Беларуская асацыяцыя журналістаў паразмаўляла з рэдактаркай budzma.org пра інтэрактыўныя фарматы, паспяховыя і правальныя праекты і пра тое, чаму сярод стваральнікаў беларусацэнтрычнага кантэнту ў кампаніі няма канкурэнтаў.
Кадр з анімацыйнага фільма «Будзьма беларусамі! Гісторыя Беларусі за 5 хвілін». Скрыншот: БАЖ
Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» ўзнікла ў 2008 годзе з вялікай місіяй — аб’яднаць высілкі шматлікіх арганізацый і ініцыятываў, каб паказаць самім беларусам, што нашая культура, гісторыя і мова не проста важныя, але модныя і цікавыя ў сучасным свеце.
За 16 гадоў удзельнікі «Будзьма!» здолелі стварыць шмат паспяховых праектаў, а сайт культурніцкай кампаніі пераўтварыўся ў паўнавартаснае медыя. Каманда знайшла спосабы крэатыўна распавядаць пра беларускае і Беларусь. Але не ўсё было проста і гладка — нават у часы, калі правядзенне мерапрыемстваў не падлягала жорсткаму кантролю, і тым больш пасля падзей 2020 года.
Пра тое, як «Будзьма!» не толькі застаецца на плыву, але і развіваецца ў цяперашніх складаных умовах, расказала рэдактарка budzma.org у інтэрв’ю БАЖ. З меркаванняў бяспекі мы не называем імя суразмоўцы.
Афлайн-праект пераўтварыўся ў медыя
— Калі грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» толькі пачыналася, мы шмат увагі надавалі афлайнавым мерапрыемствам, — распавядае суразмоўца. — Па ўсёй Беларусі праводзілі сотні сустрэч, лекцый, фестываляў. Мы даязджалі да самых маленькіх мястэчкаў, выступалі ў вясковых школах, бібліятэках, праводзілі сустрэчы. Напрыклад, быў вельмі папулярны «Кірмашы праектаў», дзе мясцовыя жыхары абмяркоўвалі актуальныя для таго ці іншага мястэчка культурныя і сацыяльныя ініцыятывы ці знаходзілі аднадумцаў для іх рэалізацыі. Наш сайт на той момант даваў безліч рэпартажаў з гэтых імпрэзаў.
Як змяніўся фокус кампаніі пасля 2020 года?
— З 2020 года ў Беларусі сталі немагчымымі многія ранейшыя фарматы культурных сустрэч. Пандэмія, палітычныя змены і іншыя цяжкасці прымусілі «Будзьма!» трансфармавацца. Мы змянілі акцэнт на стварэнне медыякантэнту і працы ў інтэрнэт-прасторы.
Сёння праект ужо дзейнічае як паўнавартаснае медыя. Ёсць сайт, YouTube-канал, старонкі ў Instagram і Facebook, тэлеграм-канал і TikTok.
Але калі раней, да прыкладу, у 2020 годзе, асноўным ядром быў сайт, а інфармацыя з яго распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі, то зараз кожная платформа мае сваю аўдыторыю і сваю спецыфіку. І сацыяльныя сеткі не з’яўляюцца проста дубляжом сайта. Мы адаптуем кантэнт пад асаблівасці кожнай платформы і інтарэсы яе аўдыторыі.
TikTok-ролік пра вікінгаў у Полацку сабраў мільён праглядаў
Як вам удаецца цікава распавядаць пра гісторыю і культуру?
— Мы пастаянна шукаем новыя шляхі падачы культурных і гістарычных тэмаў. Імкнемся знайсці баланс паміж тым, што можа быць цікава аўдыторыі, і тым, што важна данесці ў рамках нашай місіі.
Пытанне стаіць у падачы. Не ўсё адразу ўдаецца, але, з іншага боку, нам самім вельмі цікава, бо гэта не проста праца — гэта нашая ідэя, з якой мы жывём і якой натхняемся.
Напрыклад, добра сябе зарэкамендавалі тэсты і квізы, якія рэгулярна публікуюцца на сайце. Інтэрактыўныя фарматы для нас — вельмі ўдалы спосаб прыцягнуць увагу. Бо, з аднаго боку, яны ўспрымаюцца як забава, але, з іншага боку, нясуць краязнаўчую і гістарычную інфармацыю. Такі падыход дазваляе зрабіць адукацыйны кантэнт больш даступным і прывабным для шырокай аўдыторыі.
Тэсты на сайце budzma.org. Скрыншот: БАЖ
А якія фарматы лічыце найбольш удалымі і чаму?
— Зараз адным з ключавых накірункаў кампаніі стала відэапрадукцыя. Яна аказалася вельмі паспяховай і прыцягнула шырокую аўдыторыю. У 2021 годзе на YouTube-канале «Будзьма!» было менш за паўтары тысячы падпісчыкаў, а кантэнт абнаўляўся даволі рэдка. Сёння гэтая лічба дасягнула 62 тысяч, і колькасць працягвае расці. Такі водгук у гледача можна звязаць з якасным зместам і ўдалай падачай.
Да таго ж мы эксперыментуем з рознымі платформамі. Відэа, створанае для YouTube, адаптуем у фармат рылсаў для Instagram, каб ахапіць максімальна шырокую аўдыторыю. У нас таксама ёсць TikTok-канал, які мае ўнікальную аўдыторыю больш за 32 тысячы падпісчыкаў.
Напрыклад, у TikTok ролік з Кацярынай Ваданосавай пра вікінгаў у Полацку і Кіеве набраў мільён праглядаў. На розных платформах розная аўдыторыя, і такім чынам мы атрымліваем больш шырокі ахоп.
Вершы і тэхналогіі «не зайшлі»
Раскажыце пра відэапраекты, якія прынеслі найбольшы поспех.
— Ёсць некалькі такіх праектаў. Напрыклад, «Трызуб і Пагоня», які ўжо дасягнуў трэцяга сезона. Спачатку ён быў прысвечаны супольнай гісторыі беларусаў і ўкраінцаў, але з цягам часу тэматыка значна пашырылася. Цяпер відэа ахопліваюць розныя аспекты гісторыі, уключаючы гісторыю беларусаў Падляшша, Смаленшчыны. Важную ролю ў поспеху гэтага праекта адыграла нязменная вядучая Кацярына Ваданосава.
Адзін з сакрэтаў поспеху гістарычнага праекта «Трызуб і пагоня» — асоба вядучай, лічыць рэдактарка budzma.org
Яшчэ адзін папулярны відэапраект — «Сармат». Ён распавядае пра шляхецкую гісторыю Беларусі. Быў цікавы праект Гатуем з «Будзьма!», дзе рэцэпты дапаўняліся звесткамі з гісторыі беларускай кухні. Такі фармат дазволіў злучыць гістарычныя веды з кулінарнымі традыцыямі. Аднак цяпер мы больш акцэнтуем увагу на гістарычных тэмах, бо яны найбольш цікавыя аўдыторыі.
Ці ёсць праекты, якія не атрымалі чаканай увагі?
— Так. Напрыклад, пасля падзеяў 2020 года мы супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам запусцілі відэапраект «Словы мацней», які складаўся з дзвюх частак.
Першую запісвалі яшчэ ў 2021 годзе, калі рэдакцыя знаходзілася ў Беларусі. У ёй культурныя і грамадскія дзеячы, якія пацярпелі ад рэпрэсій, чыталі вершы паэтаў, асуджаных у сталінскія часы. У другой частцы, запісанай у 2022 годзе, сучасныя беларускія паэты чыталі свае ўласныя творы. На жаль, праект не сабраў вялікай колькасці праглядаў, нягледзячы на высокую якасць і прафесійную падачу.
Іншы праект, які не здолеў сабраць чаканую аўдыторыю, быў прысвечаны сучасным тэхналогіям. Усяго выйшла чатыры выпускі, у якіх распавядалася, напрыклад, пра электракары і ракетны ранец. Але праект быў завершаны пасля некалькіх спробаў.
Такое здаралася і з тэкставымі фарматамі. Некаторыя вялікія інтэрв’ю або цыклы тэкстаў пра гісторыю Мінска і этнаграфію не атрымалі шырокага водгуку, як меркавалася.
«Не бачым канкурэнцыі ў іншых беларусацэнтрычных праектах»
Папулярызацыя беларускай мовы — адзін з ключавых аспектаў дзейнасці кампаніі «Будзьма!». Насколькі гэтая тэма адгукаецца аўдыторыі?
— Мова — гэта аснова нацыянальнай ідэнтычнасці. І цікавасць да беларускай мовы і культуры сапраўды існуе і расце. Гэта паказваюць водгукі і павелічэнне колькасці падпісчыкаў на розных платформах. Мы часта атрымліваем падзякі за беларускую мову не толькі ад беларусаў, але і ад украінцаў, якія сочаць за кантэнтам на YouTube-канале.
Для нас вельмі важна, што ўвесь кантэнт мы падаем па-беларуску. Нават калі хочам апублікаваць нейкія тэксты з іншых рэсурсаў, то перакладаем іх на беларускую мову.
Мы заўсёды папулярызавалі мову праз свае праекты. Адзін з найбольш яркіх — «Тузін перазагрузка». Ён быў рэалізаваны супольна з Сяргеем Будкіным і музычным парталам «Тузін FM». У межах гэтага праекта беларускія выканаўцы, якія спявалі на рускай мове, праспявалі свае песні па-беларуску. Далучыліся і замежныя спевакі, яны таксама выканалі свае творы на беларускай мове. У свой час трэкі з «Перазагрузкі» нават гучалі на некаторых FM-станцыях у Беларусі.
На працягу некалькіх гадоў наша каманда выпускала каляндар «Не маўчы па-беларуску». Ён прыцягваў увагу да беларускай мовы нават тых, хто раней не цікавіўся ёй. Календары прадаваліся ў кніжных крамах па ўсёй краіне, але, на жаль, цяпер, у новых умовах, іх выданне прыпынена.
Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «Аднак!» — адно з найбольш паспяховых мерапрыемстваў кампаніі. З яго пачалася мода на беларускасць у бізнес-супольнасці. Фота: шосты фестываль «Аднак!» у 2015 годзе. Наша Ніва
Мы часта робім інтэрв’ю з рознымі дзеячамі культуры, дзе распытваем іх пра тое, як яны прыйшлі да беларускай мовы. Ахвотна чытаюцца і інтэрв’ю з замежнікамі, якія вывучылі ці вучаць беларускую мову і тым самым пацвярджаюць, што пры жаданні вывучыць беларускую мову — не такая ўжо і складаная задача.
Апошнім часам з’яўляюцца новыя культурніцкія праекты, як вы канкурыруеце з імі?
— Мы не бачым у новых праектах канкурэнцыю, а хутчэй разглядаем іх як партнёраў і магчымасць для развіцця беларускай культуры. Так, з’яўляюцца новыя YouTube-каналы, TikTok-старонкі, спецыялізаваныя медыі. У свой час некаторыя ўзніклі, натхніўшыся нашай дзейнасцю.
І раней, і зараз мы стараемся распавесці пра ўсе новыя беларусацэнтрычныя праекты. Іх колькасць павялічваецца, але яна ўсё адно яшчэ недастатковая. Таму ўсе цікавыя беларусацэнтрычныя ініцыятывы могуць разлічваць на нашу як мінімум інфармацыйную падтрымку.
Мы спадзяемся, што ў будучыні з’явіцца настолькі шмат беларускамоўнага кантэнту, што гэта будзе ствараць здаровую канкурэнцыю. Але на дадзены момант асноўная мэта — падтрымліваць адзін аднаго і шукаць магчымасці для супрацы.
Старонка календара «Не маўчы па-беларуску» ад «Будзьма!»
Адна з найбуйнейшых цяжкасцей — ананімнасць
З якімі перашкодамі сутыкаецца ваш праект? Ці ўдаецца іх пераадольваць?
— Прасоўванне беларускай культуры і мовы і раней было звязана з пераадоленнем цяжкасцяў. Першыя гады «Будзьма!» былі даволі складанымі. Не заўсёды людзі на месцах добра рэагавалі на нашы прапановы. Трэба было кожны раз дамаўляцца, паказваць, што мы ідзём з добрымі намерамі, што хочам правесці цікавую культурную імпрэзу. Не заўсёды нас падтрымлівалі, успрымаючы беларускае выключна як фальклор. Але з часам мы стварылі базу сталых пляцовак, куды прыязджалі беларускія культурныя дзеячы, музыкі, пісьменнікі, гісторыкі ад «Будзьма!».
Сённяшнія рэаліі таксама ўносяць карэктывы. Мы, як і іншыя беларускія медыі, адарваныя ад сваёй краіны. Каб захоўваць сувязь з бацькаўшчынай, патрэбныя пэўныя высілкі. Асабліва пасля таго, як сайт і сацыяльныя сеткі «Будзьма!» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Дзякуючы сучасным тэхналогіям нам прасцей падтрымліваць сувязь з Беларуссю, чым гэта было, напрыклад, у часы паваеннай хвалі эміграцыі. Але ўсё адно гэта не тое ж самае, што жыць і працаваць дома.
«Будзьма!» працягвае сачыць за культурніцкім жыццём беларусаў за мяжой. І раней, і цяпер мы пішам пра тое, што адбываецца ў суполках беларускай дыяспары. Можна сказаць, што цяпер беларускае культурнае жыццё за мяжой віруе. У самой Беларусі, вядома, таксама культурны працэс не спыняецца, але асвятляць яго значна складаней. Мы робім гэта не ў фармаце рэпартажу, а выкарыстоўваем падзеі як нагоду больш паглыбіцца ў тэму.
У нас ёсць асобная рубрыка на сайце «Афіша», а таксама тэлеграм-бот «Будзьма разам!», дзе размяшчаюцца анонсы падзей з фільтрам па гарадах. Гэта дазваляе кожнаму атрымліваць толькі тую інфармацыю, якая цікавіць.
Афіша на сайце budzma.org: ад Гродна да Берліна. Скрыншот: БАЖ
Як вы адаптуеце сваю працу ў новых абставінах?
За гады пасля 2020-га шмат што давялося перагледзець у падыходах да працы. Напрыклад, у 2020–2021 гадах мы шмат увагі надавалі інфармацыі пра пратэсты і рэпрэсіі супраць беларускіх дзеячаў, бо на той момант гэта было актуальна. Але з цягам часу людзі пачалі стамляцца ад такой інфармацыі. Мы зразумелі, што трэба змяняць фарматы падачы.
Мы па-ранейшаму пішам пра тое, што адбываецца, але робім гэта праз гісторыі культурных дзеячаў, якія самі прайшлі праз рэпрэсіі. Гэта ўжо не проста факты, а асабістыя гісторыі, якія знаходзяць водгук у людзей.
Ці адчуваеце недахоп публічных асобаў, якія маглі б быць тварамі праекта? Як гэта ўплывае на вас?
— Ананімнасць — адна з найбуйнейшых цяжкасцяў, з якой мы сутыкнуліся пасля 2020 года. Многія публічныя асобы, якія маглі б быць тварамі праекта, не могуць афішаваць сваё імя з‑за пытанняў бяспекі.
Калі гэта экспертны тэкст, то заўсёды лепш, каб ён быў падпісаны сапраўдным імем чалавека. Але рэаліі часта робяць гэта немагчымым. Здараецца, што людзі запрашаюць журналіста на мерапрыемства, гатовыя распавесці, але ў апошні момант просяць не ўзгадваць у матэрыяле іх імя або ўвогуле адмаўляюцца ад публікацыі з‑за страху за сваіх родных у Беларусі. Мы вымушаны ісці насустрач.
Лявон Вольскі — адзін з публічных аўтараў «Будзьма!»
«Данаты — гэта прыемны дадатак»
Як змяняеце стратэгіі ў сувязі з фінансавымі выклікамі?
— У Беларусі мы супрацоўнічалі з рэкламадаўцамі і спонсарамі. Цяпер, у эміграцыі, ранейшыя стратэгіі аказаліся непрыдатнымі. Патрэбныя кардынальныя змены ў падыходах і новая тактыка, каб не толькі заставацца на плыву, але і працягваць развіццё.
Гэта складана, безумоўна. І гэта вельмі вялікі кавалак працы для каардынатараў кампаніі. Мы стварылі старонку для данатаў на платформе ko-fi. І хоць яны далёка не пакрываюць патрэбы для існавання і падтрымкі ўсіх праектаў, усё роўна гэта прыемны дадатак. Вельмі радуе тое, што данаты перыядычна прыходзяць. Хаця, здаецца, цяпер так шмат розных дабрачынных збораў, але, тым не менш, людзі нас падтрымліваюць.
Раскажыце пра планы «Будзьма!» — ці чакаць у хуткім часе новых праектаў?
— У бліжэйшы час мы рыхтуемся запусціць відэапраект, прысвечаны беларускай літаратуры. Тэма гучыць не арыгінальна, але мы будзем імкнуцца да адметнай падачы. Гэта будзе праект на YouTube з магчымай адаптацыяй у фармаце рылсаў для Instagram. Асноўная мэта — разбурыць стэрэатыпы пра беларускую літаратуру, звязаныя з меркаваннем, што яна толькі пра вайну ці пра гаротную долю беларускага селяніна.
Акрамя таго, мы рыхтуем некалькі падкастаў — гэта новы накірунак для «Будзьма!». Хутка запусцім два аўдыёпраекты. Першы з іх — падкаст Ганны Комар, заснаваны на серыі тэкстаў «Лісты да мамы з Лондана». Яны ўжо выходзілі на сайце. Ганна будзе агучваць гэтыя лісты, што дазволіць зрабіць кантэнт больш жывым і эмацыйным. Адносна другога падкаста пакуль не ўсе дэталі можам раскрыць, але вядома, што ён будзе складацца з гутарак з беларускімі мастакамі, музыкамі і грамадскімі дзеячамі.