Забаўляльны цэнтр “Галактыка” два дні зранку і да вечара быў перапоўнены аматарамі настольных гульняў. Прыняць удзел у турнірах і розыгрышах, патэсціць навінкі і сустрэцца з распрацоўшчыкамі, зарабіць зніжку на новы квэст і купіць гульні са зніжкай 20% – гэта маленькая частка таго, што праноўвалі на “Игрокубе”.
Фестываль вырас у некалькі разоў
У агульным доступе было некалькі дзясяткаў гульняў. На першым паверсе размясціліся гульні для дарослых і прэзентацыі навінак. На другім – гульні для дзетак і эка-куток ад “Дзіцячай эка-студыі” і крамы “Буратино”. Таксама за грошы можна было пагуляць у аўтаматы, якія і так кожны дзень стаяць у забаўляльным цэнтры.
– Гэтым разам мы павялічылі базу гульняў у чатыры разы, а колькасць месцаў у тры разы, – кажа Яўген Булыжкін, прадстаўнік фірмы “Играриум” і суарганізатар фестываля з Мінску. – Тут шырока прадстаўлены гульні для дзяцей і ролевы напрамак настольных гульняў. Людзям падабаецца, і мы лічым, што ўсё атрымалася.
Па падліках арганізатараў, на другі фестываль прыйшло ў два разы больш людзей, чым год таму. А можа быць, і яшчэ больш, бо цяжка падлічыць людзей, якія пастаянна перамяшчаюцца.
– Руху настольных гульняў у Беларусі каля дзесяці гадоў. Напрыклад, у Мінску фестывалі праводзяцца ўжо даўно, – кажа Аляксей Пахомаў, прадстаўнік маскоўскага выдавецтва “Сквирл”. У Маскве хутка пройзе маштабны фестываль “Игрокон” – па словах Аляксея, ён большы перадусім за кошт таго, ў Расіі больш людзей.
Стваральнікі “Паўстанцаў” прэзентавалі “Гаспадара цмокаў”
У першы дзень прэзентавалі чатыры навінкі: “Зло в осаде”, “Земля без имени”, “Сapoeira” і “Мракобесие”. У другі дзень да іх дадалася гульня “Гаспадар цмокаў”, аўтары якой – арганізатары фестывалю і стваральнікі знакамітых “Паўстанцаў”.
– Гэта дзіцячая гульня на ўвагу і хуткасць, – расказвае адзін з аўтараў Антон Янкоўскі. – Першымі людзі прыручылі не ката, не сабаку, а цмокаў. І цмокі ахоўвалі гаспадароў і прыносілі здабычу. Самым крутым лічыўся той, хто меў пяць цмокаў. Іх і трэба прыручыць
Гульня “Мракоборцы” Іллі Бутава падобна да “Magic the Gathering” і “Берсерк”. Унікальнасць у тым, што яе персанажы – героі славянскага фальклору. Сам Ілля – уфолаг, ездзіць у экспедыцыі па Беларусі і вывучае тэму міфаў і прывідаў. Ён выдаў кнігу, сюжэт якой пераплятаецца з гульнёй.
“Сapoeira” сумесна з сябрам распрацаваў актор Гарадзенскага тэатру лялек Валеры Карышаў. Аказалася, ён даўно займаецца капаэйрай і вырашыў стварыць настольную гульню, якая паказвае прынцыпы гэтага баявога мастацтва. Навінка спадабаецца як тым, хто ведае, што такое капаэйра, так і навічкам.
Цалкам унікальных гульняў у Беларусі няма, але ёсць свой адметны накірунак
Механікі з розных гульняў могуць быць сабраны ў адной, але калі сама гульня не ўнікальная, то яе проста няма сэнсу прэзентаваць на фестывалі, тлумачаць адмыслоўцы. На іх думку, усе гульні, прэзентаваныя ў Гродне, цалкам самадастатковыя.
– Напрыклад, “Сapoeira” – камбінацыя настольнай гульні і рэальнага жыцця, – кажа Яўген Булыжкін. Ён кажа, што гульні развіваюцца паўсюль і яны падобныя адна да адной. У Беларусі няма цалкам унікальных гульняў, але ёсць адметны напрамак – група, якая распрацоўвае беларускамоўныя гульні, гульні на складанне беларускамоўных словаў і вывучэнне правіл беларускай мовы.
Акрамя настолак – мімы і аніматары
У фае наведвальнікаў сустракалі мімы з тэатру пластыкі “Амальгама” і каманда аніматараў “Маскарад”. З апошнімі пасля можна было пагуляць ў новую варыяцыю на мафію “Кровавая месть”. Асабліва мімы спадабаліся дзецям, ды і ў дарослых выклікалі ўсмешку.
І дзеткі, і дарослыя маглі прыняць удзел у настольным квэсце – пагуляць у 10 гульняў, запоўніць бланк і паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў. А ў другі дзень пазмагацца за прызы можна было ў камандных турнірах. Прызы – настольныя гульні і абанементы на розныя паслугі ад “Галактыкі”.
Гэтым разам на “Игрокубе” можна было замовіць паўнавартасныя абеды, а таксама перакусіць булачкамі з кавай ці гарбатай. Таксама можна было наведаць тэматычную фотавыставу “Гульня”.
Топ-гульняў на “Игрокубе” ад Антона Янкоўскага
Эксперт у сферы настолак Антон Янкоўскі, уладальнік крамы-клуба “Кубік”, дапамог нам скласці спіс самых-самых гульняў, у якія можна было пагуляць ці набыць у час фестывалю.
Самая простая – вежа “Дженга”. Сэнс гульні – выцягваць блокі з асновы вежы і складваць іх наверх. Гуляць можна неабмежаванай колькасцю гульцоў.
Самая складаная і доўгая – “Игра престолов” і “Древний ужас”. Гульні разлічаны на шэсць і восем чалавек, маюць досыць аб’ёмістыя правілы, бэкграўнд- серыял і кнігу.
Самая дарагая – ізноў “Игра престолов”(1 050 000) і “Древний ужас” (1 050 000).
Самая танная – гульня для дзяцей “Мемо” (40 000) і асобныя галаваломкі (50 000).
Самая папулярная – “Черепашьи бега”, “Свинтус” і “Банда умников” – гульні з простымі правіламі для дзяцей і дарослых. “Банда умников” – развіваючая гульня для дзяцей, якая дапаможа вывучаць розныя навукі.
Самая новая – “Гаспадар цмокаў”, якая афіцыйна яшчэ не выйшла.
Самая аб’ёмістая – “Древний ужас” і “Ticket to ride”. Гульні патрабуюць шмат месца за кошт вялікага гульнявога поля.
Самая лёгкая – “Стульчики” – гульня на раўнавагу. Сэнс гульні – ставіць мініяцюрныя крэслы адно на адно так, каб яны не падалі.
Самая рамантычная – гульня для дваіх “Для тебя”. У гульні ёсць заданні для жанчыны і мужчыны, якія зробяць іх жыццё больш рамантычным.
Самая подлая – “Манчкин”. Мэта гульні – выйграць самаму і нагадзіць канкурэнту.
Самая страшная – “Кровавая мафия” і “Древний ужас”. Гульні разлічаны на чалавека з моцнай псіхікай.
Алена Кавальчук, Твой стыль