Як зрабіць больш даступнымі культурніцкія імпрэзы і мясціны рэгіёнаў?
У ліку турыстычных трэндаў апошняга часу — увага да знакавых месцаў нашай краіны. Няважна, размяшчаюцца яны ў сталіцы, непадалёк ад яе ці ў аддаленым ад шырокіх гасцінцаў рэгіёне. Але ці заўсёды самі жыхары адметных гарадоў і мястэчак самі ладзяць і наведваюць культурніцкія імпрэзы, гатовыя паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні (а значыць зрабіць яго больш прывабным і для іншых) роднага двара і раёна?
Адказ хутчэй будзе адмоўным. У ліку асноўных прычын нізкай актыўнасці і зацікаўленасці жыхароў невялікіх беларускіх гарадоў часцей за ўсё яны самі назавуць адсутнасць інфармацыі пра імпрэзы (ці няведанне, адкуль яе чэрпаць), безыніцыятыўнасць мясцовых уладаў, недаступнасць або цяжкадаступнасць культурніцкіх аб’ектаў для людзей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Дарэчы, пра сам турыстычны патэнцыял розных мясцінаў зазвычай гаворкі не ідзе: мы ўжо выдатна ўсведамляем, чым варта ганарыцца.
Таму, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, прадстаўнікамі ўладаў, супрацоўнікамі цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” разам з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” зладзілі адкрытую дыскусію ў горадзе, дзе існавала Мядзведжая акадэмія, частавалі адметнымі абаранкамі, а непадалёк размяшчаўся маёнтак Агінскіх. Так, сустрэча “Культурніцкая прастора Смаргоні і Залесся: што ёсць і чаго хочацца?” прайшла ў канферэнц-зале ГА інвалідаў “Жыццё без межаў”. У якасці спікераў выступілі: Дар’я Ліс, мясцовая жыхарка, пісьменніца, рэдактарка сайта zalesse.by; Андрэй Эзерын, піяр-менеджар, спецыяліст па камунікацыі, удзельнік ініцыятыўнай групы па захаванні гістарычнага раёна Мінска Асмалоўкі; экскурсавод Людміла Скрадаль, аўтарка экскурсій для невідушчых. Правяла дыскусію Хрысціна Марчук, журналістка, культурніцкі менеджар, каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Гродзенскім рэгіёне.
Скепсіс? Станоўчыя прыклады ёсць!
“Навошта гэта абмяркоўваць? Толькі час трацім! Мы самі нічога не здолеем зрабіць…” Такія выказванні нярэдкія сярод мясцовых жыхароў, якія завітваюць на дыскусіі і афлайнавыя ток-шоў, што ладзіць кампанія “Будзьма беларусамі!”. Але скепсіс, як паказвае вопыт, вельмі часта не вытрымлівае націску ініцыятыў, што ўзнікаюць пасля такіх сустрэч.
— Праблема беларусаў у тым, што мы не ўмеем гуртавацца, аб’ядноўваць намаганні ў супольных праектах, — распавяла Марыя Шарый, — Кожны дзейнічае паасобку, намагаецца нешта зрабіць, але разам усё ж працаваць лепш. Калі ўзаемадзеянне адбываецца, то ёсць добрыя вынікі. Згадваецца дыскусія, якую мы праводзілі ў Лідзе. На першую сустрэчу завітала вельмі мала мясцовых жыхароў. Гэта расчаравала спачатку, але потым мы зразумелі, што галоўнае — не колькасць. Ужо праз месяц абвясцілі кірмаш праектаў, конкурс культурніцкіх ініцыятыў. І прапаноў жыхароў Ліды было шмат. Ад карты даступнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі да нейкіх актыўнасцяў у замку. На другую сустрэчу завітала многа актыўнай моладзі, гатовай укладаць уласныя сілы і час у агульную справу.
Сапраўды, натхненне, ідэя нешта змяніць у родным горадзе з’яўляецца не адразу. Але неўзабаве ініцыятывы сапраўды нараджаюцца і знаходзяць падтрымку.
Ці даступна?
— Часам здаецца, што культурніцкае жыццё ў Залессі непадалёк ад Смаргоні віруе, — кажа Даша Ліс. — Тут, у Доме культуры, музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага, у Доме рамёстваў, у школе праходзяць фестывалі, выстаўкі, імпрэзы. Вязаныя парасонікі, саламяныя вырабы, распрацаваныя мясцовымі майстрыхамі, могуць стаць выдатнымі падарункамі і сувенірамі. Аднак не кожная імпрэза збірае многа мясцовых жыхароў. Гэтаму можна прывесці некалькі прычын. Па-першае, не хапае рэкламы, анонсаў на сайтах і ў СМІ. Па-другое, шмат часу, сіл і грошай займае вядзенне сваёй гаспадаркі. Ды і асяроддзе музеяў мусіць быць безбар’ерным для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Напрыклад, ёсць пандус на ўваходзе, а на выездзе — высокі парог. Таму калі я запрашаю ў Залессе сваіх сяброў-вазочнікаў, то магу іх толькі папярэдзіць пра некаторыя цяжкасці нават па дарозе да цікавых мясцінаў. Абавязкова патрэбная прысутнасць сябра з моцнымі рукамі.
Так, асяроддзе, якое адпачатку мяркуецца як безбар’ернае, не заўсёды адпавядае ўсім неабходным патрабаванням. І гэта не толькі пандусы, нязручныя лесвіцы і перашкоды, што ствараюць цяжкасці для вазочнікаў, але і негатоўнасць экскурсаводаў наладзіць патрэбную камунікацыю.
— Экскурсавод валодае методыкай, але яна можа актыўна ўжывацца толькі ў працы з людзьмі без асаблівасцяў фізічнага развіцця. Яшчэ большае пытанне, як працаваць з невідушчымі, іх таксама варта далучаць да культурніцкага жыцця, аднак выкарыстоўваць свае метады, — лічыць экскурсавод Людміла Скрадаль.
Каля 7-8 гадоў Людміла разам з аднадумцамі, пераняўшы вопыт еўрапейскіх калег распачала праект наладжвання экскурсійнага абслугоўвання невідушчых людзей.
— Мы пачалі з рэальефнай выявы фасада мінскай ратушы, — дадае Людміла. — Стварылі выпуклы відарыс, прыўзняты над паверхняй. Можна было памацаць калоны, балясіны, шпіль у дробных дэталях і зразумець, як ён выглядае. Потым да праекта далучыліся архітэктары: яны пачалі распрацоўваць тактыльныя макеты будынкаў. Так, у адпаведнасці з патрабаваннямі цэлая група творцаў праз месяц зрабіла макет ратушы: тут можна памацаць усе дэталі, прыступкі, вокны, зразумець, што размяшчаецца навокал.
Другім будынкам, увасобленым падобным чынам, стала канцэртная зала “Верхні горад”. Але гэты макет умее размаўляць. Ён распавядае пра гісторыю і сучаснасць будынка, запрашае паслухаць музыку ў акустыцы залы. Пазней каманда праекта распрацавала аўдыятактыльную карту плошчы Незалежнасці — з праспектам, купаламі гандлёвага цэнтра “Сталіца”, уваходамі ў метро, зялёнымі зонамі.
— Гэта не толькі экскурсія, але і пашырэнне асабістай прасторы невідушчага чалавека. З цягам часу мы зразумелі, што экскурсій недастаткова, а невідушчым можна паказаць і карціны — праз іх тактыльныя інтэрпрэтацыі, — кажа экскурсавод. — З гліны робіцца выпуклая выява карцін, дэталі афарбоўваюцца, пакрываюцца адпаведнымі матэрыяламі, каб ствараць адчуванне матэрыялаў, выяўленых на рабоце. Работы мацуюцца на эрганамічныя стойкі і суправаджаюцца ўнікальным аўдыёабсталяваннем, распрацаваным спецыяльна для праекта.
Ужо на гэтым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі з’явіцца трэцяя работа ў межах праекта “Мастацтва на кончыках пальцаў”. Раней тут прадстаўляліся работы Івана Хруцкага, Вітольда Бялыніцкі-Бірулі, цяпер прыйшла чарга “Космасу” Язэпа Драздовіча
Цікава, што праект існуе без фінансавання, для яго падтрымкі не патрабуюцца вялікія бюджэты, ён жыве і дыхае толькі дзякуючы нераўнадушным памочнікам. Людзі самі прапаноўваюць пасільную дапамогу, без ніякіх просьбаў.
Ад дваровага фэсту да абароны раёна
Пра важнасць стварэння супольнасці нераўнадушных, якія і складуць ядро справы, стануць рухальнай сілай праекта, распавёў Андрэй Эзерын. Ён прывёў прыклад абароны гістарычнага раёна сталіцы Асмалоўкі ад зносу ў адпаведнасці з новым планам забудовы.
— Калі тры гады таму мы пачыналі кампанію па абароне Асмалоўкі, то разумелі, што займаемся безнадзейнай справай, але сабе не даруем, калі хаця б не паспрабуем, — кажа спадар Андрэй. — Тут спрацавала важнае правіла: калі хочаш дасягнуць выніку, пачынай з простага. У Асмалоўцы ўсё пачалося з суботніка. Калі жыхары пад’езда разам пасадзілі кусты, прыбралі двор, вынеслі смецце. Так паступова суседзі пазнаёміліся, пачала ўтварацца community. Нехта добры юрыст, нехта выдатна ўмее дамаўляцца, хтосьці добра вядзе блог. І разам людзі паступова акумулююць намаганні дзеля супольнай справы. Першая хваля ініцыятывы вырасла ў вялікую супольную справу. Я не скажу, што ў нас цалкам няма спрэчак. Як і ва ўсіх у Беларусі, нейкія супярэчнасці ўзнікаюць.
Так у Асмалоўцы пачало віраваць жыццё. Арганізавалі падзеі, актыўна працуюць з прэсай. Нагодамі робяцца як мясцовыя дваровыя фестывалі, па сутнасці, лакальныя актыўнасці, якія ператвараюцца ў прыгожыя фотарэпартажы, так і сур’ёзныя круглыя сталы, абмеркаванні з удзелам высокіх чыноўнікаў і службовых асоб.
Цікава, што гэты праект у выніку стаўся адукацыйным, карысным для ўсяго горада. І актывістамі былі і з’яўляюцца не толькі насельнікі Асмалоўкі, але і асататнія мінчане.
Дзе браць інфармацыю?
Сапраўды, каб людзі імкнуліся трапіць на культурніцкую імпрэзу, варта пазбягаць “партызанскага” іміджу, не ствараць уражання, што гэта падзея толькі для “сваіх”. Таму варта шырэй анансаваць яе праз мясцовыя СМІ, сацыяльныя сеткі, ды і, як паказвае практыка, усё яшчэ спрацоўвае дзедаўскі шлях з развешваннем аб’яў на слупах.
— Напрыклад, у музеі ў Залессі была выстаўка Аляксандра Грышкевіча, я лічу яго выдатным мастаком сучаснасці, не толькі на ўзроўні Беларусі. Ён родам з Маладзечна, жыве ў Мінску. Я б пешкі пайшла ў Залессе са Смаргоні, калі б ведала пра імпрэзу, бо даўно хацела з ім пазнаёміцца, — дадае паэтка, эсэістка, мясцовая жыхарка Таня Скарынкіна, — Але, на жаль, ніякай аб’явы напярэдадні я не пабачыла, ды і фота з адкрыцця не парадавалі вялікай колькасцю гасцей.
Дарэчы, пытанне мэтазгоднасці рэклам на слупах выклікала хвалю абурэння ў зале: маўляў, ці можна высокае мастацтва рэкламаваць такімі нізкімі шляхамі. Ці не пакрыўдзіць гэта самога творцу?
Абмеркаванне выйшла за межы дыскусіі ў зале (і гэта выдатна), мела працяг у сацыяльных сетках. Дык вось, і сам мастак Грышкевіч, і іншыя творцы не супраць, каб іх выстаўкі рэкламаваліся, хай сабе і на слупах — гэта ж інфармаванне, што ўжо пашырае кола патэнцыйных наведнікаў.
Таму самыя простыя правілы спрацоўваюць найлепш: больш інфармацыі, менш сціпласці, больш ініцыятыўнасці, менш страху, больш адкрытасці і менш партызаншчыны… спіс можна доўжыць.
Марына Весялуха для budzma.by
Фота Марыны Серабраковай