Працягваем вандраваць разам з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Бліжэйшым часам наведаем самы папулярны сярод турыстаў і вандроўнікаў паўночны азёрны край нашай Бацькаўшчыны — Браслаўшчыну. У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ўсё ў парадку як з інфраструктурай, так і з колькасцю разнастайных прыродных ды архітэктурных помнікаў. Сёння прапануем агледзець два маляўнічых паселішчы: Відзы Лаўчынскія і Відзы. Тут нас чакае старасвецкая сядзіба ў стылі класіцызм, з якой звязаны лёс аднога з кіраўнікоў паўстання 1794 года Тамаша Ваўжэцкага, месца ягонага пахавання, адзін з самых высокіх касцёлаў Беларусі, старавецкая царква, спраектаваная архітэктарам, які ўвасабляў «беларускі стыль» у сваіх творах, местачковая забудова ХІХ—ХХ стст. і шмат іншых цікавостак.
Фота: planetabelarus.by
Відзы Лаўчынскія
Першым нашым прыпынкам на Браслаўшыне прапануем зрабіць вёску Відзы Лаўчынскія, што знаходзіцца ў памежнай зоне з Літвой, таму перад вандроўкай варта спраўдзіць наяўнасць у сябе пашпарта. Упершыню паселішча ўзгадваецца ў 1586 годзе пад назвай Ловішча. Ловішча ўваходзіла ва ўладанні роду Нарушэвічаў дзякуючы Жыгімонту Кейстутавічу, які перадаў навакольныя землі заснавальніку роду Нарушу. Ловішча належала Нарушэвічам ажно да ХVIII стагоддзя. Пасля шлюбу Алены Нарушэвіч і Аўгусціна Ваўжэцкага пасаг у выглядззе маёнтка Відзы Лаўчынскія перайшоў да Ваўжэцкіх. Відзы Лаўчынскія былі ва ўласнасці Ваўжэцкіх да другой паловы ХІХ ст., пасля пасагам перайшлі да роду Мінэйкаў, якія гаспадаралі тут да прыйсця савецкай улады ў 1939 годзе.
Відзы Лаўчынскія, 1918
Відзы Лаўчынскія, 1918
Відзы Лаўчынскія, 1918
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Верхнядзвінскім раёне. Частка трэцяя
За Ваўжэцкімі ў Відзах Лаўчынскіх была пабудавана сядзіба, якую мы можам пабачыць тут і сёння. Будынак быў узведзены з дрэва ў стылі класіцызм напрыканцы ХVIII ст. на схіле на беразе возера Дворнае як аднапавярховы на высокім каменным цокалі, праз тое сядзіба з аднога боку выглядае двухпавярховай. Верагодна, сядзіба была перароблена ў 1900 годзе новымі гаспадарамі — Мінэйкамі па праекце Тадэвуша Раствароўскага, пра што сведчаць некаторыя неарэнесансныя архітэктурныя рысы будынка, напрыклад, высокі арачны ганак з вялікай левіцай з боку парку.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Рэшткі англійскага парку захаваліся і па сённяшні дзень побач з сядзібай. Тут, калі добра пашукаць, магчыма пабачыць конскі каштан, арэх шэры, ясень звычайны і лістоўніцу еўрапейскую. А сярод густых хмызоў можна сустрэць камень з выбітымі імёнамі Ева і Заза. З ім звязана сумная гісторыя, якая адбылася на пачатку ХХ ст., калі ў маёнтку гаспадаралі Мінэйкі. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ў пана Мінэйкі была кабыла Ева, з якой вельмі сябраваў гаспадарскі сабака Заза. Паўсюль гадаванцы суправаджалі адно аднога, але аднойчы Ева зламала нагу і акрыяць не здолела, праз што гаспадар вымушаны быў яе застрэліць. Кабылу пахавалі ў парку. Доўга смуткавала Заза на магіле Евы, скуголіла, не сыходзіла з месца і неўзабаве і сама адыйшла на той свет. Гаспадар пахаваў Зазу побач з сяброўкай і заклаў у памяць пра іх на тым месцы валун з імёнамі ўлюбёных гадаванцаў.
Фота: orda.of.by
Фота: wikimedia.com
Побач з сядзібай месціўся вялікі гаспадарчы двор, дзе была пабудаваная стайня ў стылі класіцызм, зернясховішча з драўлянымі калонамі і пякарня з вялікім порцікам на дзвюх калонах. Пякарню гэтую ў моцна пашкоджаным стане можам пабачыць і сёння. За Ваўжэцкімі ў 1855 годзе ў Відзах Лаўчынскіх з’явіўся першы бровар. Пасля Другой сусветнай вайны ў колішнім маёнтку савецкая ўлада размясціла калгас «Бальшавік», які праз дваццаць год быў перайменаваны ў калгас «Камуніст». Сёння будынак сядзібы імкліва ператвараецца ў крушні.
Фота: @azarkinm
Фота: @azarkinm
Фота: @azarkinm
Яшчэ з сядзібай у Відзах Лаўчынскіх звязаны лёс знакамітага дзяржаўнага дзеяча, паплечніка Тадэвуша Касцюшкі Тамаша Ваўжэцкага. Нарадзіўся Тамаш Ваўжэцкі ў Мейштах у 1753 годзе, вучыўся ў езуіцкай школе ў суседніх Відзах. Браслаўскай шляхтай Тамаш Ваўжэцкі быў абраны дэпутатам на сойм Рэчы Паспалітай, дзе актыўна прасоўваў ідэю прыняцца Канстытуцыі краіны, першай у Еўропе і другой пасля Канстытуцыі ЗША ў свеце. Канстытуцыя была прынятая 3 траўня 1791 года, але час на патрэбныя рэформы ў Рэчы Паспалітай ужо быў страчаны.
Томаш Ваўжэцкі
Тамаш Ваўжэцкі ўдзельнічаў у паўстанні 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі як генерал па Браслаўскім павеце, за свае сродкі узброіў і абмундзіраваў паўстанцкі атрад колькасцю трыста чалавек. Пасля таго, як Касцюшка трапіў у палон, Ваўжэцкі ўзначаліў паўстанне, за што адседзеў два гады ў вязніцы. Пасля вызвалення вярнуўся на радзіму. Пахаваны Тамаш Ваўжэцкі ў суседніх Відзах, куды і прапануем рушыць далей.
Магіла Тамаша Ваўжэцкага ў Відзах. Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Івацэвіцкім раёне. Частка першая
Відзы
Першы пісьмовы ўспамін пра паселішча Відзы датуецца пачаткам XV ст., калі вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч падараваў навакольныя землі тром братам: Доўгірду, Даўкшу і Нарушу. Ад Наруша пайшоў род Нарушэвічаў, прадстаўнікі якога заснавалі тут мястэчка. А нашчадкі Доўгірда, Ганна і Хведар, у 1481 годзе запрасілі ў Відзы з Вільні манахаў-бернардынцаў ды фундавалі пабудову кляштара і першага ў Відзах драўлянага касцёла пры ім, які па сённяшні дзень, на жаль, не захаваўся.
Фота: planetabelarus.by
Відзы, 1914–1918
Той касцёл, які з’яўляецца сапраўднай візітоўкай Відзаў сёння, быў закладзены тут па праекце архітэктара Вацлава Міхневіча больш чым на паўтысячагоддзі пазней, у 1909 годзе, у самым папулярным на той час на нашай тэрыторыі стылі неаготыка з чырвонай цэглы. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які мае гістарычную назву Троіцкі, у Відзах — адзін з самых высокіх касцёлаў Беларусі, вышыня ягоная складае пяцьдзясят дзевяць метраў, ён саступае касцёлу ў Гервятах усяго на два метры. Храм быў дабудаваны ў 1914 годзе.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Неўзабаве пасля таго, як будаўніцтва касцёла было завершана, пачалася Першая сусветная вайна. Увосень 1915 года да Відзаў наблізілася лінія фронту, якая заставалася тут ажно да 1918 года. Будынак храма моцна пацярпеў ад прыцэльнага вагню расійскай артылерыі.
Відзы, 1914–1918
Вежы храма выкарыстоўваліся ў якасці назіральнага пункту, для ўстаноўкі кулямётаў, размяшчэння снайпераў. Пасля вайны храм быў адрамантаваны, і ў памяць аб падзеях дзе-нідзе ў сцены касцёла былі ўмураваныя снарадныя галоўкі. Што тычыцца ўнутранага аздаблення храма, то яго захаваць не атрымалася, як і арган. Побач з касцёлам захавалася плябанія пачатку ХХ ст., дзе сёння месціцца лякарня.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Відзы атрымалі статус мястэчка ў XVI стагоддзі. У 1524 годзе частку Відзаў набыў віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд. У розныя часы, як у тыповым беларускім мястэчку, тут мелі ўладанні і будынкі разнастайныя каталіцкія ордэны: бернардынцы, канонікі-рэгулярныя, канонікі-лютэранскія, дамініканцы, езуіты, існавалі праваслаўная, стараверская, юдэйская, магаметанская, пратэстанцкая супольнасці.
Альбрэхт Гаштольд
У 1629 годзе частка Відзаў адыйшла роду Пацаў. Пазней ваявода Віленскі Міхал Казімір Пац адпісаў свае Відзаўскія ўладанні канонікам-рэгулярным з мэтай завяршэння будаўніцтва Петрапаўлаўскага касцёла ў Вільні, вядомага сваім шыкоўным унутраным аздабленнем.
Касцёл св. Пятра і Паўла, Вільня
У пачатку XVIII ст. езуіты размясцілі ў Відзах прадстаўніцтва, збудавалі тут рэзідэнцыю, мелі тут невялікі касцёл і школу, у якой вучыўся ўжо вядомы нам Тамаш Ваўжэцкі. З езуіцкіх пабудоваў да нашых дзён, на жаль, нічога не захавалася.
20 Фота: vedaj.by
Яшчэ адной славутасцю Відзаў з’яўляецца Свята-Успенская стараверская царква 1907 года. Першыя згадкі пра старавераў у Відзах адносяцца да XVIII стагоддзя. Сучасны храм быў пабудаваны паводле праекта выбітнага беларускага начыянальнага дзеяча, архітэктара, які ствараў «беларускі стыль» у архітэктурных формах сваіх праектаў, Лявона Вітан-Дубейкоўскага.
Магіла Лявона Вітан-Дубейкоўскага на могілках Росы ў Вільні
Свята-Успенская царква — помнік архітэктуры мадэрну. У ёй захоўваецца абраз ХІХ ст. «Святы Мікола Цудатворац». Сёння ў Відзах знаходзіцца найбуйнейшая стараверская супольнасць Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў Браслаўскім раёне.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Яшчэ ў Відзах у раёне цэнтральнай плошчы захавалася каля дзясятка будынкаў канца ХІХ — пачатку ХХ стст., на якія таксама варта звярнуць увагу. Тут стагоддзе таму месціліся крамы, корчмы і іншыя тагачасныя местачковыя ўстановы. У добрым стане захаваўся вадзяны млын ХІХ стагоддзя. На мясцовых могілках можна пабачыць крушні капліцы канца ХІХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Фота: vedaj.by
З тым, дзе падсілкавацца, у вандроўнікаў у Відзах не будзе праблемаў, ёсць мясцовая сталоўка на цэнтральнай плошчы побач з касцёлам з дэмакратычнымі коштамі і постсавецкім сэрвісам ды кафэ «Традыцыя 1803» з вельмі разнастайным меню беларускай кухні.
Фота: braslaw.by
Фота: braslaw.by
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе
ПЖ, budzma.org