Уладзіміра Ягоўдзіка звязваюць даўнія сяброўскія стасункі з многімі дзіцячымі бібліятэкамі. У пачатку лістапада ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пісьменнік завітаў на Віцебшчыну.
Першая сустрэча адбылася ў СШ № 1 г. п. Шуміліна. У актавай зале, як кажуць, яблыку не было дзе ўпасці, бо на імпрэзе прысутнічалі больш за сто пяцьдзесят вучняў, а таксама іх настаўнікі.
На тэрыторыі Шумілінскага раёна ляжыць Вялікі камень – самы буйны валун Беларусі. Яго даўжыня – амаль 11 метраў, шырыня – 5,6 метра, а вага – больш за 800 тон. Нездарма гэты волат трапіў у трэці дзесятак каменных гігантаў Еўропы. Пісьменнік расказваў юным сябрам пра хараство і багацце роднай прыроды, напамінаў ім, што трэба клапаціцца пра раслінны і жывёльны свет.
А літаратурнае свята, што адбылося ва Ушацкай сярэдняй школе, было прысвечана народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну, які нарадзіўся тут і пахаваны побач з матуляй. Уладзімір Ягоўдзік згадваў свае сустрэчы з дзядзькам Рыгорам, чытаў яго вершы з кнігі “Індыкала-кдыкала”, якую надзвычай прыгожа аздобіў мастак Мікола Селяшчук.
Падчас размовы госць пераканаўся, што вучні ведаюць і чытаюць сваіх славутых землякоў – Петруся Броўку, Васіля Быкава, Еўдакію Лось, Сяргея Законнікава. Асабліва парадавала тое, што калектыў школы хадайнічае, каб іх установе было нададзена імя Рыгора Барадуліна.