Сёлета гэта ўжо сёмая міжнародная акцыя, якая адбываецца раз на 10 гадоў. Пастаянны маніторынг колькасці буслоў можа шмат расказаць пра стан навакольнага асяроддзя і дапаможа аператыўна рэагаваць на негатыўныя змены экалагічнага стану. Пра акцыю расказвае Тацяна Смыкоўская, супрацоўніца гарадзенскага абласнога аддзялення “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, якая з падлікам гэтым птушак праехала палову Гарадзеншчыны:
— Лічацца ўсе пары, якія гняздуюцца, і птушаняты, якія ў іх вывеліся, а таксама гнёзды, дзе птушанят няма альбо яны загінулі. Пажадана ахапіць усе месцы — паўднёвыя, усходнія, заходнія, паўночныя, каб дадзеныя былі больш цікавыя, маштабныя, больш поўныя. Таксама лічацца не толькі гнёзды і іх колькасць, але і мясцовасць, дзе буслы робяць сабе гняздо. У апошні час птушкі спрабуюць будаваць гнёзды на лініях электраперадач. Адна з пагрозаў гібелі птушак — гэта гібель ад электратоку.
— Колькі гнёздаў вы ўжо налічылі?
— Больш за сто, але гэта толькі паўраёна. Ёсць гнёзды, дзе і па чатыры, і па два птушаняці. Таму бываюць вельмі цікавыя моманты.
Пра цікавыя моманты падчас назірання расказвае арнітолаг Юры Лукашэнка:
— Быў выпадак, калі маленькі буслік, выпаўшы з гнязда, “прывязаўся” да гаспадара дома, на тэрыторыі якога знаходзілася гняздо. Гаспадар карміў бусліка і трымаў разам з куранятамі. За лета птушаня вырасла, нікуды не хацела злятаць і як сабака хадзіла за ім след у след. Гэта быў раён Аўгустоўскага канала — Дэмбрава альбо Нямнова. Калі прыйшла восень, птушку паклікалі іншыя, і позняй восенню бусел паляцеў.
Мясцовыя жыхары па вёсках лічаць гнёзды на сваіх падворках святымі.
— Нельга іх чапаць, — кажа жыхар вёскі Казіміраўка, — гэта ж прыгожая беларуская птушка. Бусел ёсць бусел. Хай жыве. Прыязджалі тут работнікі, хацелі знесці гнёзды, але я ім не даў. Ні міліцыя ім не дапамагла, ні пракурор. Цяпер нават не прыязджаюць.
У нашай краіне рэгулярны нацыянальны ўлік белага і чорнага бусла праводзіцца з канца 1950-х. Паводле дадзеных апошняга з іх, у 2004 годзе ў Беларусі жыло каля 21,5 тыс. пар белага бусла (9% сусветнай папуляцыі віду) і больш за 1 тыс. пар чорнага бусла. Наша краіна знаходзілася на чацвёртым месцы (пасля Польшчы, Іспаніі і Украіны) па колькасці белага бусла.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі