Каляндар прагортваецца, лістапад паціху саступае зіме. Чарговы год хутка стане гісторыяй. Але ж усяму свой час, а пакуль давайце зноў зазірнем у мінуўшчыну – падзеі, якія адбываліся на гэтым тыдні ў нашай шматграннай гісторыі.
Панядзелак, 20 лістапада мае для нас дзве даты.
У гэты дзень 1648 года каралём Польшчы і князем ВКЛ абраны Ян 2 Казімір Ваза. А наконт яго біяграфіі ёсць пэўныя цікавыя, але не самыя радасныя моманты. Па-першае, гэта апошні кіраўнік Польшчы і ВКЛ з дынастыі Вазаў. Па-другое – яго палітыка атрымалася, мякка кажучы, неўдалай. Ну і яшчэ цікавасць – да свайго княжання і смерці свайго брата быў у ордэне іезуітаў і меў статус кардынала.
А вось асноўныя моманты яго ўнутранай і знешняй палітыкі:
- Памяркоўнасць да казакоў. Ян Казімір разлічваў на пагадненне з Багданам Хмяльніцкім, але не атрымалася.
- Быў складальнікам Збораўскай і Белацаркоўскай мірных дамоваў.
- У 1661 годзе ў Львове стварыў першы ў Украіне ўніверсітэт – на базе іезуіцкага калегіі.
- Спрабаваў прыняць закон, каб наступныя князі абіраліся пры жыцці мінулага кіраўніка, а не па факту смерці. Гэтым самым Ян Казімір хацеў перадухіліць этапы безуладдзя. Нажаль, закон не прынялі.
- Вайна з Масковіяй і Шведамі апынуліся самымі разбуральнымі. Вялікая частка дзяржавы была акупавана, што вымусіла Яна Казіміра бегчы ў Сілезію.
- Пэўны заняпад у дзяржаве, вялікія страты з-за няўдалых войнаў і пэўная нелюбоў з боку магнатаў і шляхты вымусіла Яна Казіміра адмовіцца ад кароны і з’ехаць назаўсёды ў Францыю.
Але гэта не адзіная асоба, пра якую варта ўзгадаць у гэты дзень. Мы можам як заўгодна ставіцца да гісторыі БССР, але яна была, а некаторыя яе элементы дагэтуль выкарыстоўваюцца ў нашай дзяржаве. Напрыклад, гімн, які літаральна крышачку змянілі з часам. А вы ведаеце, каму трэба казаць дзякуй за гэты гімн? А я адкажу – Міхасю Клімковіча, які акурат нарадзіўся ў гэты дзень, але ў 1899 годзе. Ён не толькі складальнік тэкста гімна “Мы беларусы”, але і драматург, пісьменнік і крытык. Каб зразумець, наколькі вялікая пераемнасць у нашага сучаснага і гімна БССР, прапаноўваем паслухаць арыгінал. Дарэчы, з усіх еўрапейскіх пастсавецкіх рэспублік гімн падобны на савецкі толькі ў Беларусі і Расіі. Астатнія краіны іх поўнасцю замянілі.
Крочым далей! Аўторак – 21 лістапада. І тут мы адразу аказваемся ў 1920 годзе у Слуцку, дзе аб’яўляюць дэкларацыю з заклікам сялянаў змагацца супраць акупацыі і за аднаўленне Беларусі ў яе этнаграфічных межах!
1926 год мае значэнне ў гісторыі наша тэатра. Менавіта тады ў гэты дзень адкрылі БДТ-2 (Другі Беларускі дзяржаўны тэатр), які знаходзіцца ў Віцебску. Ён працуе і па сённяшні дзень, але з іншай назвай – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
І вось ужо серада, 22 лістапада, але тут гісторыя ўзяла пэўны выходны, таму ніякіх цікавых падзей у гэты дзень не адбывалася.
Чацвер, 23 лістапада. Пра гэтыя падзеі мы ўжо ўзгадвалі ў мінулых выпусках, але канец гэтага працэсу скончыўся менавіта ў гэты дзень. Гаворка ідзе аб апошнім сойме Рэчы Паспалітай – Гарадзенскім, які фармальна амаль поўнасцю знішчыў краіну. Да канца засталося зусім крыху, пару дзён…
Але ў гэты дзень ёсць і пазітыўныя гістарычныя факты. Менавіта ў гэты дзень, у 1906 годзе выйшаў першы нумар нашай неўзабаве бессмяротнасці газеты “Наша Ніва”, якая ў чарговай рэінкарнацыі існуе і сёння. Віншуем калегаў з Днём народзінаў выдання!
Трэцяя навіна хутчэй бонус, бо яна мае толькі адноснае дачыненне да гісторыі беларусаў, але пры гэтым гэтая падзея будзе значнай для аматараў музыкі. Менавіта ў гэты дзень, у 1979 годзе пабачыў свет легендарны двайны альбом Pink Floyd – The Wall.
Вось і пятніца, 24 лістапада. На гэты раз падзея тычыцца Беларусі ў сусветным кантэксце. У 1963 годзе Лі Харві Освальда застрэліў Джэк Рубі ў паліцэйскім участку Даласа. Чаму гэта тычыцца нас? Бо афіцыйны забойца Джона Кэнедзі працяглы час жыў у Менску, а яго жонка, дарэчы, была беларускай.
Субота, 25 лістапада. І гэты дзень можна ў пэўнай ступені назваць траўрным у нашай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Панятоўскі адракаецца ад прэстолу на карысць Кацярыны 2 – расійскай імператрыцы. З гэтага дня гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ сканчаецца назаўсёды.
І канец тыдня, 26 лістапада, дзень нараджэння, бадай, самага любімага пісьменніка беларусаў – Уладзіміра Караткевіча!
Багдан Сакалоў