«Беларуская мова – музей»: з нагоды конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom»

У канцы мінулага тыдня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбыўся фінал конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom»: 35 школьнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі змагаліся ў майстэрстве чытанняў вершаў беларускіх аўтараў. Пяць найлепшых дэкламатараў атрымалі галоўныя прызы – смартфоны Apple.

Пераможцамі сталі Ангеліна Мішпількіна з г. Высокае, Брэсцкая вобл., Маліка Мірзаліева і Марыя Новік з Гародні, Ян Мусвідас і Аліна Сухадольская з Мінска.

Калі глядзець на конкурс вачыма чалавека, які сутыкаецца з беларускай мовай толькі на святах і ўрачыстасцях, усе ўдзельнікі конкурсу былі вартыя галоўных узнагарод. Сапраўды, усе таленавітыя і харызматычныя, падрыхтаваныя, амаль усе добра валодаюць беларускай мовай, максімальна выкладаліся, чытаючы вершы, прыдумлялі цікавыя вобразы, апраналіся ў прыгожыя строі.

Складаней было гледачам, якія існуюць у асяродку беларускамоўнай культуры штодзень. Мяркуючы па рэпертуары, які выбралі школьнікі, Беларусь раптам зменшылася да памеру школьнага падручніка па беларускай літаратуры. І выявілася, што ў гэтай Беларусі-з-падручніка толькі і застаецца, што вадзіць карагоды ў зялёных дубровах, спяваючы хвалу прыгажосці Радзімы, і выпраўляць сыноў на фронт. «Цікава, ці ведаюць дзеці іншую Беларусь?» – пытанне не адпускала цягам усёй святочнай імпрэзы. Адказ на яго так і застаўся таямніцай.

Крыху фактаў

Сацыяльна-адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom», заснаваны папулярным у Беларусі аператарам мабільнай сувязі тры гады таму, быў запушчаны ў 2017 годзе ў новым фармаце рэспубліканскага анлайн-конкурсу сярод навучэнцаў 7-8 класаў. Галоўная мэта спаборніцтва заключалася ў тым, каб прыцягнуць увагу школьнікаў да беларускай мовы, выкарыстаць магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі.

Вучні запісвалі на відэа ўласную дэкламацыю вершаў беларускіх пісьменнікаў і пад хэштэгамі #чытаемзвэлком альбо #чытаемзvelcom размяшчалі ролікі на асабістай старонцы ў сацыяльных сетках.

Пасля журы выбірала па 30 удзельнікаў з кожнай вобласці і накіроўвалася ў рэгіёны, дзе, падчас ужо афлайнавых чытанняў, вызначаліся 5 пераможцаў.

Фінал конкурсу вырашылі правесці ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Купалы нездарма: арганізатары акрамя дыпломаў і галоўных прызоў прадугледзелі і маральнае задавальненне для ўсіх удзельнікаў – магчымасць паказаць акторскае майстэрства на сцэне аднога з галоўных тэатраў краіны.

Праект таксама падтрымалі Міністэрства адукацыі РБ і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У журы ў розныя часы ўваходзілі прадстаўнікі кампаніі velcom, Міністэрства адукацыі, беларускія пісьменнікі, дзеячы культуры, адукацыі, спорту.

Уласна сам фінал

Умова выкарыстоўваць вершы альбо ўрыўкі з прозы толькі са школьнай праграмы сапраўды заглыбіла дзяцей у навучальны працэс, але, з іншага боку, моцна абмежавала выбар. Прозвішчы аўтараў пастаянна паўтараліся: В. Зуёнак, А. Куляшоў, П. Панчанка, К. Цвірка, М. Танк, Я. Янішчыц і інш. Некаторыя творы гучалі па некалькі разоў. Праўда, падчас папярэдніх этапаў конкурсу дзеці часам чыталі і пазапраграмныя вершы. Прыкладам, А. Хадановіча.

Невядома, самі ўдзельнікі выбіралі пэўныя творы ці ім дапамагалі настаўнікі і бацькі, але амаль усе вершы, якія прагучалі са сцэны, тэматычна можна смела раздзяліць на дзве часткі: занядбаная, але годная беларуская мова, і крыважэрная вайна з фашыстамі. Вершаў альбо ўрыўкаў з прозы на іншыя тэмы было вельмі мала, і яны глядзеліся як астраўкі казачнага, але крыху мяшчанскага спакою, у якім жывуць буржуіны з савецкіх кніжак, хлопчыкі і дзяўчаткі апранаюцца ў прыгожае сучаснае адзенне, не ведаючы, што зусім побач ідзе барацьба, ахвяруюцца жыцці за іх спакойнае і мірнае існаванне.

Адпаведна, у вачах стракацела ад вышыванак і псеўдабеларускага арнаменту (калі вы хаця б раз падчас навучання ў школе зазіралі ў касцюмерку пры школьнай актавай зале, вы разумееце, пра якое менавіта я адзенне). Сярод гэтай стракатасці часам трапляліся тоненькія дзяўчаты ў сукенках у стылі пачатку 40-х гг. мінулага стагоддзя. Вядома, не абышлося без дэкламатаркі ў ваенным строі: пілотка, гімнасцёрка – усё па статуце.

Неяк не па сабе было папераменна чуць то прызнанні ў любові да мовы і Беларусі, то жорсткія апісанні гвалту над жанчынамі і дзецьмі падчас Другой сусветнай вайны, кшталту «Балады аб чатырох заложніках» А. Куляшова (чыталася 3 (!) удзельнікамі): «Іх салдат да сцяны прыстаўляе. Цэліць кат у льняныя галовы, пачынае з сына Міная. Стрэл. Упаў хлапчук трохгадовы». Улічваючы, што ўсе дзеці эмацыйныя, усе стараліся максімальна адчуць, а месцамі пракрычаць і прагаласіць вершы. З Купалаўскага тэатра я выйшла з крыкам «Фашыыысты!» у галаве і яшчэ доўга не магла гэтага крыку пазбавіцца. Вядома, важна выхоўваць у дзецях нацыянальную ідэнтычнасць і павагу да гісторыі, ветэранаў Другой сусветнай, але дакладна не такім спосабам.

А яшчэ здзівіла недзіцячасць шмат якіх з выбраных вершаў. Часам адчувалася прысутнасць дарослых, якія перадавалі пэўныя мэсіджы праз дзяцей: пра тую ж любоў да мовы. Прыкладам, дзіўна гучалі словы Цёткі з вуснаў дзяўчынкі гадоў 13-ці пра тое, што на моладзі ляжыць «павіннасць развіваць мову».

Добрым было выкананне адной з канкурсантак урыўка з верша Янкі Сіпакова «Кантрабанда» – выразна счытваліся сучасныя рэаліі. Але цікава, наколькі яго разумее сама дэкламатарка? Падаецца, калі б дзецям далі магчымасць самім выбраць твор, адпаведны іх цікавасцям у гэтым узросце – а гэтыя цікавасці палягаюць не толькі ў плоскасці любові да Радзімы і нянавісці да ворагаў, – у іх было б нашмат больш шанцаў прасякнуцца беларускай мовай.

Вядома, не абышлося і без добрых выключэнняў. Прыемна, што ўдзельнікі, якія вылучаліся цікавым выбарам урыўкаў і прачытаннем без пафасу, апынуліся ў шэрагу пераможцаў. Прыкладам, Ян Мусвідас прачытаў і нават крыху праспяваў урывак з паэмы М. Багдановіча «Вераніка», прысвяціўшы выступ сваёй маме. Марыя Новік вельмі дасціпна перадала эмоцыі Я. Купалы ў вершы «Не глядзі…», Маліка Мірзаліева прачытала верш К. Цвіркі «Я з той краіны». Праўда, пасля ў размове Маліка адзначыла, што настаўніца не верыла ў яе перамогу і адмовілася рыхтаваць да апошняга этапу конкурсу.

Дарэчы, пра настаўніц. Вельмі хочацца спадзявацца, што дарослыя, якія прыехалі з дзецьмі, знойдуць у сабе сілы не толькі падтрымаць удзельнікаў – і пераможцаў, і тых, хто застаўся без галоўнай узнагароды, – але і парэфлексаваць разам з імі над выступамі, не абмяжоўваючыся прынцыпам «усе стараліся, усе малайцы ўжо таму, што чыталі вершы па-беларуску».

 

Беларуская мова – музей?

velcom сапраўды выконвае важную сацыяльную функцыю па папулярызацыі беларускай мовы. «Чытаем па-беларуску з velcom» – далёка не першы праект мабільнага аператара, скіраваны на прыцягненне ўвагі да беларускай мовы і пашырэнне яе ўжытку. Вялікі рэспект кампаніі за тое, што менавіта ў праекце «Чытаем па-беларуску з velcom» яна супрацоўнічае з беларускімі ўстановамі адукацыі – не самымі сучаснымі ў плане праграмы і не самымі адкрытымі для кантактаў.

Але, як выявілася, разварушыць сістэму складана. Таму, на жаль, пасля фіналу было і сумна таксама. І рэч зусім не ў 30 стомленых і вартых галоўнай узнагароды ўдзельніках, якія не атрымалі айфоны пасля напружанага спаборніцтва. Зыходзячы з выбару вершаў, якія чыталіся на конкурсе, дзеці ад беларускай мовы ўсё далейшыя і далейшыя, і школьная праграма робіць амаль усё магчымае, каб гэтую адлегласць павялічыць. Нібы дэкларуе: беларуская мова – музей. І без вышыванкі альбо салдацкай гімнасцёркі ў яго трапіць няпроста.

 

Тэкст: Аляксандра Дварэцкая