І зноў мы вяртаемся да цікавых старонак беларускай гісторыі на бягучым тыдні! Цікавых падзей хапае нават у снежні – і гэта не толькі Каляды і Новы год! Але не будзем цягнуць час, таму паехалі.
Пачынаем мы гэты тыдзень з 11 снежня. Тут мы можам пахваліцца толькі перамогай Рэчы Паспалітай над Масковіяй у вайне 1609–1618 гг.
А скончылася яна падпісаннем у 1618 годзе Дэвулінскага замірэння, паводле якога да РП адышлі Смаленская вобласць і паўночныя землі. Дарэчы, цікавы факт: менавіта падчас гэтай вайны войскі Рэчы Паспалітай два гады трымалі пад акупацыяй Крэмль!
Глядзі таксама: Дэвулінскае перамір’е: вяршыня славы Рэчы Паспалітай
І вось 14 снежня. Гэты дзень багаты на цікавыя факты. Напрыклад, у 1547 годзе Радзівілы атрымалі княскі тытул!
Але самае цікавае ў гэты дзень – у 1586 годзе ВКЛ правяла першае ва Усходняй Еўропе патолагаанатамічнае ўскрыццё – гэта было цела Стэфана Баторыя.
На календары ўжо 15 снежня. У гэты дзень у 1862 годзе запрацавала першая беларуская чыгунка, якая звязала Парэчча і Гродна.
Дарэчы, на некалькі стагоддзяў раней, у 1519 годзе, Францыск Скарына ў Празе выдаў Кнігу Суддзяў. Выдадзеная яна на царкоўнаславянскай мове, у так званай старабеларускай рэдакцыі.
І мы ўжо амаль у канцы тыдня – 16 снежня. Тут мы павінныя павіншаваць адзін цудоўны горад з днём народзінаў. Менавіта ў гэты дзень у 1388 годзе першы раз згадалі Маладзечна! Дарэчы, на дадзены момант, гэта адзіны поўнасцю дэсаветызаваны горад у Беларусі!
Канец тыдня. 17 снежня. Менавіта ў гэты дзень у 1924 годзе было створанае першае прафесійнае аб’яднанне кінематаграфістаў і фатографаў БССР – Белдзяржкіно. Сучасную назву “Беларусьфільм” атрымаў толькі ў 1946 годзе.
І яшчэ адзін цікавы факт. У 1926 годзе на тэрыторыі БССР правялі першы перапіс насельніцтва. Паводле яго, насельніцтва тагачаснай Беларусі складала 4,985 мільёна чалавек. Дарэчы, па стане на 1999 год насельніцтва Беларусі складала 10,0452 мільёна. На дадзены момант насельніцтва даволі моцна скарачаецца. Паводле апошняга перапісу ў 2009 годзе, у Беларусі пражывала 9 503 800 чалавек, але цяпер, з прычыны даволі высокай эміграцыі, лічба будзе ніжэйшая. Шкада, але гэта тыповая тэндэнцыя.
Багдан Сакалоў