«Будзьма беларусамі!» А ці ёсць у гэтым сэнс?..

07.04.2025
Цяжка сабе ўявіць, каб палякі збіралі грошы на кампанію «Будзьма палякамі!». Нонсэнс, праўда? Бо што ж тут дзіўнага, каб у Польшчы быць — палякам? Хаця вось дзіцячая песенька «Jesteśmy Polką i Polakiem». Але розніца акурат у першых словах: «мы ёсць» і «мы будзем».

Гучыць падобна, а розніца — фундаментальная. «Jesteśmy» — гэта канстатацыя факту. Мы — ёсць. А паколькі песенька дзіцячая, то тлумачыць такія рэчы трэба хіба што... дзецям. У нашым выпадку — «Будзьма!» — гэта заклік. А калі ты заклікаеш кагосьці быць кімсьці, значыць, гэты хтосьці на дадзены момант ім не з’яўляецца. Інакш канструкцыя губляе сэнс. 

Ну, добра. Давайце пра відавочнае: чаму палякам не трэба тлумачыць, што яны «палякі» і маюць такімі ж заставацца? Бо ўсё гэта даўно зрабіла польская дзяржава. Гэта такі самы базіс, як забеспячэнне спраўнасці святлафораў на вуліцах і цвёрдасці нацыянальнай валюты, з якой не трэба бегчы ў абменнік адразу пасля заробку: «бо раптам што»

Усходняя Еўропа — тэрыторыя нацыянальных дзяржаваў. Колькі нацыяў і моваў, столькі краінаў. Беларусь у гэтым сэнсе — парадаксальная. Гэта адзіная дзяржава, якая трымаецца на... адмаўленні свайго нацыянальнага складніка. Часам для замульвання вачэй нам распавядаюць казкі пра тое, што ў БССР некалі было чатыры мовы і гэта «вельмі добра», але пакінем гэтую тэму для асобнай калонкі. Як і гісторыю пра тое, чаму ж так выйшла.

Plakat «Toje, što nas abjadnoŭvaje i robić unikaĺnymi!»
Плакат «Тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі!», 2008 год. Аўтар — Міхал Анемпадыстаў

Мы працуем з той рэальнасцю, якую маем 

Так-так, з рэальнасцю, дзе цалкам дарослых людзей, якія ўжо выгадавалі сваіх дзяцей, варта заклікаць «быць беларусамі». А яшчэ тлумачыць, што гэта з катэгорыі «быць сабой», а не насоўванне чагосьці знешняга-чужога. То-бок, дубляваць функцыі Міністэрства адукацыі — без рэсурсу мінадукацыі. А зараз яшчэ і з таўром «экстрэмістаў» ад іншага міністэрства.

Няпростая задачка, праўда? А цікавостка ў тым, што менавіта гэтым займаецца з 2008 года кампанія «Будзьма беларусамі!». Гэта асветніцкая місія для амаль 9-мільённай нацыі. Кнігі, сустрэчы, фестывалі, канцэрты, спектаклі, відэаролікі, артыкулы, нацыянальны «мерч»...

Fiestyvaĺ bielaruskamoŭnaj reklamy i kamunikacyi Adnak!
Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі Adnak!, Мінск, 2015 г.

Місія, якая доўжыцца ўжо 17 гадоў. Каб распавесці беларусам пра іх саміх. Пра тое, што ім не распавялі ў школе ды — нават блізка не распавядуць іхным дзецям. Бо ў дзяржавы іншыя прыярытэты і каштоўнасці. «Вы же сами понимаете». Гэта, безумоўна, абсурд і парадокс. Але ...ну як інакш?

Dyskusija pra sučasnuju nacyjanaĺnuju identyčnasć u Minsku
Дыскусія пра сучасную нацыянальную ідэнтычнасць у Мінску, 2016 год

Вы памятаеце Беларусь, скажам, 2013 года? 

Я цудоўна памятаю. Тэрыторыя шэрасці, дзе абсалютна нічога не адбываецца. Дзе нікому нічога не цікава, апроч накаплення, будаўніцтва ўласнага жытла і пакупкі аўто. Палітыка даўно задушаная. Культура — гэта «Рок за Бобров». Гісторыя — Брэсцкая крэпасць... Яшчэ няма беларускага ютуба, блогераў, «Арт-Сядзібы», «Янушкевіча» — проста выпаленае поле. 

І ва ўсім гэтым — абсалютна шалёныя людзі, якія бяруцца вяртаць беларусам — беларушчыну. Не толькі ў Менску, але і ў маленькіх гарадках. Дзе для чыноўнікаў кожны беларускамоўны чалавек — «бэнээфавец». Дзе «культура» — гэта дзень адчыненых дзвярэй у бібліятэцы. Дзе на словы «рэклама па-беларуску» — пырскаюць смехам.

Fiestyvaĺ «U hosci da Liepieĺskaha Cmoka»
Фестываль «У госці да Лепельскага Цмока», 2014 год

А яно атрымалася! Не, не беларусізаваць 9 мільёнаў суайчыннікаў. Але — зламаць бар’ер. Паглядзець на саміх сябе па-іншаму. І ўвесь гэты дзвіж насамрэч не толькі пра мову, але пра пазбаўленне ад комплексаў. Пра тое, каб нарэшце расправіць плечы ды — усміхнуцца. Калі на вуліцах ужо, бадай, перастала гучаць «Жыве Беларусь!», мы займелі новы пароль — «Будзьма!».

Ці актуальная гэтая місія сёння? 

Глядзіце, нацыя разарваная новай «жалезнай заслонай». Вакол — вайна, рэпрэсіі, няпэўнасць будучыні. Доўгая зіма. А значыць, зноўку трэба эканоміць рэсурс, каб выжыць. Продкі ж навучылі, што калі халодна — кожны сам за сябе. Ды — моўчкі. Так і жывем стагоддзямі. Ці гэта і ёсць жыццё? — іншае пытанне. 

«Культура — вышэйшая форма палітыкі», — гэта не мая фраза, але вядомага ўкраінскага актывіста з Данецка. Ён ведаў, пра што кажа. Таму гэтыя словы я згадваю штораз, калі здаецца, што займацца культурай, ідэнтычнасцю і мовай — няўчасна. Яно заўжды няўчасна. Але наступствы гэтага «няўчасна» — заўжды катастрафічныя. 

Напэўна, гэта адказ на пытанне, чаму заклік «Будзьма беларусамі!» дасюль актуальны. Як і падтрымка кампаніі, якая цягне гэтую лямку ўжо шмат гадоў. Сёння ад кожнага з нас залежыць, наколькі гэтая зіма будзе доўгай ды — як мы яе перажывем. Кім станем па выніку. Ці будзем. 

Як думаеце, гэта важна? Напішыце ў каментарах. 

А калі Ваш адказ супадае з маім — ёсць опцыя інвеставаць у нашу супольную будучыню. У наша супольнае — «будзьма!».

Падтрымаць кампанію «Будзьма беларусамі!» можна рознымі шляхамі:

1. Набыць кубачак кавы на платформе ko-fi.com. Вы можаце набыць адзін кубачак альбо аформіць падпіску на штомесячную падтрымку.

2. Пералічыць ахвяраванне наўпрост на банкаўскі рахунак у Літве: Нумар рахунка: LT874010051003596075
Банк: Luminor Bank AS Lithuanian branch, SWIFT AGBLLT2X
Адрас банка: Konstitucijos pr. 21A, 03601 Vilnius, Lietuva

Атрымальнік плацяжу: VSJ Bukim kartu («Будзьма разам»)
Код арганізацыі: 304102906 (аналаг нашага УНП)
Прызначэнне плацяжу: Donation

3. Пералічыць ахвяраванне на банкаўскую картку:
4220 7301 7151 8283 дзейсная да 11/28 VSJ Bukim kartu Прызначэнне плацяжу: Donation

4. Зрабіць данат праз PayPal:  https://www.paypal.com/paypalme/budzma

5. Калі вы плаціце падаткі ў Літве, вы можаце ахвяраваць нам 1,2% сваіх падаткаў за 2024 год. Пры гэтым уласна Вам гэта не будзе каштаваць анічога! Зрабіць ахвяраванне можна прама цяпер. Перыяд падачы дэкларацый ужо пачаўся і завершыцца 1 траўня 2025 г. Падрабязная інструкцыя, як ахвяраваць 1,2 % сваіх падаткаў у Літве — па спасылцы.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org