Бясплатную экскурсію на беларускай мове правядуць у Музеі гісторыі польскіх габрэў POLIN

12 кастрычніка ў Музеі гісторыі польскіх габрэў POLIN пройдзе аўтарская экскурсія на беларускай мове. Гісторык і даследчыца Таццяна Казак пазнаёміць наведвальнікаў з пастаяннай экспазіцыяй музея, прысвечанай тысячагадовай гісторыі польскіх яўрэяў.


polin.pngМузей POLIN. Фота з сайта музея

Што ў праграме?

«Мы перанясёмся ў мінулае і паглядзім на пачатак яўрэйскага пасялення на польскіх тэрыторыях. Па дарозе мы наведаем Нясвіж і Мір. Прыпынімся і ў Гваздзяцы, дзе пабачым сінагогу, палюбуемся прыгожымі роспісамі на яе скляпенні і паразважаем пра іх сімволіку», — напісана на сайце музея.

Падчас экскурсіі пойдзе гаворка пра супольную польска-беларуска-яўрэйскую гісторыю, знаёмства з біяграфіямі цікавых асоб, развагі пра яўрэйскую спадчыну, якая часта аб’ядноўвала прадстаўнікоў розных народаў.

Таццяна Казак — нарадзілася ў 1983 годзе ў Гродне. Працуе экскурсаводам па Варшаве і па сталічных музеях. Скончыла факультэт гісторыі ў Гродзенскім універсітэце, магістратуру ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Арганізуе і праводзіць экскурсіі для эмігрантаў па розных раёнах Варшавы. З 2011 жыве і працуе ў Варшаве.

Дзе і калі?

Дата: 12 кастрычніка (нядзеля) 

Час: 14:00 (час мясцовы)

Месца: Музей гісторыі польскіх габрэў POLIN (Варшава)

Колькасць месцаў абмежаваная.

Рэзервацыя бясплатных уваходных квіткоў: atrutneva@polin.pl

Падчас рэгістрацыі трэба напісаць колькасць удзельнікаў экскурсіі.

Можна зарэзерваваць максімум 2 бясплатныя ўваходныя квіткі з аднаго электроннага адраса.

Запісы магчымыя да пятніцы перад экскурсіяй да 15:00.