчыны больш адказна падыходзяць да працы, бо менш канкурэнтаздольныя”, — даводзілася чуць такое меркаванне ад людзей, якім хацелася б, каб так было”.
— А калі мы кажам пра роўнасць, ці карэктна ўвогуле ставіць пытанне пра жаночую актыўнасць? Ці не атрымліваецца тут шавінізм наадварот? — пытаецца культурніцкі аналітык Вадзім Мажэйка.
— Тут не ўсё так проста, — кажа спадарыня Ірына. — У Беларусі з 1993 года ёсць дзяржаўная праграма па дасягненні гендарнай роўнасці, аднак, што дзіўна, жанчыны нашыя стабільна зарабляюць на 25-35 працэнтаў меней на тых самых пасадах, што і мужчыны. Юрысты кажуць, трэба падключаць прафсаюзы, аднак тыя кажуць, што гэта не іх тэма.
— Што да праблем жанчын як сацыяльнай групы, то на постсавецкай прасторы гэта звычайная сітуацыя, — кажа Наталля Малышава, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт кафедры сацыяльнай псіхалогіі МДУ імя М. В. Ламаносава. — Як псіхолаг я бачу пытанне жаночай актыўнасці ў ракурсе асабістага выбару: рэалізоўваць свае амбіцыі ці ўсё зводзіць да вышэйзгаданага баршчу? Ёсць тыя (напрыклад, некаторыя мае калегі), хто бачыць попыт і нагоду для развіцця жаночага лідарства, а ёсць тыя, хто шукае спосабы разабрацца з праблемамі і перашкодамі.
З залы на пытанне адказвае Ганна Трубачова, адна з гераіняў паказанага відэа:
— Мне падаецца, што асноўная праблема — знайсці залатую сярэдзіну паміж прафесійнай дзейнасцю і сям’ёй. Я выхаваная па савецкай схеме «спачатку пра Радзіму думай, пасля пра сябе». Яна не падыходзіць для нармальнага сямейнага жыцця. Для мяне самае вялікае пытанне — як спалучыць сям’ю і прафесію.
Да дыскусіі далучаюцца і спікеры-мужчыны.
“У нас ёсць і мужчынскія каманды, і жаночая каманда, нельга казаць, што жанчыны мусяць альбо не мусяць займацца спортам, — кажа Аляксандр Куль, дырэктар цэнтра эканамічнага развіцця і спартовага маркетынгу баскетбольнага клуба “ЦМОКІ-Мінск”. — Тут, на маю думку, важныя індывідуальныя памкненні ў самарэалізацыі: нехта рэалізуе сябе ў сям’і, нехта ў працы, нехта ў спорце. Проста кожны мусіць ведаць сваю мяжу. Мая жонка, дарэчы, таксама прафесійная спартоўка, і калі ў нас з’явіліся дзеці, мы вырашылі, што кар’еру нехта з нас мусіць скончыць”.
Дыскусія хутка перайшла ў параўнанне бюджэтаў жаночай і мужчынскай зборных па баскетболе: сітуацыя не на карысць першай: яе вызначае камерцыйны поспех і тэлевізійны рэйтынг жаночых спаборніцтваў у камандных гульнях, а іх папулярнасць аб’ектыўна меншая за мужчынскія гульні.
А як выглядае сітуацыя ў шоў-бізнесе?
— Усё залежыць ад публікі, калі гаворка ідзе пра папсу, то тут грае ролю толькі выгляд, — кажа літаратар і шоўмен Усевалад Сцебурака. — У шоў-бізнесе ўсё проста: грошы, ботакс, сілікон — і нават палавая розніца вялікай ролі не грае. Калі ж казаць пра грамадскі сектар, то ў Беларусі ў жанчын зайздросна высокая актыўнасць: ёсць і праваабарончыя фонды, і грамадскія кампаніі, якімі кіруюць жанчыны, хаця трэба адзначыць, што гэты сегмент сам па сабе малы. Мне цяжка ўбачыць праблему тут, мы ў сваёй “маленькай Еўропе” дакладна нікога не прыціскаем. Ёсць іншы, вельмі важны бок праблемы. У фільме “Салдат Джэйн” файная каротка стрыжаная гераіня Дэмі Мур паўстае супраць сістэмы, і ў адной са сцэн сенатарка ёй кажа: “Мы (дзяржава) не супраць, каб ты, умоўна кажучы, адціскалася на кулаках, але супраць гэтага 85 працэнтаў хатніх гаспадынь”. То бок супраць жаночай актыўнасці найчасцей выступаюць вашыя матулі, бабулі, сёстры, а не мужчыны.
І наўздагон Усевалад звярнуў увагу на супярэчлівае стаўленне да фемінізму і грамадства саміх феміністак: “На захадзе феміністкі змагаюцца супраць жанчынаненавіснікаў, а нас жа — супраць мужчын!”
Ірына Саламаціна звярнула ўвагу прысутных на тое, што ў беларускім сегменце толькі адзін працэнт грамадскіх арганізацый — жаночыя. І што рабіць з гэтым?
У зале пачынаецца дыскусія. У чым праблема? Няўжо грамадства нешта забараняе жанчынам? У Японіі такая праблема. Калі нейкая міжнародная кампанія пасылае на перамовы жанчыну, з ёй ніхто не сядзе за стол перамоваў. У Беларусі па-іншаму. Глядачка спадарыня Людміла падкрэслівае: ад разрыву паміж сям’ёй і кар’ерай пакутуюць дзеці, якія палову дня праводзяць у адзіноце. Перакладчыца, мастачка і прадстаўніца дабрачыннага фонду “Добра тут!” Алена Марцьянава выводзіць далягляд праблемы па-за МКАД: 80 працэнтаў беларускіх мужчын прымушаюць жанчын быць актыўнымі праз сваю пасіўнасць. Адсюль і выпрацаваная “класічная” жаночая здольнасць “каня на скоку спыняць”.
Ірына Саламаціна адзначыла, што гадаванне дзяцей — гэта не толькі жаночая адказнасць ці абавязак, што ў Швецыі, якая на сёння есць прыкладам краіны, дзе выконваецца гендарная палітыка, адказнасць за гадаванне дзяцей абсалютна аднолькавая і ўскладаецца як на маці, так і на бацьку. У Беларусі па дакументах усё вельмі прывабна, але тэорыя вельмі далёкая ад практыкі. Таксама Ірына Саламаціна згадала, што за мінулы год з 14 фотавыставаў у Беларусі толькі дзве былі жаночымі.
З бачаннем праблемы не пагадзіўся Усевалад Сцебурака: “Калі я бачу харошае фота, то мне ўсё адно, мужчына яго зрабіў альбо жанчына. Жаночыя арганізацыі? “Эгіда” лічыцца жаночай ці “Ахова птушак Бацькаўшчыны”? Калі праца зробленая добра, хіба нам не ўсё адно, хто яе рабіў? Мае матуля і бабуля былі звышактыўнымі жанчынамі, а вось некаторыя іх равесніцы — не, і не таму, што іх кудысьці не пускалі, гэта быў свядомы ўласны выбар. Ёсць жанчыны, якія сцяну галавой праб’юць, а ёсць тыя, хто не хоча гэтага рабіць, а мы чамусьці імкнемся вырашыць тут праблему з іх актыўнасцю”.
Аднак спадарыня Малышава кажа, што сутыкалася з тым, што не ўсе давяраюць псіхолагам-жанчынам, часам пытаюцца: “Чаму ты мне прапануеш выключна нейкіх цётак, хай мне лепш мужык мазгі ўправіць”.
Гледачы з залы ізноў далучаюцца да дыскусіі. “Жанчына хоча быць актыўнай не праз мужчын, а каб жыццё стала цікавейшым, — кажа Алена Кучынская, грамадская і творчая актывістка з Оршы. — Я займаюся грамадскімі рухамі даўно, 20 гадоў ужо. Я ладжу экалагічныя семінары і сустрэчы для дзяцей, таму што бачу, як гэта цікава і важна! Але калі б нас падтрымала дзяржава, усё было б лепей!”
Кацярына Корзун агучыла сваё стаўленне да пытання ў тэме дыскусіі: “Калі асноўная праблема зводзіцца да дадатковай актыўнасці, то ў беларускіх умовах лепей “пераборшчыць”, чым “недаборшчыць”. Нашыя жанчыны сапраўды больш грамадска актыўныя і адказней ставяцца да самаразвіцця. Я ў ЗША сустрэла сваіх сяброў, якіх не бачыла па 10-15 гадоў, і за гэты час дзяўчаты зрабілі паспяховыя кар’еры, а мужчыны спрабавалі заняцца рознай дзейнасцю, але не змаглі выйсці на належны ўзровень”.
Дыскусія набірала абароты, мадэратары не толькі давалі выказацца прысутным, але і самі дзяліліся меркаваннямі. Было відавочна, што тэма не пакінула абыякавым нікога: рэфлексіі, высновы, прыклады так і сыпаліся. І эксперты прыйшлі да высновы: на першае месца варта ставіць чалавечую індывідуальнасць, права і гатоўнасць выбіраць, і нельга ні ў якім разе падтрымліваць “полавую варожасць”. Трэба разглядаць не праблемы стасункаў, а магчымасць узаемадзеяння.
“Я ўсяляк выступаю за дыялог, — кажа спадарыня Малышава. — Аднак часта ў дыскусіях, калі ідзе гаворка пра жаночыя праблемы, чую меркаванне: “А хіба яны ёсць?” Насамрэч — ёсць! І дыялог атрымаецца толькі тады, калі праблемам нададуць увагу. Таму цяпер трэба не баяцца пераборшчыць”.
Юрась Ускоў, фота – Аляксандр Ждановіч
Усім, хто зацікавіўся тэмай, раім наведаць публічную лекцыю нашага партнёра-кансультанта Ірыны Альхоўкі “Роля рэкламы ў стварэнні вобразаў жанчыны і мужчыны: люстэрка або канвейер?”