“Сучасная беларуская літаратура на ўздыме!” Пагадзіцца з гэтай тэзай ці катэгарычна і абгрунтавана запярэчыць запрасіла ўсіх зацікаўленых жыхароў Віцебска кампанія “Будзьма беларусамі!”. Афлайнавае ток-шоў адбылося 17 лютага ў віцебскай Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага.
“Вядома, мы не першыя, хто ініцыяваў дыскусію аб стане літаратуры і кніжнага рынку ў Беларусі сёння, – распачаў сустрэчу мадэратар дыскусіі і каардынатар кампаніі “Будзьма!” па Віцебшчыне Уладзімір Булаўскі. – Такія размовы ладзяцца ў прафесійных супольнасцях (кніжных кірмашах і форумах), у СМІ і, канечне, на кухнях. Мы ж хацелі б перадусім звярнуць увагу самых шырокіх колаў людзей на культуру чытання як такую: што чытаюць сённяшнія пакаленні беларусаў і як гэта можа адбіцца на будучыні нашага грамадства? Што мы мусім зрабіць, каб чыталі больш? І чыталі больш свайго?”
Выказаць экспертнае меркаванне мы запрасілі Алеся Замкоўскага (паэт, кіраўнік літаратурна-мастацкай часткі у віцебскім Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа), Міраслава Лазоўскага (памочніка дырэктара выдавецтва “Кнігазбор”), Паўла Касцюкевіча (літаратара, арт-дырэктара мінскай кнігарні“логвінаЎ”) і Ганну Шашуткіну (загадчыцу віцебскай Бібліятэкі-філіяла №19 імя Еўдакіі Лось).
“Беларускай літаратуры як такой усяго стае”
Калі казаць пра тое, што сучасная беларуская літаратура сёння мае, “карцінка” выглядае цалкам прыстойна: эксперты згадвалі літаратурныя фестывалі (нядаўна прайшоў ужо чацвёрты паэтычны фестываль“Вершы на асфальце”, памятаем фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры “Шэнгенка” і інш.), існуюць літаратурныя прэміі, праходзяць прэзентацыі кніг. Многія беларускія аўтары добра вядомыя па-за межамі краіны (згадалі і кнігу Наталкі Бабінай “Рыбін горад”, перакладзеную на польскую, ангельскую мовы, і раман-лаўрэат прэміі Вышаградскай групы “Хвілінка” Ігара Бабкова ды інш.). Выдаюцца літаратурныя часопісы (“Дзеяслоў”, “Макулатура”, “Верасень”). Літаратуры прысвечаныя і online-рэсурсы (“ПрайдзіСвет”, “Літрадыё”, “Пяршак”). У рэгіёнах толькі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” штомесяц ладзіцца каля 30 літаратурных імпрэзаў. Пра мерапрыемствы якія праводзяць у віцебскіх бібліятэках, захоплена расказала Ганна Шашуткіна. Са словаў прысутных, “беларускай літаратуры як такой усяго стае”.
Але калі звярнуцца да вынікаў сацыялагічнага даследавання лабараторыі “Новак”, праведзенага на замову ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, 80% беларусаў не чытаюць на беларускай мове увогуле, а 50 % ніколі не набываюць кнігі ў крамах. Больш за тое: калі параўнаць звесткі з дадзенымі хаця б за 2009 год, лічбы робяцца ўсё больш і больш несуцяшальнымі: колькасць людзей, якія чытаюць на роднай мове, за 5 гадоў скарацілася з 14% да 5%.
У чым падвох?
З аднаго боку, беларуская літаратура, як і культура агулам, жыве ў сумным парадоксе: каб творцу прызналі на радзіме, ён мусіць быць вядомым за мяжой. З’яву гэтую можна лічыць ужо традыцыйнай (згадайма Марка Шагала!).
“Працуе гэта так: спярша пісьменнік робіцца папулярным за мяжой, потым у Мінску, і толькі пасля гэтага, калі пашанцуе, пра яго даведваецца ўся краіна”, – тлумачыць Павал Касцюкевіч на прыкладзе беларускай намінанткі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры Святланы Алексіевіч.
Калі ж казаць менавіта пра беларускамоўную літаратуру, эксперты звяртаюць увагу на іншы аспект: “Не цікавяцца не толькі беларускай літаратурай, але і мовай, – кажа Алесь Замкоўскі. – У гэтым, я лічу, палягае асноўная праблема. Сёння, канечне, да мовы пачалі ставіцца больш лаяльна. Але ўзнікае пэўнае пачуццё абыякавасці. Людзі ёй не цікавяцца, адпаведна, і не цікавяцца тым, што на ёй напісана.”
Пагадзіўся з гэтым і Міраслаў Лазоўскі: “На беларускай мове не размаўляюць, адпаведна, не чытаюць і не набываюць кнігі. Крамы і бібліятэкі не замаўляюць сучасную беларускую літаратуру, а выдаўцы яе не выдаюць. Гэта замкнёнае кола, але з яго ёсць выйсце!”
“У Бога няма іншых рук, акрамя нашых”
Што ж трэба зрабіць, каб беларусы зацікавіліся сваёй літаратурай? Пачалі чытаць і набываць творы сучасных беларускіх пісьменнікаў?
Прарваць замкнёнае кола, на думку ўдзельнікаў дыскусіі, могуць не столькі самі пісьменнікі ці патэнцыйныя “пакупнікі” іх творчасці, колькі тыя асобы, якія з прафесійных абавязкаў мусяць звязваць чытача і аўтара: прадаўцы ў кнігарнях, бібліятэкары, журналісты і культурніцкія менеджары. А таксама кожны з нас! Бо ўсе агучаныя падчас дыскусіі здабыткі сучаснай беларускай літаратуры – імпрэзы, выданні, прэміі і інш. – робяцца рэальнымі выключна дзякуючы грамадскім высілкам. І відавочны эфект дадуць толькі, калі мы пачнем уцягвацца ў працэс і перастанем быць абыякавымі!
Падчас абмеркавання былі прапанаваныя некалькі рэцэптаў папулярызацыі кнігачытання для прафесіяналаў і магчымасцяў уключыцца ў гэты працэс для кожнага з нас.
1. Інфармаваць гараджанаў пра мерапрыемствы
З публічнымі мерапрыемствамі кшталту гэтага ток-шоў кампанія “Будзьма беларусамі!” ездзіць па рэгіёнах ужо трэці год. І складана ўспомніць хаця б адну дыскусію, на якой не ўсплыла б праблема інфармавання людзей пра культурніцкія мерапрыемствы, якія ладзяцца ў іх горадзе. Між тым, рэклама сёння не патрабуе значных сродкаў: у сацыяльных сетках можна бясплатна і наўпрост трапіць на патрэбную вам аўдыторыю. Трэба толькі не ленавацца, а рабіць!
2. Адмыслоўцам варта не саромецца займацца “агрэсіўным культурніцкім маркетынгам”
Мала шанцаў, што сённяшні чытач сам будзе шукаць інфармацыю як пра падзеі, так і пра кнігі ці аўтараў. “Трэба літаральна класці інфармацыю перад вачыма сваёй аўдыторыі”, – сышліся ў меркаваннях Алесь Замкоўскі і Павал Касцюкевіч. Сёння ж сапраўднай рэкламай літаратуры ў краіне не грэбуюць найперш расійскія выдавецтвы, а творы беларускіх аўтараў часта ў нашых жа кнігарнях ляжаць непрывабным стосікам у самым далёкім закутку.
“Агрэсіўны культурніцкі маркетынг заўсёды зробіць сваю справу! – падмацоўвае тэзу Міраслаў Лазоўскі. – І тут гаворка не толькі пра рэкламу ў сацыяльных сетках ці СМІ. З уласнага досведу: калі бібліятэкар ці прадавец натхнёна раіць кнігі, з продажам і зацікаўленасцю творамі сучасных беларускіх літаратараў няма ніякіх праблем!”
3. У рэгіёнах: шанаваць і папулярызаваць сваіх землякоў
“Кнігарні і бібліятэкі – гэта тыя месцы, дзе пісьменнік можа ўбачыць свайго чытача. Віцебск – адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў, які мае сваю літаратурную тусоўку. Карыстайцеся гэтым! – заклікае Павал Касцюкевіч. – Запрашайце пісьменнікаў на прэзентацыі, аўтограф-сесіі і сустрэчы з чытачамі! З досведу працы кнігарні “логвінаЎ”: на (і пасля) прэзентацыі любая кніга прадаецца значна лепей !” Тое, што сустрэчы з чытачамі патрэбныя самім аўтарам, пацвердзіў і прысутны Уладзмір Папковіч, вядомы віцебскі паэт і перакладчык.
Блізкія стасункі чытачоў з літаратурай можна завязваць і праз гарадскія раманы: “Чытачу прыемна і цікава пазнаваць блізкую яму геаграфію”, – прыйшлі да высновы эксперты. (Літаратарам на ўвагу!)
4. Прэзентаваць літаратуру як шоў
Варта адзначыць, што традыцыйныя прэзентацыі і аўтограф-сесіі – не адзіны магчымы фармат літаратурных імпрэзаў. Удзельнікі дыскусіі згадалі “заміксаваны з музыкай” выступ паэта Алеся Плоткі ў віцебскім клубе “Чердачок” і самі пачалі прапаноўваць ідэі па аб’яднанні літаратуры з іншымі жанрамі мастацтва. Не можам таксама не звярнуць увагу на прыклады паспяховых практык у бібліятэчнай справе, якія мы абмяркоўвалі падчас майстар-класа з бібліятэкарамі Горацкага раёна. Досвед актыўных мінскіх бібліятэкарак Вікторыі Хоміч і Вольгі Вок выдатна ілюструе: кніга – гэта цудоўная нагода для камунікацый! Новыя цікавыя фарматы і падыходы шукайце ТУТ.
“У Бога няма іншых рук, акрамя нашых!” – падвёў вынікі эксперт дыскусіі Міраслаў Лазоўскі. Гэтымі словамі хочам натхніць вас і мы! Давайце разам зробім сучасную беларускую літаратуру папулярнай і запатрабаванай! Тым больш што ў 2017 годзе Мінск прэтэндуе на званне Кніжнай сталіцы свету. А гэта гонар і адказнасць не аднаго горада, а ўсёй краіны. Апраўдаем? Час ёсць!
Прэс-служба ГКК “Будзьма беларусамі!”
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч