“Будзьма беларусамі!”: наш адказ Швецыі (+ відэа)

18.09.2012 Замежжа

Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” цяпер даступны і па-шведску. Аўтары спадзяюцца, што анімацыя стане добрым прыкладам міжкультурных зносінаў паміж краінамі Еўропы, у прывабнай форме расказаўшы жыхарам Швецыі пра Беларусь. Паглядзець мультфільм можна будзе на партале www.budzma.org. Пераклад тэксту быў зроблены Таццянай Баўдэр і адрэдагаваны Клаўдыяй Сэдэрхольм. Гэта ўжо чацвертая моўная адаптацыя мультфільма (дагэтуль пабачылі свет руская, польская ды англійская версіі).

Таццяна Баўдэр — актыўны прамоўтар беларускай спадчыны ў Швецыі, куратар фестывалю беларускай культуры ў Хельсінборгу. Кіраўнік кампаніі, якая займаецца культурнымі і дзелавымі кантактамі паміж краінамі Скандынавіі і Усходняй Еўропы. Пераклад песні стаў для Таццяны справай гонару, а вынік — чарговай цаглінай у мур культурных стасункаў дзвюх краінаў і ўкладам у міжнароднае жыццё мультфільма, якое ідзе поўным ходам.

 

Анімацыя толькі што “вярнулася” з японскага фестывалю HIROSHIMA 2012, дзе рэжысёр Юлія Рудзіцкая прадставіла яе бамонду сусветнай анімацыі. Варта адзначыць, што адбор для паказу ў конкурсе прайшлі ўсяго 67 фільмаў з 2600. Прыкладна такім жа па жорсткасці быў і адбор для спецпаказу, дзе анімацыя ганарова прадставіла Беларусь. Фестываль у Хірасіме ўваходзіць у сусветны топ-10 па наведвальнасці і топ-5 па колькасці дэманстраваных стужак сярод фестываляў анімацыі.

Паводле шчырага прызнання Юліі Рудзіцкай, “быць у Хірасіме ў конкурсе і паказах — ужо вялікі гонар і ўзнагарода”. Цяпер анімацыю чакае ўдзел у конкурсах фестываляў Tindirindis (Літва) і Klik! (Нідэрланды) а таксама трансляцыі ў медыяцэнтры фестывалю Cannes Corporate Media & TV Awards (Аўстрыя). Працягваюцца і ратацыі мультфільма ў чацвертым туры кароткіх фільмаў тэлеканала Eurochannel, які вядзе вяшчанне па ўсім свеце.

Міжнародным поспехам мультфільм абавязаны крэатыву рэкламіста Юліі Ляшкевіч, майстэрскай працы Юліі Рудзіцкай, саўндтрэку ў выкананні Аляксандра Памідорава, (аўтар — Лявон Вольскі) і зладжанай працы каманды кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Мультфільм зрабіўся сацыяльным імператывам, выклікаўшы ў большасці гледачоў пачуццё гонару за сваю краіну, паказаў агульныя дасягненні, рэальных герояў гісторыі і паспрыяў разбурэнню негатыўных шаблонаў.

Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» спрыяе пераадоленню раз’яднанасці беларускага грамадства праз узмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці. Аднайменны анімацыйны фільм быў створаны дзеля пераадолення стэрэатыпаў пра беларускую “памяркоўнасць” і меркавання пра тое, што ў беларусаў гісторыя пачынаецца толькі з 1917 года. Болей чым за год “жыцця” фільм зрабіўся сапраўднай візітнай карткай Беларусі ў свеце, сабраўшы агулам больш за 1 млн праглядаў на розных відэахостынгах.

Читать новость по-русски

Чытаць навіну па-швецку