У нашай краіне ёсць шмат цікавых мясцін, адметных прыроднымі і архітэктурнымі помнікамі, дзе засталіся сляды сівой мінуўшчыны, блукае рэха гістарычных падзей. Да іх належыць мястэчка Гальшаны, што ў Ашмянскім раёне, на Гродзеншчыне.
Гэтае паселішча летапісныя старонкі ўпамінаюць з ХІІІ ст., калісьці ім валодалі князі Гальшанскія. Пазней мястэчка перайшло ва ўладанне славутага роду Сапегаў, якія ў ХVІІ ст. пабудавалі тут каменны палац, што сваёй кампазіцыяй нагадваў Мірскі замак. Сучаснікі лічылі Гальшанскі палац самым прыгожым на Беларусі і Літве.
На жаль, ад яго засталіся толькі рэшткі, але па-ранейшаму ў Гальшанах жывуць працавітыя руплівыя людзі, неабыякавыя да роднай культуры. У сярэдзіне сакавіка сюды ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” завітаў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Ён прыехаў на цудоўнае свята, арганізаванае ў мясцовай бібліятэцы. “Літаратурны марафон” − так называецца гэтае свята, прысвечанае пісьменнікам-юбілярам: Максіму Багдановічу, Змітраку Бядулі, Івану Мележу, Івану Шамякіну, Генадзю Бураўкіну, Нілу Гілевічу. Гаспадары арганізавалі выстаўку іх твораў, падрыхтавалі відэанарыс пра іх жыццё і творчасць.
У чытальнай зале сабраліся бібліятэкары, жыхары мястэчка. Уладзімір Ягоўдзік расказаў прысутным пра сустрэчы з Зоськай Верас, паказаў прысвечаны ёй фільм, які ён стварыў сумесна з рэжысёрам Ірынай Волах. А потым пісьменнік сустрэўся з вучнямі Гальшанскай школы. Дзеці чыталі вершы, адгадвалі народныя загадкі, падрыхтавалі малюнкі да сваіх любімых кніжак.
Беларускі “Літаратурны марафон” адбудзецца ва ўсіх бібліятэках Ашмянскага раёна.