Журы прэміі Анемпадыстава за 2024 год абвясціла доўгі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, мэта якой — уганараваць найлепшыя дызайнерскія рашэнні кніжных вокладак года, піша Беларускі ПЭН. У поўны спіс прэміі трапіла 41 кніга (тры з іх складаюць адну серыю, таму былі заяўлены на разгляд разам), з якіх у доўгі спіс журы выбрала 20 намінантаў:
Сябра журы, пераможца леташняй прэміі Святлана Дземідовіч адзначае ў сваёй рэцэнзіі на сёлетні спіс кніг:
«Мяне асабіста ў гэтым конкурсе радуе шмат момантаў. Першы і найважнейшы — што ўзнагарода імя Міхала Анемпадыстава існуе, бо конкурсаў на аздабленне беларускай кнігі так не стае... Менавіта гэты конкурс звяртае ўвагу, які важны дызайн для кнігі.
Што парадавала яшчэ — гэта тое, што амаль усе вокладкі для кніг, пададзеныя на конкурс (за рэдкім выключэннем), зробленыя прафесійна дызайнерамі і мастакамі, часта — вялікай камандай».
Мастачка тлумачыць, якія прафесійныя рашэнні ў выкананні вокладак яна заўважыла і палічыла вартымі адзнакі:
«Некаторыя з вокладак асабліва вылучаюцца смелым дызайнерскім падыходам, гуляюць з правіламі і абыходзяць прывычныя схемы. Некаторыя — захапляюць грунтоўнасцю і прадуманасцю макета, модульнай сеткі, шрыфтавой кампазіцыі, каб з самой назвы кнігі зрабіць інтрыгоўны візуальны твор.
Для некаторых дызайнеры адмыслова стварылі кірылічныя версіі лацінскіх шрыфтоў, атрымаўшы камплемент ад самога стваральніка шрыфту! І ўсе для таго, каб пагуляць з канцэпцыяй двухмоўнай перавернутай кнігі, дзе дзве розныя мовы робяцца матэрыяльнымі праваднікамі ў розныя светы, перакульваюцца адна ў адну акурат пасярэдзіне, «жыццёвы шлях прайшоўшы напалову...»
Усё гэта складаецца ў вобраз густоўнага і якаснага кніжнага дызайну. Бо кніга — не толькі сродак перадачы тэкставай інфармацыі, гэта яшчэ і прадмет дызайну, вынік працы ілюстратара, дызайнера, мастацкага кіраўніка праекту, друкара. Кніга — калектыўны мастацкі твор, праз які чытач робіцца таксама і гледачом, «расчытвае» візуальныя вобразы, кшталціць свой густ.
Tolle et lege! Бяры і чытай!»
Для таго, каб трапіць у спіс, вокладкі мусілі адпавядаць патрабаванням статута прэміі. Беларускай кнігай лічыцца тая, што адпавядае як мінімум двум з чатырох крытэрыяў:
У выпадку спрэчак рашэнне аб допуску прымаецца большасцю галасоў журы.
Прэмія носіць імя выдатнага беларускага мастака, дызайнера, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава, які значна паўплываў на візуальную культуру Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна працягвае ўшаноўваць яго творчую спадчыну.
Прэмію арганізуюць Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L», кампаніі «Laut» і фестывалю «Бардаўская восень».
За апошнія гады прэмія адзначыла шэраг таленавітых дызайнераў:
У 2022 годзе ўзнагароду атрымаў Анатоль Лазар за вокладку кнігі «(Не)расстраляныя».
Пераможцамі ў 2023 годзе сталі Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за вокладку кнігі «Людзі Лесу / Ludzi Lesu».
У 2024 годзе «Анёла» атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач».
Абвяшчэнне пераможцы 2025 года адбудзецца ўжо ў кастрычніку.