Беларускі кінахіт “Крышталь” выходзіць у рэспубліканскі пракат

23.08.2018 Кіно

30 жніўня ў Мінску стартуе пракат фільма «Крышталь», які ўжо зрабіўся знакамітым у беларускай кінасупольнасці. Адначасова са сталіцай пачнецца шырокі пракат і ў рэгіёнах краіны. За два месяцы фільм пакажуць больш за 20 гарадоў і 36 кінатэатраў па ўсёй краіне. У Гомелі і Гродне фільм-сенсацыю гэтага лета прадставіць сама рэжысёрка Дар’я Жук.

Хрусталь_30.08

Дзеянне фільма адбываецца ў 90-я гады ў Беларусі. Праз памылку друку ў падробленай анкеце на амерыканскую візу маладая дзяўчына-дыджэй аказваецца ў заводскім мястэчку Крыштальны. Там яна збіраецца любой цаной дамагчыся выканання сваёй «амерыканскай мары».

Сусветная прэм’ера фільма адбылася ў чэрвені гэтага года на прэстыжным Міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах, дзе карціна адкрыла конкурсную секцыю «На ўсход ад Захаду». У ліпені «Крышталь» атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Адэсе, а ў жніўні быў уганараваны двума прызамі ў конкурсе «Капрадукцыя. Акно ў свет» на фестывалі расійскага кіно «Акно ў Еўропу» ў Выбаргу. У дадзены момант фільм Дар’і Жук запрошаны на больш чым 20 кінафестываляў па ўсім свеце.

17 жніўня пачаў аб’яўляць сваю праграму кінафестываль «Мерыдыяны Ціхага»: стужка «Крышталь» увайшла ў спіс конкурсу «Панарама» — самай чаканай праграмы «мерыдыянаў», якая традыцыйна складаецца з галоўных хітоў бягучага фестывальнага сезону. Разам з «Крышталём» у конкурсе будуць прадстаўленыя «Крамныя зладзюжкі» Хіракадзу Карээда, «Попел — самы чысты белы» Цзя Чжанкэ і «Халодная вайна» Паўла Паўлікоўскага.

Станоўчыя водгукі пра карціну напісалі выданні Hollywood Reporter, Screen International, Variety, «Камерсант» і многія іншыя. Расійскі кінакрытык Андрэй Плахаў пасля прэм’еры ў Карлавых Варах напісаў: «Карціна іншай дэбютанткі Дар’і Жук «Крышталь» дае выразны вобраз беларускай глыбінкі ў дваццацігадовай рэтрапраекцыі. Юная гераіня, альтэр-эга рэжысёра, хоча бегчы з Мінска, але ў барацьбе за амерыканскую візу яе заносіць ў пасёлак Крыштальны, дзе Мінск пачынае здавацца Нью-Ёркам. Дзяўчына падвяргаецца фізічнаму гвалту і маральнаму прэсінгу, яшчэ больш умацоўваючыся ў сваім імкненні да свабоды, але і ўсведамляючы яе высокую цану, — яшчэ адзін небанальны сюжэт, з драйвам разыграны на тэрыторыі «На ўсход ад Захаду».

З 30 жніўня пачнуцца паказы ў Брэсце («Беларусь»), Віцебску («Дом кіно») і Магілёве («Космас», «Чырвоная зорка», «Ветразь», «Радзіма»). У віцебскай вобласці пракатваць «Крышталь» будзе кінатэатр «Радзіма» ў Гарадку. З 6 верасня да рэспубліканскага пракату падключацца магілёўскія абласныя кінатэатры ў Горках, Быхаве, Бялынічах, Кіраўску і Асіповічах.

У Мінскай вобласці паказы пачнуцца 6 верасня і працягнуцца да 19-га ў кінатэатрах «Кастрычнік» (Барысаў) і «Радзіма» (Маладзечна). Самы буйны рэгіён пракату — Гомель. Кінасеансы ў ім пачнуцца 20 верасня («Мір» і «МиниОН»), працягнуцца да 26 верасня ў кінатэатрах «Беларусь», «Мір», «Прамень», «Знамя», «Радзіма», «Усход» і «Спадарожнік».

Пракат фільма ажыццяўляецца Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» у межах праекта «Лістапад. Калекцыя». Генеральны партнёр пракату ў Беларусі — EPAM Systems.

Глядзіце таксама:

Дар’я Жук: “Беларускаму кіно не хапае дзёрзкасці і свабоды!”